
“А няма нідзе вярнейшых сяброў і прыгажэйшых жанчын”, - пісаў Уладзімір Караткевіч, маючы на ўвазе Беларусь. Пра сяброў узгадаем неяк наступным разам, а сёння наша размова пра жанчын. Думаю, тэзіс аб “прыгажэйшых” даказваць нікому не трэба – дастаткова проста паглядзець навокал. Асабліва прыдзірлівыя могуць з’ездзіць у госці да дзяўчат з іншых краін і вынесці свой сумленны вердыкт. Пры павазе да ўсёй жаночай паловы чалавецтва – бо сёння ж, не будзем забываць, Міжнародны жаночы дзень.
Дарэчы, Клары Цэткін наўрад ці спадабалася б такая факусіроўка на прыгажосці. Яна задумвала гэтае “прафесйінае” свята з зусім іншымі мэтамі. Найперш – для салідарнай барацьбы прадстаўніц слабога полу за свае правы. Хаця б для таго, каб іх перасталі лічыць слабым полам.
Між іншым, шматвекавая гісторыя Беларусі ведала самых розных сапраўдных жанчын – слабых і моцных, ваяўнічых і пяшчотных, прыгожых і разумных. Але кожная пакінула свой след.
Адной з першых на памяць прыходзіць Еўфрасіння Полацкая. Дарэчы, дзяўчына неверагоднай прыгажосці (калі пра гэта можна ўпэўнена казаць праз восем з паловай стагоддзяў пасля апісваемых падзей). Але ж не стала карыстацца гэта прыгажосцю, адмовілася ад шлюбу і пайшла ў манастыр. А неўзабаве стала самай уплывовай жанчынай у княстве. Нашым сучасніцам, напэўна, цяжка ў такое паверыць – бо сёння часцей бывае наадварот. Еўфрасіння рабіла ўсё, каб пазбегнуць узброеных канфліктаў – такі падыход мы, беларусы, шануем і ў 21-ым стагоддзі.
Зрэшты, былі ў гісторыі і больш ваяўнічыя гераіні. Як, напрыклад, графіня, збіральніца фальклору, актрыса Эмілія Плятэр. Падчас паўстання 1830-31-га гадоў яна сабрала баявы атрад (у ім былі пераважна жанчыны) і хутка атрымала званне капітана. Менавіта Эміліі паэт Адам Міцкевіч прысвяціў верш “Смерць палкоўніка”, а ў гісторыю яна ўвайшла як “беларуская Жана д’Арк”.
Або вось вам яшчэ цікавая асоба – княгіня Марыя Магдалена Радзівіл. Нарадзілася ў Варшаве, аднак публічна заявіла, што яна – беларуска. Заўсёды размаўляла па-беларуску. Марыя фінансава падтрымлівала беларускую культуру - ахвяравала сродкі на выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”, на будаўніцтва школ і інтэрнатаў. На яе грошы выдаў свой “Вянок” Максім Багдановіч.
А колькі імён мы яшчэ не ўзгадалі! Рагнеда, Анастасія Слуцкая, Барбара Радзівіл, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Паўліна Мядзёлка, Канстанцыя Буйло, Стэфанія Станюта… Жыццё кожнай з гэтых жанчын заслугоўвае асобнага падрабязнага апісання – дарэчы, у інтэрнэце пра іх шмат цікавай інфармацыі, не пашкадуйце часу, пазнаёмцеся.
Гэта ўжо гісторыя, сёння – іншы час. Але ці сталі іншымі беларускія жанчыны? Думаю, глабальных змяненняў шукаць не варта. Проста ў 21-ым стагоддзі іх якасці і здольнасці праяўляюцца інакш, чым у стагоддзі 11-ым або 16-ым.
Не меншыя гераіні і тыя, хто сёння выхоўвае шмат дзяцей, і тыя, хто аддае ўвесь свой вольны час любімай справе – у школе, лабараторыі, за прылаўкам магазіна і ў дырэктарскім крэсле, у офісе і за рулём аўто.
Дарэчы, калі верыць статыстыкам, партрэт сярэдняй беларускі сёння выглядае так: гэта жанчына 42 з паловай гадоў, жыве ў горадзе, працуе, прычым хутчэй за ўсё настаўнікам (менавіта гэта – самая папулярная жаночая прафесія). Прыемна, што летась амаль 120 тысяч нашых жанчын сталі мамамі, прычым больш за палову з іх нарадзілі другога, трэцяга або наступных дзяцей.
Спецыялісты кажуць: сацыяльны і эканамічны статус беларусак пастаянна расце. Прычым, кажуць гэта не толькі нашы спецыялісты. Ёсць, напрыклад, Даклад аб чалавечым развіцці, дык вось два гады таму Беларусь была сярод 15 краін, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын роўны або нават вышэйшы, чым такі ж паказчык сярод мужчын. Усё больш жанчын на вышэйшых дзяржаўных пасадах, сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў і бізнес-структур. Зрэшты, галоўнае, каб гэта прыносіла ім шчасце, каб яны адчувалі, што рэалізуюць свае мары. Інакш атрымаецца гендэрная роўнасць проста дзеля роўнасці. Прынамсі, усе бізнесвумен, у якіх я браў інтэрв'ю, заўсёды запэўнівалі: сям'я і актыўная праца цалкам сумяшчальныя.
Якая ж яна, сапраўдная жанчына? Напэўна, у кожнага мужчыны знойдзецца свой варыянт адказу на гэтае пытанне. Як і ў кожнай жанчыны. Так, адна мая калега, з якой мы сябруем, калісьці дала такое азначэнне: «сапраўдная жанчына – гэта калі выйшла па хлеб, а купіла туфлі. Калі новая сукенка п'яніць. Калі прыляцела а 6-й раніцы з Тбілісі і праз дзве гадзіны паспела на манікюр. Гэта калі яна без пытанняў дае табе яблык пры сустрэчы на хвіліну ў горадзе (таму што ты прагаладаўся і любіш менавіта такія, чырвоныя яблыкі). Калі тэлефануе з адной фразай "я кахаю цябе" і адключаецца, таму што ты заняты і яна гэта ведае, але вельмі засумавала».
Давайце ж яшчэ раз павіншуем сёння ўсіх сапраўдных жанчын з іх святам! І зробім усё магчымае, каб быць годнымі такога ж звання, толькі ўжо сярод нас, мужчын.