Падзяліцца:
Розгалас. Саджайце дрэвы! (або Адкуль пайшлі «тры правілы сапраўднага мужчыны»). Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
16 красавіка 2019
Розгалас. Саджайце дрэвы! (або Адкуль пайшлі «тры правілы сапраўднага мужчыны»). Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Памятаеце вядомую фразу, якую многія любяць паўтараць, - пра тры рэчы, якія быццам бы павінен зрабіць у жыцці сапраўдны мужчына? Пасадзіць дрэва, пабудаваць дом, вырасціць сына. Пагадзіцеся, правілы вельмі спрэчныя, і ўвогуле шмат пытанняў да гэтай фразы – а што, напрыклад, калі замест сына дачка нарадзілася? Атрымліваецца, мужчына несапраўдны? Дарэчы, ёсць вельмі цікавая версія, адкуль маглі нарадзіцца гэтыя правілы – але пра яе раскажу ў самым канцы радыёблога. А прыгадаў я гэтую фразу, таму што якраз у гэтыя дні любы мужчына (як, дарэчы, і жанчына, і нават дзіця) могуць зрабіць карысную справу – пасадзіць дрэва. Пакінуць такім чынам свой след на зямлі. У нашай краіне ўжо 12-ты раз праходзіць акцыя «Тыдзень лесу» пад цудоўным слоганам «Пасадзі сваё дрэва». Сёлета зялёны тыдзень прымеркавалі да 75-цігоддзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Што трэба для таго, каб прыняць удзел у акцыі? Па вялікім рахунку, толькі ваша жаданне. А таксама — не паленавацца прыехаць у бліжэйшы лясгас або лясніцтва, дзе вам дадуць увесь неабходны інвентар і саджанцы, а таксама падкажуць, дзе лепш за ўсё высадзіць новыя дрэвы. Напярэдадні, карыстаючыся журналісцкай магчымасцю, я далучыўся да людзей, якія саджалі лес у Стаўбцоўскім раёне. Даведаўся, што для гэтага ёсць спецыяльнае прыстасаванне – «паціпуткі» (або «паціпутка»), – пасадачная труба з адмысловым механізмам. А не рыдлёўка, як мог бы падумаць чалавек, далёкі ад лясной гаспадаркі (насамрэч так і падумаў). А першае ў сваім жыцці дрэва я пасадзіў разам з бабуляй і дзядулям на дачы. Але не на іх участку – а ўздоўж дарогі, што вяла да садовага таварыства. Памятаю, у той пахмурны і халаднаваты дзень цэлай дачнай грамадой высадзілі некалькі дзясяткаў дрэў. З таго часу мінула каля трыццаці гадоў. Аднаго толькі шкада: сёння, калі праязджаю міма, не магу знайсці «сваё» дрэва! Разумею, што адна з гэтых невялічкіх асінак або бяроз – мая, а якая дакладна, ніхто ўжо не адкажа. Прыкладна з гэтым часам звязаны яшчэ два ўспаміны. Мы з дзядулем на веласіпедах едзем з дачы ў суседнюю вёску, у прадуктовы магазін. Дарэчы, па той самай дарозе, толькі далей. Паабапал яе – саджанцы новых дрэў, меншыя за наш рост. І вось, праз некалькі дзесяцігоддзяў, праязджаючы там ужо на машыне, прыгадваем: памятаеш тыя саджанцы? А сёння на іх месцы – цэлая алея высачэзных, метраў пад дваццаць, прыгожых дрэў! Літаральна сцяна – а калісьці голае поле вакол было. Цяжка паверыць, калі б сам не бачыў. Але памяць і сёння вяртае да тых дзіцячых успамінаў, калі праязджаю праз алею. А калі машыны яшчэ не было, дабіраліся на дачу электрычкай. І дзесьці ў раёне Мачулішчаў (калі не блытаю) быў невялікі ўчастак дарогі, які я кожны раз праводзіў, літаральна «заліпаючы» у вакно злева па ходзе руху. Уражвала карцінка: вялікае ўзаранае поле, а ледзь не на самым гарызонце, на пагорку – два доўгія дрэвы з аб'ёмнымі зялёнымі «шапкамі» наверсе. Да іх было так далёка, што на адлегласці здавалася: з аднаго кораня растуць. І вось хутка ж цягнік едзе – а яны так павольна праплываюць перад вачыма. Памятаю, ужо тады я думаў: гэта ж як паважаюць дрэвы, што ўсё навокал узаранае – чорная зямля, ні сцяблінкі, здаецца, ні кусціка, – а гэтыя два веліканы стаяць некранутыя проста пасярод поля. Пазней давялося сустракаць асаблівыя дрэвы падчас журналісцкіх камандзіровак па Беларусі. Зразумела, гэта дуб-волат у Белавежскай пушчы. Кажуць, яму каля 600 гадоў. А ў парку вакол палаца Румянцавых-Паскевічаў, што ў Гомелі, нам паказалі дрэва, якое быццам бы дае здароўе і жыццёвую энергію – для гэтага трэба прыхінуцца да яго спінай і паспрабаваць абхапіць рукамі. Памятаю, як пачуўшы гэта, да дрэва пабеглі літаральна ўсе з нашай групы – і юныя калегі-журналісткі, і сур'ёзныя мужчыны ва ўзросце. Думаю, гэта яшчэ і генетычная памяць. Беларусы заўсёды шанавалі дрэвы. Доказам таму і шматлікія назвы населеных пунктаў, так ці інакш звязаныя з дрэвамі, з лясамі, барамі і гаямі. Баравое, Барань, Баркі, Высокі Бор, Залессе, Лясны, Дуброва, Бярозавы Гай, Беразнякі, Гайкі, Зялёны Сад, Ельнікі, Альшанікі, Ольса, Дубнякі, Хвойнікі – сотні і сотні назваў! А яшчэ, кажуць, было ў нашых далёкіх продкаў павер'е, што ў дрэве магла пасяліцца чалавечая душа. І ў такім разе дрэва магло хадзіць, размаўляць і нават ператварацца ў чалавека. Ажно да 20-га стагоддзя часам сустракалася абрадавае кармленне дрэў – калі ім прыносілі хлеб-соль, а на галінкі вешалі ручнікі. Павер'і павер'ямі, але і сёння – у эпоху лічбавых тэхналогій – дрэвы выклікаюць асаблівыя пачуцці. Найперш старыя дрэвы. Калі ты разумееш, што яно стаіць на гэтым месцы ўжо шмат дзесяцігоддзяў. Колькі людзей яно бачыла да цябе і колькі яшчэ ўбачыць пасля цябе! Жывы сведка гісторыі. Прычым менавіта жывы – у адрозненне, напрыклад, ад халодных каменных замкаў. Няма, здаецца, у дрэва ні мозгу, ні сэрца, ні крыві – а жыве: кожную восень скідвае лісце, а кожную вясну зноў становіцца зялёным. А разам з ім жыве і памяць пра таго, хто гэтае дрэва пасадзіў. Зрэшты, абяцаў жа агучыць версію – адкуль маглі з'явіцца тыя самыя тры правілы сапраўднага мужчыны, аўтарства якіх ніяк не могуць вызначыць. Версію прачытаў у інтэрнэце – так што, як кажуць, за што купіў, за тое і прадаю. Аказваецца, вельмі падобнае выслоўе ёсць у старажытным Талмудзе і гучыць яно так: «Чалавек павінен спачатку пабудаваць дом і пасадзіць вінаграднік, а пасля ажаніцца». Як бачым, сэнс крыху іншы: спачатку дасягні пэўных умоў у жыцці, а пасля стварай сям'ю. І ніякіх «сапраўдных мужчын» і «сыноў». Як бы там ні было, але з усяго гэтага мы можам вывесці ўніверсальныя правілы: самааддана займайцеся карыснай і любімай справай, і яна прынясе вам прыбытак, на які можна пабудаваць жыллё. Рабіце прастору вакол сябе больш прыгожай і ўтульнай, - саджайце дрэвы, захоўвайце чысціню, трымайце ў парадку сваю малую радзіму, - і прыгожай будзе ўся краіна. Нарэшце – перадавайце ўсе гэтыя навыкі і веды наступным пакаленням.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: