
Памятаеце вядомы галівудскі фільм «Шоу Трумана» з комікам Джымам Кэры ў галоўнай ролі? Зрэшты, якраз у гэтай стужцы амаль нічога камічнага, некаторыя нават называюць яе трагедыяй. Калі хто забыў, сюжэт такі: звычайны чалавек па імені Труман жыве звычайным жыццём у звычайным гарадку. Але не ведае (да пэўнага моманту), што з самага нараджэння за кожным яго крокам сочаць шматлікія схаваныя камеры, сам гарадок – гэта ўзведзеныя дэкарацыі, а ўсе жыхары навокал – акцёры. Карацей, гэты чалавек аказваецца галоўным героем у шматгадовым кругласутачным рэаліці-шоў, якое глядзяць мільёны – праўда, ніхто не спытаў, ці згодны ён на такое.
Нічога не нагадвае? Мне здаецца, амаль кожны з нас чым далей, тым усё болей становіцца героем такога «Шоу Трумана». Прычым у розных сэнсах. І калі глабальныя тэхналагічныя платформы збіраюць пра нас любую асабістую інфармацыю, аж да дробязяў – але гэта збольшага робіцца без нашай згоды (асабліва калі мы, не задумваючыся, націскаем кнопку «Згодны» пад тым ці іншым пагадненнем). І калі мы самі паказваем усе падрабязнасці свайго жыцця – публікуючы фота і відэа ў сацыяльных сетках. А вось тут ужо ўсё абсалютна добраахвотна! Некаторыя пачынаюць ледзь не кожны свой крок здымаць або рабіць так званыя стрымы – прамыя відэтрансляцыі таго, што адбываецца ў іх жыцці. Чым не «Шоу Трумана»?
Задумаўся я пра гэта па некалькіх прычынах, якія дзіўным чынам супалі. Спачатку знайшоў свой дзённік з запісамі пачатку 2000-х, а сярод іх – такі ўспамін. Аказваецца, яшчэ калі я вучыўся ў школе, часта паўтаралася сітуацыя: заходжу дома ў ванны пакой (зубы пачысціць або пагаліць першыя валасінкі над губой), а самому здаецца, што за мной у гэты момант хтосьці назірае. Прычым часцей за ўсё ўяўляў, што гэта хтосьці з маіх аднакласнікаў разам з настаўнікамі. І мог нават спецыяльна для іх састроіць нейкую грымасу ў люстэрка – маўляў, не падглядвайце! Пры гэтым я цудоўна разумеў: ніхто не падглядвае, гэта толькі фантазія ў галаве.
Шчыра кажучы, скажы мне хто-небудзь пра гэта зараз, я б проста пакруціў пальцам ля скроні: не прыдумвайце ўсякую лухту! Але не верыць самому сабе, сваім запісам я таксама не магу. Значыць, сапраўды было, проста забыў з часам. Што ж, можна жартам лічыць, што ўжо тады, гадоў 25 таму, я прадбачыў канец прыватнасці і наступленне новай эпохі – усеагульнай адкрытасці і публічнасці.
А вось вам і чарговая навіна з гэтай эпохі (і яшчэ адна прычына, па якой узгадалася стужка «Шоу Трумана»). У японскім горадзе Фукуока адзін з атэляў зрабіў прапанову, ад якой цяжка адмовіцца: застацца ў нумары на ноч можна ўсяго за адзін долар. У чым падвох? Госць павінен выканаць умову: весці прамую трансляцыю ў інтэрнэце ўвесь час свайго знаходжання.
Як паведамляе тэлеканал CNN, пэўныя абмежаванні ёсць. Так, гэта будзе толькі відэатрансляцыя, без гуку, таму, напрыклад, тайна тэлефонных перамоў захаваецца. Госці могуць выключаць святло ў нумары, калі пажадаюць. А відэакамеры не працуюць у ванным пакоі і прыбіральні. Гаспадар атэля заўважае: «Цяперашняя моладзь не клапоціцца пра асабістае жыццё. Некаторыя з іх кажуць: гэта нармальна, калі за намі паназіраюць усяго адзін дзень».
Дарэчы, а як жа з прыбыткам – калі нумар каштуе долар? Разлік у гаспадара атэля на спецыяльны Yotube-канал, куды ён выкладвае запісы онлайн-трансляцый. Калі набярэцца больш за 4 тысячы гадзін прагляду, можна будзе размяшчаць там рэкламу і атрымліваць грошы. Штосьці мне падказвае, што прагляды гэтыя набяруцца, і даволі хутка. Думаю, яшчэ з часоў расійскага тэлешоў «За шклом» ні ў каго не ўзнікае пытання «Ды хто гэта будзе глядзець?!» Ужо тады, у самым пачатку 2000-х, адказам на яго сталі мільённыя наведванні сайта праекта. А адно з выданняў выйшла тады з афарыстычным загалоўкам: «Нуднае відовішча, ад якога немагчыма адарвацца».
Сапраўды, з кожным годам жыццё навокал нас становіцца ўсё больш адкрытым. Усе назіраюць за ўсімі, усе паказваюць усё, усе бачаць усё. Ну добра, паказваюць пакуль не ўсе. Але так цікава назіраць, як некаторыя людзі, якія раней казалі «Што? Сацыяльныя сеткі? Якая дурата – паказваць іншым сваё жыццё!», самі актыўна далучаюцца да гэтага працэсу. Спачатку, каб за іншымі паназіраць, а потым пакрысе і сябе паказваць пачынаюць… А што рабіць – калі навокал пра гэта гавораць, а ты не ў курсе, атрымліваецца, як быццам жыццё міма праходзіць. Яно, дарэчы, і праходзіць у такіх бессэнсоўных назіраннях, але гэта ўжо іншая тэма.
А жаданне паказваць сябе іншым лёгка патлумачыць. Адзін з асноўных нашых інстынктаў, сацыяльны. Як кажуць вучоныя, нават калі мы дома адны сядзім, у думках мы ўсё роўна пастаянна суадносім сябе з іншымі – і з тымі, хто для нас аўтарытэт, і з тымі, хто ніжэй за нас па сацыяльнай лесвіцы. Таму важна, як нас убачаць іншыя, як ацэняць, што пра нас падумаюць, як мы будзем выглядаць у іх вачах. Важна нават для тых, хто даказвае, што не важна – проста гэта сядзіць у іх падсвядомасці. Нічога не зробіш, інстынкту – сотні тысяч гадоў, проста сёння, з развіццём новых тэхналогій ён атрымаў такія яскравыя магчымасці для рэалізацыі.
Так што ўсе мы ўдзельнікі «Шоу Трумана», з той толькі розніцай, што назіраем за жыццём не аднаго, а ўсіх адразу.