
Вялікі розгалас у інтэрнэце атрымала нядаўняя прыкрая гісторыя, што здарылася ў Мінску. Праваахоўнікі былі вымушаны штурмаваць кватэру на пятым паверсе аднаго з дамоў, адкуль да гэтага выкінулі шчанюка таксы. Жывёла загінула. Як высветлілася пасля, у кватэры засядала п'яная кампанія, сабачка зрабіў маленькую мокрую справу проста на падлогу, аднаму з мужчын гэта не спадабалася, і ён выкінуў таксу ў вакно. На мужчыну завялі крымінальную справу, яму пагражае пазбаўленне волі за жорсткае абыходжанне з жывёлай.
А літаральна праз некалькі дзён пасля гэтага стала вядома пра іншы выпадак: у адной з вёсак Валожынскага раёна мужчына ўтапіў у калодзежы сабаку брата сваёй жонкі. Ён, дарэчы, таксама ў той момант быў п'яны – яму падалося, што сабака жадае задушыць гаспадарскую курыцу. Гэты мужчына атрымаў штраф, між іншым, у судзе ён прызнаўся, што ўвогуле не любіць жывёл.
Зразумела, большасць каментарыяў пад гэтымі навінамі былі гнеўнымі. Каментатары прыдумвалі, што можна было б зрабіць з самімі жывадзёрамі, для якіх, маўляў, і штраф, і турма – недастатковае пакаранне. Іншыя пісалі: сёння ён так лёгка сабаку забіў, а заўтра – хто ведае – і чалавека заб'е. А хтосьці прыгадваў: гэта ж далёка не першыя гісторыі. Былі і птушаняты бакланаў, якім адрэзалі дзюбы (абвінавачаны казаў: яны перашкаджалі яму на рыбалцы), і даберман, якога мінчанін забраў з прытулку, а пасля сам адрэзаў яму галаву, і іншыя гісторыі, якія нават прыгадваць не хочацца. Зрэшты, магчыма, таму і з'явіўся новы артыкул у Крымінальным кодэксе. Праўда, некаторыя абаронцы жывёл кажуць: вельмі складана даказаць тое «жорсткае абыходжанне», якое ў ім прапісана.
Але я, калі прачытаў навіну пра выкінутага з кватэры шчанюка, падумаў пра іншае: чаму гэтыя паведамленні выклікаюць у нас менавіта такую негатыўную рэакцыю? Зразумейце правільна: я не толькі не апраўдваю жывадзёраў, а наадварот лічу, што пакаранне іх магло б быць больш жорсткім. І ўсё ж – чаму?
Каб патлумачыць сваю думку, прывяду адзін яскравы вобраз з кнігі псіхолага Мелані Джой. Уявіце, што вы седзіце за багата накрытым сталом. З кухні далятае водар чагосьці вельмі смачнага. Нарэшце вам прыносяць ежу – пікантнае рагу. Вы з'ядаеце некалькі кавалачкаў, атрымліваеце задавальненне сапраўднага гурмана і просіце рэцэпт стравы. Вам адказваюць: ён вельмі просты. Спатрэбяцца два кілаграмы добра марынаванага мяса лабрадора, затым… Стоп, якога лабрадора?! Вы толькі што з'елі сабаку? Можна не сумнявацца: задавальненне імгненна зменіцца на агіду, а кавалак не палезе вам у горла. Але ж праз секунду вам кажуць, што пажартавалі. Канечне, гэта ніякі не лабрадор, а звычайная свініна. І апетыт зноў вяртаецца да вас. Калі не адразу, то праз нейкі час дакладна.
Вось менавіта пра гэта я і задумаўся. Чаму сабака або кошка – гэта не менш як член сям'і, а карова ці свіння – проста ежа? З самага дзяцінства я не раз назіраў за тым, як забівалі курэй – у вёсцы або на дачы, дзе іх трымалі мае бабулі і дзядулі. Шчыра скажу, ніякага шкадавання я пры гэтым не адчуваў, хіба толькі лёгкі жах, калі птушка ўжо без галавы яшчэ некаторы час лётала па двары.
Згаданая псіхолаг Мелані Джой назвала гэтую з'яву «карнізм». Гэта сістэма перакананняў, якая дазваляе нам адначасова лёгка есці свіней, насіць шкуры кароў і любіць сабак. Нам – гэта не ўсяму чалавецтву, а, хутчэй, нашаму грамадству. Бо ў іншых грамадствах, як вядома, тую ж карову лічаць свяшчэннай жывёлай і ніколі не паднімуць на яе руку. А вось сабак могуць есці лёгка.
Шмат яшчэ магу прыгадаць гісторый, якія чуў ад людзей самых розных пакаленняў. Хтосьці – дзеля жарту – у дзяцінстве лавіў і надзімаў праз трубачку суслікаў ва ўкраінскіх стэпах, каб потым яны не маглі трапіць у сваю норку. Хтосьці лавіў кратоў, каб пасля прадаваць іх шкуркі. Хтосьці страляў з рагаткі па вераб'ях. А мы, яшчэ дзецьмі, часам рабілі непрыгожыя рэчы з жабамі, каб праверыць старую прыкмету - ці будзе пасля дождж?
Дык вось, з улікам усяго гэтага я і задумаўся: чаму мы так рэагуем на паведамленні пра жывадзёраў? Мне здаецца, ёсць некалькі прычын. Па-першае, жорсткае абыходжанне з жывёламі ў гэтых выпадках амаль заўсёды нічым не матываванае. Гэта дакладна не самаабарона. Прачытаўшы такія навіны, хочацца спытаць: што ж вам зрабіў гэты сабака? Або гэтая кошка?! Навошта так?
Па-другое, узгадваюцца словы з «Маленькага прынца» Экзюперы: мы адказваем за тых, каго прыручылі. Усё ж такі ёсць розніца: заводзіць курэй для спажывання або заводзіць дома маленькага сябра, які хутка прывязваецца да чалавека. І нават тут не ўсё так проста. Памятаю, як мая бабуля не выходзіла з дому ў тыя дні, калі калолі яе свіней. Казала: не магу не тое што назіраць – нават чуць гэта. Як нажом па сэрцы. Яна ж іх гадавала, некаторым нават мянушкі давала, прывязвалася да іх, хоць і ведала дакладна з першага дня, чым усё скончыцца.
А мне некалькі гадоў таму на дачы трапіўся на вочы крот. Я якраз стаяў з віламі ў руках і ў думках прамільгнула: гэта ж той паршывец, які псуе мой газон! І ўвогуле нямала шкоды прыносіць. Але… рука з віламі так і не паднялася. Бо, як ні круці, гэта значыць забіць жывую істоту. Для сябе тады зразумеў: ідэальнае суіснаванне з прыродай, калі ніхто нікога не чапае, калі «растуць усе кветкі» - у нас наўрад ці атрымаецца. Аднак можна да гэтага хаця б імкнуцца. Каб чалавек заставаўся чалавекам, а не ператвараўся ў жывёлу сам.