Падзяліцца:
"Розгалас. Шосты акіян". Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
10 верасня 2018
"Розгалас. Шосты акіян". Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) "Мы ўступаем у новую касмічную эпоху, мы стаім на парозе новай эры: каланізацыя іншых планет чалавекам - гэта ўжо не навуковая фантастыка, гэта можа стаць навуковым фактам". Гэта цытата аднаго з выступленняў сусветна вядомага навукоўцы Стывена Хокінга, які ў гэтым годзе, на жаль, пакінуў наш свет. А прыгадаў яе я ў сувязі з маштабным Касмічным кангрэсам, які ў гэтыя дні прымае Мінск. Тэма кангрэса гучыць салідна: "Мы ствараем касмічную будучыню". Не менш саліднае і прадстаўніцтва - каля 90 касманаўтаў амаль з 20-ці краін. Некаторыя з іх сёлета вярнуліся з арбіты. Асабіста мне было б вельмі цікава паглядзець на людзей, якія не тое каб дакраналіся да зорак - але, безумоўна, былі да іх бліжэй, чым абсалютная большасць з нас, простых зямлян. Зрэшты, у аднаго касманаўта я ўсё ж браў інтэрв'ю - гэта трэці па ліку "наш чалавек у космасе" Алег Навіцкі. Беларусь абсалютна па праве прымае міжнародны касмічны кангрэс не толькі дзякуючы сваім касманаўтам (сёння прозвішчы Клімук-Кавалёнак-Навіцкі, спадзяюся, ведае кожны школьнік). Насамрэч наша краіна рабіла і робіць уклад у асваенне космасу і людзьмі, і ведамі, і тэхналогіямі. Дарэчы, пра людзей. Хто б растлумачыў, чаму сярод знакавых фігур, прынамсі, савецкай касманаўтыкі столькі ўраджэнцаў Случчыны? Мясціны там нейкія касмічныя ці што? Гэта і вядомы ўжо сёння ўраджэнец Слуцка Сямён Косберг, які сканструяваў рухавік трэцяй ступені ракеты "Усход", што вывела ў космас Юрыя Гагарына. І знакаміты астраном, кіраўнік абсерваторыі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта яшчэ дасавецкіх часоў Вітольд Цэраскі. І два генералы, якія з розніцай у 25 гадоў кіравалі касмадромам Байканур, - Канстанцін Герчык і Юрый Жукаў. Гэта людзі. Што да нашага ўкладу ведамі і тэхналогіямі… Так, у Беларусі ніколі не было свайго касмадрому і ўласных касмічных ракет. Затое нашы суайчыннікі рабілі шмат рознай, у тым ліку унікальнай, апаратуры і для касмадромаў, і для касмічных апаратаў. Кажучы прасцей, - тое, без чаго ніводная ракета, нават самая прыгожая, проста не паляціць. Ладзілі розныя эксперыменты – напрыклад, мадэліравалі сітуацыі, што ўзнікаюць пры ўваходзе касмічнага апарата ў атмасферу. Увогуле ў савецкай касмічнай праграме на беларусах была вынаходніцкая місія. Нашы спецыялісты распрацавалі некалькі найважнейшых тэхнічных навінак таго часу - напрыклад, сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Яны ж удзельнічалі ў стварэнні самых складаных оптаэлектронных і радыётэхнічных сістэм вымярэнняў. Абшыўка некаторых касмічных караблёў да гэтага часу ствараецца на аснове тэхналогій, распрацаваных навукоўцамі беларускага Інстытута цепла- і масаабмену. Важна, што на савецкім перыядзе нашы дасягненні не завяршыліся. Канечне, адразу з распадам Савецкага Саюза касмічная галіна апынулася ў заняпадзе – у тыя часы, мякка кажучы, было не да космасу. Выжыць бы! Але засталіся тэхналогіі і, галоўнае, многія спецыялісты. Дзяржава іх падтрымала, савецкая школа атрымала развіццё, і гэта дало вынік, няхай і не адразу. У 2012-ым з запускам уласнага спадарожніка Беларусь увайшла ў клуб касмічных дзяржаў. А праз год нашу краіну прынялі ў Камітэт ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах. Так што правядзенне ў Беларусі касмічнага кангрэса – рэч абсалютна заканамерная, дарэчы, за нашу кандыдатуру прагаласавалі адзінагалосна (а былі ж яшчэ сярод прэтэндэнтаў Украіна, Літва і Італія). Напэўна, на кангрэсе будзе абмяркоўвацца шмат тэм, якія нам, людзям дастаткова далёкім ад космасу, падаліся б фантастычнымі. Але, як па мне, то і сам космас – суцэльная фантастыка. Нездарма яго часам яшчэ называюць «шостым акіянам» - толькі гэты акіян дакладна без берагоў (прынамсі, у межах звычайнага чалавечага ўяўлення). Прызнаюся, асабіста мне часам становіцца дастаткова жудасна, калі пачынаю раздумваць на тэму: як гэта мы, такая вялікая планета і яе больш чым сем з паловай мільярдаў насельнікаў – насамрэч дробная пясчынка ў маштабах сусвету. Якая круціцца вакол Сонца ў бязмежным чорным акіяне космасу па нейкіх сваіх законах. І хто з вучоных можа гарантаваць, што ў наступную секунду не адбудзецца штосьці такое, чаго мы нават апісаць пакуль не можам, і наша пясчынка-Зямля не знікне ўвогуле? Дарэчы, ужо згаданы мной прафесар Стывен Хокінг лічыў, што наша планета можа загінуць не толькі ад нейкага астэроіда з космасу (вучоны казаў пра гэта так: сутыкненне – не фантастыка, а проста пытанне часу, яго нам гарантуюць законы верагоднасці і фізікі). Гэта можа здарыцца і па цалкам зямных прычынах – ад перанаселенасці або кліматычных змяненняў, напрыклад. Таму, быў перакананы Хокінг, чалавецтва павінна як мага хутчэй пакідаць Зямлю і перасяляцца. Для пачатку хаця б ствараць калоніі на Месяцы і на Марсе, і гэта пытанне бліжэйшых 30-50 гадоў. Калі ж глядзець далей – за межы Сонечнай сістэмы, - то ўжо нават там вучоныя прыгледзелі планету, знешне прыдатную для жыцця людзей. Яе назвалі Проксіма Б. А тут яшчэ і многія эксперты ўжо на поўным сур'ёзе абмяркоўваюць прамысловае асваенне астэроідаў вакол Зямлі. Канечне, для здабычы карысных выкапняў – золата, металаў плацінавай групы, нікелю і жалеза. Ёсць нават такія разлікі: астэроід сярэдніх памераў (каля паўтара кіламетра ў дыяметры) можа ўтрымліваць металаў на трыльёны долараў. Праўда, няма адказу на важнае пытанне: каму належаць касмічныя рэсурсы і як іх падзяліць? Што рабіць, нават асваенне космасу пакуль не столькі рамантычная, колькі прагматычная справа.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: