
Днямі я пабываў на цікавай сустрэчы ў Оршы. Там сабраліся прарэктары і начальнікі ўпраўленняў большасці беларускіх ВНУ. Тэмы і праблемы яны абмяркоўвалі розныя, а мяне – разам з іншымі – папрасілі расказаць пра сучасныя падыходы да медыякамунікацыі. Калі простымі словамі, як выстройваць адносіны з іншымі і як паводзіць сябе ў прасторы традыцыйных СМІ і ў інтэрнэце. Што лепш не лайкаць, як распазнаваць фэйкавыя паведамленні, калі лепш самому станавіцца «журналістам» і дзяліцца навінамі сваёй арганізацыі ў сетцы і гэтак далей.
Размова атрымалася жывой, было відаць, што многія гэтыя тэмы ў адукацыйнай сферы сапраўды надзённыя. Многія пытанні пакуль без адказаў. Так супала, што якраз у дзень нашай сустрэчы ў інтэрнэце абмяркоўвалі чарговы «скандал». У адным з класаў адной з гомельскіх школ дырэктар быццам бы загадала зняць класную дошку, таму што бацькі, маўляў, не хочуць збіраць грошы на новую. Такая версія гучыць на відэа, якое зняла ў класе нейкая жанчына – відаць па ўсім, маці аднаго з вучняў.
Дырэктар школы з пункту гледжання медыякамунікацыі зрабіла абсалютна правільна – не стала адмаўляцца ад каментарыяў, а аператыўна прадставіла сваю версію падзей. Дошку яна загадала зняць, таму што ўбачыла, што тая небяспечна вісіць, трэба добра прыбіць цвікі. Дошкі не было на месцы некалькі гадзін, і якраз у гэты час было знята відэа. Карацей, сенсацыя, высмактаная з пальца. Калі б «мама-блогер» паспрабавала спачатку разабрацца, проста падысці і спытаць, а не палезла ў кішэню за смартфонам, хутчэй за ўсё і абмяркоўваць не было б чаго.
Гэтая сітуацыя нагадала мне ранейшую гісторыю ў іншай гомельскай школе, дзе таксама відэа, апублікаванае ў інтэрнэце, справакавала скандал. Пераказваць не буду, напэўна, самі добра памятаеце – бо тая гісторыя выйшла аж на ўзровень Прэзідэнта, яму давялося асабіста аднаўляць на працы звольненую настаўніцу. Звольненую за відэазапіс, які відавочна быў абрэзаны, каб прадставіць сітуацыю ў іншым святле. Гэта маё цвёрдае перакананне, і прыйшоў я да яго, калі прачытаў шмат каментарыяў у інтэрнэце, у тым ліку ад дзеючых настаўнікаў. Не ананімных – рэальных, з імем і прозвішчам.
Ды што там інтэрнэт! Я і сам чуў рознае ад сваіх школьных настаўнікаў у адрас аднакласнікаў. Лейтматыў быў такі: «вы тут сабе галовы паразбіваеце, а мяне потым з-за вас пасадзяць». Таму і даводзілася настаўнікам часам ужыць моцнае слова ў выхаваўчых мэтах.
У той сітуацыі важным быў яшчэ адзін акцэнт, пасыл. Памятаеце, як спужаліся мясцовыя чыноўнікі, калі нешта “такое” у сацыяльных сетках размясцілі, а спужаўшыся, звольнілі чалавека.
Чаму гэта важна? Бо чым далей, тым усё больш у інтэрнэце з'яўляецца розных маніпулятыўных відэа. Здавалася б, відэа – ну якія да яго могуць быць пытанні? Проста зафіксаваны факт той ці іншай сітуацыі, які мы бачым на ўласныя вочы.
Але не ўсё так проста. Што рэальна мы бачым? Толькі тое, што нам хочуць паказаць. Калі мы самі не былі на месцы падзей (а звычайна так яно і ёсць), то адкуль нам ведаць, як яно насамрэч было? Што адбывалася за хвіліну да пачатку відэароліка? Што было праз пяць хвілін пасля таго, як камеру выключылі? Тут мы можам толькі верыць ці не верыць таму, хто размясціў запіс. Або спадзявацца, што ёсць іншае відэа, больш поўнае, якое выб'е глебу з-пад ног маніпулятара. Але такое здараецца рэдка. І шчыра кажучы, вельмі не хацелася б, каб мы прыйшлі да таго, што без перапынку здымаем усё і ўсіх навокал! Зрэшты, аматары серыялу «Чорнае люстэрка» сказалі б, што магчымы іншыя варыянты вырашэння праблемы (напрыклад, імплантаваны чып з памяццю, які запісвае ўсё, што мы бачым).
Вось таму і важна, каб у людзей, грамадства была прышчэпка ад такіх маніпулятыўных відэа, ад фэйкавых ролікаў. Гэта калі ўбачыў і думаеш: «ну размясцілі там штосьці ў інтэрнэце, і што з таго? Можа, так яно было, а можа, і не так. Я не ведаю. Трэба разбірацца». І пакуль не разабраўся – лепш нікога не звальняць, не выказваць прэтэнзіі, не выкрэсліваць са спісу сяброў, не выганяць з дому і гэтак далей і гэтак далей. Бо сітуацый, нават бытавых, можа быць процьма. Калі паверылі таму, што ўбачылі (пачулі, прачыталі) у інтэрнэце, і зрабілі памылку.
Дарэчы, яшчэ адна нядаўняя гарачая гісторыя – з вадзіцелем мінскага аўтобуса, які паказаў фігу пасажыру, – прадэманстравала: прышчэпка пачынае дзейнічаць. Большасць інтэрнэт-каментатараў стала на бок вадзіцеля. А хлопцу-пасажыру, які размясціў «скандальнае» відэа, многія параілі не займацца глупствам і не шукаць сабе папулярнасці на пустым месцы. Вось такім каментатарам – лайк!