
Вітаю вас!
Вось і настаў кастрычнік. Другі асенні месяц. Для кагосьці – любімая пара года, але камусьці і не падабаецца. Светлавы дзень карацейшы, надвор’е ўсё больш пахмурнае. А тут яшчэ і многія ўсё часцей пачынаюць глядзець на тэрмометр, што за вакном. Навошта? Правільна – чакаюць запаветныя “не вышэй за 8 градусаў на працягу не менш чым пяці дзён”. Тэмпературны рэжым, калі ў кватэрах пачынаюць уключаць ацяпленне. Нават не так – ДАВАЦЬ ацяпленне.
Нядаўна здавалася – вось-вось, яшчэ крыху – і пачнецца ацяпляльны сезон! Але ж не. Зноў пацяплела. Ці то бабіна лета прыйшло, ці то не – пра гэта больш кампетэнтна Дзмітрый Рабаў раскажа. Зрэшты, ужо на гэтым тыдні сіноптыкі зноў абяцаюць пахаладанне. Але ж запаветных 8-мі градусаў у дзённыя часы пакуль на гарызонце не відаць.
І вось усё больш допісаў у сацыяльных сетках у інтэрнеце на агульную тэму “Калі ж уключаць цяпло?!” Дзеляцца адзін з адным – хто як пераносіць халодныя часы. Прызнаюся, хочаш – не хочаш і сам пра гэта задумаешся, калі прачынаешся з халоднымі рукамі або нагамі. Але праблема гэтая – для жыхароў шматпавярховікаў. У тых, хто жыве ва ўласным доме, пра гэта галава не баліць. Праўда, баліць пра шмат што іншае.
І калі хтосьці ім зайздросціць: “вось бы і нам аўтаномную крыніцу ацяплення, павярнуў кранік або яшчэ якую засоўку – і хоць сёння Ташкент!”, значыць, не былі вы ў тых дамах. Бо там часцей за ўсё зусім не Ташкент. А іх гаспадары хутчэй надзенуць лішнюю вопратку, чым дабавяць лішніх градусаў. Камфорт і аўтаномія ў справе ацяплення каштуюць грошай.
Між тым, і аўтаномнае ацяпленне ў кватэрах – не такая ўжо фантастыка. Калі не ў кожнай кватэры, то ў асобна ўзятым шматпавярховым доме – дакладна. Прынамсі, так кажуць вытворцы спецыяльнага абсталявання, тых жа катлоў. У тым ліку беларускія. Магчыма, гэта ўсяго толькі рэклама, але яны запэўніваюць – аўтаномныя сістэмы даюць куды больш таннае цяпло, чым цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне.
Праўда, самі вытворцы прызнаюць – тут ўсё залежыць ад праекціроўшчыкаў жылля. Калі ў некаторых новых будынках хаця б тэарэтычна закладваюць магчымасць аўтаномнага ацяплення на дом або пад’езд, то стары жылы фонд нават не разглядаецца як поле для эксперыменту.
Але давайце будзем шчырымі – нават калі б разглядаўся, што б гэта кардынальна змяніла? Трэба было б набываць новае абсталяванне, а гэта ж грошы жыльцоў – ці ўсе падпішуцца? Ды і ўвогуле проста подпісы “за” ва ўсіх сабраць было б складана – а без гэтага як адмаўляцца ад старога і ўводзіць новае?
Бо няма галоўнага стымула – эканамічнага. Самі камунальшчыкі заўважаюць: тарыфы на цеплаэнергію для жыхароў кватэр застаюцца невысокімі, хоць адпаведны радок у нашых жыроўках – адзін з самых затратных у ацяпляльны сезон. Таму і індывідуальныя прыборы ўліку цяпла ў кватэрах дагэтуль не сталі масавай з’явай. А, напрыклад, сярод тых мінчан, хто іх устанавіў, амаль палова – не карыстаецца. Няма матыву.
Да таго ж, нязручна. Каб у вашым доме ўсталявалі такія лічыльнікі цяпла, патрэбна згода 75-ці працэнтаў жыльцоў. А многія не згодныя! Асабліва тыя, хто любіць па кватэры і зімой ў шортах хадзіць – а раптам давядзецца плаціць больш?! Вось і застаецца ўсё як ёсць.
Праўда, і ад саміх жыльцоў не ўсе залежыць. Пакуль застаецца ў нас такі дзіўны від ацяплення, як радыятары, убудаваныя ў сцены (распаўсюджаная з’ява ў многіх “панэльках”), якія абаграваюць больш вуліцу, чым кватэру, і замяніць якія каштуе вялікага галаўнога болю – пра якую эканомію можна казаць?
Між тым, многія эксперты ўпэўнены: раней ці пазней, але такая спадчына савецкіх часоў, як цэнтралізаванае ацяпленне, застанецца ў гісторыі. І будзе ў нас, маўляў, як у той Еўропе. Што ж, пакуль ніхто адпаведных планаў – нават далёкіх – не агучваў. Але давайце паглядзім на вопыт некаторых краін, магчыма, калі-небудзь будзе карысным. Тым больш, ёсць цікавыя рэчы.
Напрыклад, кожны брытанец абаграваецца “у адзіночку” – няма ў краіне цэнтральнага ацяплення. На дапамогу часта прыходзяць бойлеры. Прычым у спальнях асабліва не топяць – ноччу і пад цёплай коўдрай у піжаме можна сагрэцца. Пайшлі на працу – таксама дом увесь час ухаластую не абаграецца.
Кампаніі, якія пастаўляюць электрычнасць і газ, даюць розныя парады – як не змерзнуць зімой. Ёсць і паўжартаўлівыя – напрыклад, завесці ката. Ён цёплы і не спажывае электраэнергію.
У Японіі сістэма цэнтральнага ацяплення – толькі ў прэфектуры Хакайда, гэта самая халодная частка краіны. У астатніх абаграваюцца або электрычнымі кандыцыянерамі, або іншымі прыладамі на электрычнасці, газе або керасіне. Папулярныя ў Краіне ўзыходзячага сонца спецыяльныя электрычныя дываны – чымсьці падобныя на электрычныя коўдры. У іх можна рэгуляваць тэмпературу, а таксама абаграваць толькі тую частку дывана, на якой вы, напрыклад, сядзіце.
Практычна няма цэнтральнага ацяплення ў класічным разуменні і ў Германіі. Немцам даюць спецыяльныя рэкамендацыі – якая тэмператра павінна быць у памяшканнях. Так, для залы дастаткова 20-ці градусаў цяпла, для ванны – 22 градусы, а ў спальным пакоі хопіць і 16-18-ці. Ноччу некаторыя немцы (як, зрэшты, і іншыя еўрапейцы) карыстаюцца так званымі электрычнымі простынямі – яны ўключаюцца і выключаюцца аўтаматычна. Напэўна, рэч бяспечная, але я б не рызыкнуў!
Дарэчы, а ці ведаеце вы, якая тэмпература павінна быць у беларускіх кватэрах? Ёсць спецыяльныя нарматывы. Гэта 18-24 градусы. Спецыялісты кажуць – менавіта тэмпература ў такім дыяпазоне не выклікае пагаршэння стану здароўя абсалютнай большасці людзей. Найбольш спрыяльная тэмпература – 20-22 градусы. Але тонкі момант: калі ў вас дома +18, больш патрабаваць вы не можаце! Нават калі вельмі хочацца. Бо ў нарматыў укладваецеся. Эксперты запэўніваюць: у асноўным гэта ў кватэрах са старымі вокнамі. Там, дзе шклопакеты, з тэмпературай усё нармальна. Але пра замену і рамонт вокнаў вам лепш раскажа мой калега Валерый Радуцкі ў сваім Радыёблогу.
Я гэта ўсё да чаго – канечне, хацелася б, каб у кожнага з нас дома была чароўная кнопка. Націснулі, і стала цёпла. Хоць сёння, хоць заўтра. Але гэта каштуе грошай. Гэта іншыя нязручнасці, якія трэба вырашаць. А часам – проста немагчыма, пакуль.
У гэтым сэнсе цяперашняя сістэма, у якой ацяпленне нам ДАЮЦЬ, – вельмі простая. Больш за тое, адказнасць за абагрэў жылля ў ёй – на дзяржаве, а не на кожным чалавеку. І толькі адна праблема застаецца – дачакацца тых самых “не больш за +8 на працягу пяці дзён”. Давайце ж набярэмся цярпення і пачакаем. А пакуль будзем сагравацца з дапамогай кавы або гарбаты, ката, коўдры і абдымкаў любімага чалавека...
Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.