Падзяліцца:
Розгалас. Сапраўдная мужчынская работа. Радыёблог Максіма Угляніцы
14 Жніўня 2017
Розгалас. Сапраўдная мужчынская работа. Радыёблог Максіма Угляніцы Апошнія дні ў Беларусі выдаліся вельмі спякотнымі. Многія скарысталіся гэтым, каб адпачыць за горадам – усё ж такі сярэдзіна жніўня, хто ведае, ці будзе яшчэ такая магчымасць летам-2017? У сацыяльных сетках у гэтыя дні – процьма сэлфі і іншых фота з вадаёмаў, аквапаркаў, дачных газонаў і агратурыстычных сядзіб. Зрэшты, камусьці і выязджаць нікуды не трэба – хапае гарадскіх паркаў, каб пазагараць і адпачыць. Між тым, зусім побач з намі ёсць людзі, якім у гэтыя дні абсалютна не да адпачынку. Я маю на ўвазе хлебаробаў, перш за ўсё – тых, хто з ранку да ранку праводзіць за рулём камбайнаў. На гэтую тэму складана пісаць, каб не збіцца да журналісцкіх штампаў. Можна, вядома, казаць пра бітвы за ўраджай, караблі палёў, герояў жніва і гэтак далей. Але такі высокі стыль наўрад ці перадасць усю сутнасць цяжкай работы камбайнераў ды ім самім наўрад ці спадабаецца. Зрэшты, ад гэтага іх праца менш гераічнай не становіцца, і таксама было б няправільна зводзіць яе да банальнага: ну што тут такога? Проста адна з прафесій! Каб адчуць «што тут такога», я б параіў проста выехаць у поле і паназіраць за іх работай. Сам я (з прафесійнымі мэтамі) зрабіў гэта ў мінулую пятніцу. У той дзень слупок тэрмометра, здаецца, так і не дацягнуў да адзнакі +30, але ж на поле было адчуванне, што ўсе +35! Сонца ў зеніце, спякота, пыл ад камбайну, слабенькі вецер – ужо праз некалькі гадзін мне здалося, што мозг пачынае плавіцца. Але побач ні на хвіліну не спынялася работа. Пад тым самым сонцам, у тых самых умовах дзелавіта рухаліся па полі аграном і кіраўнік гаспадаркі. Не кажучы пра саміх камбайнераў, якія – толькі адвернешся на хвіліну! - ужо знікалі за даляглядам. А кіраўнік раёна каменціраваў: «Гэта яшчэ што! Праз 10 хвілін назад вернецца. А вось у Казахстане, адкуль я родам, бывала, выедзе так раніцай у адзін бок, а назад толькі да вечару вяртаецца – настолькі вялікія палеткі, як мора, вокам не ахапіць». Але мне гэта ўжо здавалася фантастыкай. Там, на полі, я зразумеў: вось яна, сапраўдная мужчынская работа. Ад світанку і да заходу, практычна ў любое надвор'е, каб убраць хлеб у тэрмін. А хлеб – гэта ж не толькі той хлеб, што ў магазінах. Гэта і малочныя прадукты, і мяса і яшчэ шмат чаго. Напэўна, некаторыя нават не задумваюцца, калі ядуць гэтыя прадукты, каму яны павінны сказаць «дзякуй». Так, яшчэ раз заўважу, усе прафесіі важныя. І многія прафесіі цяжкія. Але, каб зразумець, што такое ўбіраць ураджай – проста выбераце дзень паспякотней і адпраўляйцеся на поле, паназіраць. Паверце, яшчэ больш павагі з'явіцца да людзей справы. Зрэшты, такіх людзей шмат у сельскай гаспадарцы, і не толькі хлебаробаў. Хапае сярод іх і прыватных гаспадароў. Зноў жа ў пятніцу давялося пазнаёміцца з такой сямейнай парай, ужо каля 15-ці гадоў яны разводзяць коз. Сапраўдныя людзі справы. Нядаўна падгледзелі ў Амерыцы ідэю: зрабіць кукурузны лабірынт. Прычым у форме карты Беларусі. Прайшоўся я па тым лабірынце, хоць ён яшчэ не даведзены да ладу – там, дзе кукуруза галавы на дзве вышэй за цябе, часам становіцца няёмка: а раптам выйсця не знойдзеш? Дарэчы, падобныя лабірынты з «царыцы палёў», як казалі раней, ёсць і ў суседніх Літве і Украіне. Між тым, гаспадыня ў размове паскардзілася: вось ёсць жа ў нас такія людзі, якім усё не так! Лабірынт яшчэ не адкрылі, яны яшчэ не пабывалі на ім (і не факт, што ўвогуле даедуць), а ўжо крытыкуюць, розныя недарэчныя жарцікі ў інтэрнэце пішуць. Крытыкуюць – гэта вельмі мякка сказана, жанчына ўжыла куды больш народнае слоўца. Ад сябе дадам: часам такія ж інтэрнэт-жартаўнікі насамрэч смешна і недарэчна выглядаюць самі, бо сапраўднае жыццё адбываецца побач з імі і часам праходзіць міма іх. Дарэчы, ужо заўтра мы паспрабуем паказаць, перадаць вам хаця б часткова гэтае сапраўднае жыццё і сапраўдную мужчынскую работу. У аўторак Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правядзе ўвесь дзень на жніве – з самай раніцы і да позняга вечара, кожную гадзіну, у прамым эфіры мы будзем расказваць, як ідзе ўборачная на прыкладзе адной з беларускіх гаспадарак. Далучайцеся да нашага праекта «Жніво. ONLINE» ужо а пятай раніцы і я ўпэўнены: вы таксама адчуеце яшчэ больш павагі да людзей справы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: