
Рэйтынг або праўда? Дылема, перад якой апошнім часам аказваюцца многія мае калегі – журналісты, прычым незалежна ад таго, у якой краіне працуюць. Перад такім жа выбарам урэшце аказваюцца іх чытачы, слухачы і гледачы – спажыўцы інфармацыі. Канечне, праблема абвастрылася ў эпоху інтэрнэт-тэхналогій, бо сёння менавіта ў глабальнай сетцы часцей за ўсё ідзе барацьба не на жыццё, а на смерць паміж канкурэнтнымі сродкамі масавай інфармацыі. Барацьба за ўвагу канкрэтнага чалавека – чым больш такіх людзей назбіраецца, тым больш грошай ад рэкламы можна атрымаць (зразумела, сувязь не настолькі прамая, і тым не менш). Таму рэйтынг – гэта грошы, а праўда… Праўда – хутчэй, маральны дывідэнд, яго вельмі цяжка манетызаваць, кажучы цяперашнімі паняццямі.
Сацыёлаг і журналістка Анжэль Крысцін лічыць, што работа сучасных журналістаў усё больш ператвараецца ў «журналістыку клікаў» - пагоню за колькасцю праглядаў матэрыялу ў інтэрнэце. Чым больш людзей клікнула – націснула «пачытаць», «паглядзець», «паслухаць», - тым лепш. Вось толькі гэта адмоўна адбіваецца на якасці журналісцкіх матэрыялаў.
Сацыёлаг параўнала спецыфіку работы журналіста навін у эпоху да інтэрнэту і ў сучасную лічбавую эпоху. Яе выснова: раней людзі пісалі адзін для аднаго. Цяпер усё часцей пішуць для пошукавых робатаў, розных аналітычных сістэм ацэнкі тэксту і статыстычных онлайн-сэрвісаў. Таму ўсё часцей ў СМІ з'яўляюцца «жоўтыя» матэрыялы, цынізм і нават правакацыі – бо гэта цудоўна прываблівае аўдыторыю. Пра фэйкі – фальшывыя навіны – тут нават не буду ўзгадваць, ужо колькі разоў звярталіся да тэмы! Зрэшты, колькі не кажы – а менш іх не становіцца. Дакладнае азначэнне даў кіраўнік вядомай карпарацыі Apple Цім Кук: фэйкавыя навіны «забіваюць розум людзей». Але ж, як па мне, то гэта праблемы саміх гэтых людзей – калі настолькі даверлівыя, калі гатовы спажываць інфармацыйнае смецце, то навошта потым скардзіцца, што іх не папярэджвалі?
Самае смешнае ў тым, што пагоня за колькасцю клікаў часам увогуле не мае ніякага сэнсу. Даўно не сакрэт, што за многімі лічбамі тых, хто нібыта прачытаў або праглядзеў матэрыял, стаяць не жывыя людзі, а так званыя боты. Што на некаторых папулярных сэрвісах можна «накручваць» колькасць праглядаў (канкрэтныя факты па гэтай спасылцы https://themedia.center/2016/11/14/techdirt-trafik-falshivka-ohvat-musor-i-nikto-ne-znaet-skolko-chelovek-chto-prosmotrelo/). І ў выніку пагоня за такімі мёртвымі душамі рэзка зніжае якасць работы журналістаў, кідае цень на ўсю нашу прафесію.
Але вы можаце падумаць: гэта ж унутрыпрафесійныя праблемы, якая розніца чытачу або гледачу? А розніца такая, што сёння інфармацыя аказвае ўсё большы ўплыў на грамадства. Прэса не толькі фіксуе падзеі – часам яна аказвае ўплыў і на лідараў краін, якія таксама ўключаны ў інфармацыйныя патокі. А гэтыя людзі ў сваю чаргу прымаюць рашэнні, што ўплываюць на развіццё цэлых краін. Гэта ўжо лёс тысяч і нават мільёнаў чалавек. І часам складана разабрацца: што ў прадстаўленай журналістамі інфармацыі праўда, а што выдумка? Так што адказнасць нашых калег за публічнае слова сёння шматкроць павялічылася.
Пра гэта днямі ішла размова і ў Мінску падчас 19-га Сусветнага кангрэса рускай прэсы. Яго ўдзельнікі прыйшлі да высновы: прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць людзей са сферы масмедыя сёння набываюць каласальнае значэнне. Асабліва ва ўмовах, калі ў якасці масмедыя можа выступіць любы чалавек са смартфонам у руках і выхадам у інтэрнэт. Беларускі Прэзідэнт, выступаючы на форуме, нават заклікаў прадстаўнікоў СМІ – не захапляцца празмерна сучаснымі трэндамі, заставацца ў традыцыйнай, фундаментальнай журналістыцы.
У гэтым сэнсе паказальныя вынікі нядаўняга даследавання вядомай структуры – Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ). Як аказалася, большасць расіян не давяраюць блогерам, аддаючы перавагу атрыманню інфармацыі з традыцыйных СМІ. Згодна з вынікамі апытання, больш за палову грамадзян Расіі (67%) не цікавяцца ні запісамі блогераў у сацыяльных сетках, ні відэаролікамі на папулярных YouTube-каналах. Кожны чацвёрты расіянін увогуле не разумее, у чым сэнс гэтага слова і гэтай дзейнасці - «блогер»? Ад сябе дадам: часам здаецца, што і далёка не ўсе беларусы, якія самі сябе называюць блогерамі, дакладна разумеюць, чым яны займаюцца. Ну, проста слова моднае. Дарэчы, вынікі расійскага апытання не надта адрозніваюцца ад заходніх тэндэнцый. Там блогерам таксама давяраюць усё менш, бо ўсё часцей сутыкаюцца з тым, што напісаная імі інфармацыя – схаваная рэклама.
Зрэшты, нічога надзвычайнага ў гэтай дзейнасці няма – мы ж з калегамі таксама вядзём «Радыёблогі». Гэта проста новая форма данясення традыцыйнага зместу. Галоўнае, каб змест увогуле быў. А ўсе навамодныя «фішкі» - застануцца ў мінулым разам з іх быццам бы мільённымі праглядамі. Хутчэй, чым некаторыя ўяўляюць.
Цікавы вобраз прывёў днямі галоўны рэдактар расійскага выдання Lenta.ru Аляксандр Беланоўскі. Блогер – гэта чалавек, які робіць эксклюзіўны змест, калі гэтага пажадае, можа два разы на тыдзень, а можа і раз на месяц. Таму гэта як маленькая пякарня, што робіць смачныя пірожныя. Але пірожныя вы будзеце есці рэдка, а вось хлеб вам патрэбны заўсёды. А хлеб выпякаюць традыцыйныя СМІ. Ад сябе дадам – галоўнае, каб яны гэта рабілі прафесійна і з пачуццём адказнасці перад спажыўцамі.