Падзяліцца:
Розгалас. Скажы мне, чым займаешся, і я скажу, хто ты. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
29 Студзеня 2018
Розгалас. Скажы мне, чым займаешся, і я скажу, хто ты. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Шырокі розгалас у грамадстве атрымаў падпісаны напярэдадні дэкрэт, які рэгулюе пытанні занятасці. Дакумент сістэмны, яго ўжо называюць новым грамадскім дагаворам у працоўнай сферы. Важна, што ў дэкрэт закладзены індывідуальны падыход: дапамагаючы ў працаўладкаванні, улада будзе ўзаемадзейнічаць з кожным канкрэтным чалавекам, а не агулам, масава. Дзяржаўныя органы будуць несці адказнасць за тое, як яны забяспечылі занятасць людзей. Але і самі людзі павінны рабіць крок насустрач – хаця б у выглядзе простага жадання чымсьці па жыцці займацца. Бо давайце азірнёмся навокал і шчыра прызнаем: ёсць сярод нас тыя, хто не займаецца нічым. Дакладней так – нічым карысным. Вы скажаце: дык а нам, грамадству, якая справа? Што для грамадства ад гэтага дрэннага? Прывяду толькі адзін прыклад. Напэўна, у многіх ёсць такія суседзі, знаёмыя, якія ледзь не кожную раніцу – з першымі пеўнямі – ужо спяшаюцца ў магазін. Далібог, як на працу – але ж праца ў іх адна: хадзіць потым увесь дзень нападпітку і чапляцца з сяброўскімі размовамі. Так, многія з іх, здаецца, бяскрыўдныя. Хіба што часам узровень агрэсіі з алкаголем павялічваецца… А цяпер вазьміце статыстыку і паглядзіце: колькі злачынстваў, у тым ліку бытавых забойстваў, учыняюць такія вось беспрацоўныя алкаголікі? Часам, здаецца, можна біцца аб заклад: як чытаеш навіну пра чарговае здарэнне, хуліганства, забойства, крадзеж – абавязкова там будзе фігурыраваць беспрацоўны. Супадзенне? Не думаю. Ёсць і іншая сітуацыя – моцны тыл у выглядзе мужа або бацькоў (апошняе часцей датычыцца хлопцаў). Шмат чуў і такіх гісторый. Здаецца, дні ў людзей занятыя – шмат падарожнічаюць па свеце, сустракаюцца з сябрамі, ходзяць у кафэ, сядзяць дома, адкрываюць для сябе новыя клубы, гуляюць… Што, гэта забаронена, гэта крымінальнае злачынства? Канечне, не! Але ж, пагадзіцеся, пра такога чалавека і сказаць няма чаго – хто ён такі? Чым жыве? Вось і атрымліваецца: праца – не абавязак, а толькі права, але ж як шмат сведчыць яна пра чалавека. Я б нават такую формулу вывеў: «скажы мне, чым ты займаешся, кім працуеш – і я скажу, хто ты». Пры ўсіх выключэннях, пры ўсіх жыццёвых сітуацыях, пры ўсіх «але» - формула ўсё ж працуе. Традыцыйна прынцыпы працавітасці, дастойнага ўзроўню жыцця, як і справядлівасці – сярод асноўных для беларускага грамадства. Яны, дарэчы, пакладзены ў фундамент падпісанага дэкрэта аб садзейнічанні занятасці. Гэты дакумент прымушае задумацца і пра тое, што ўвогуле будзе са сферай занятасці. Не толькі ў Беларусі, ва ўсім свеце. Відавочна, што канкурэнцыя за месца пад сонцам становіцца проста драконаўскай, а жыццё навокал змяняецца шалёнымі тэмпамі. І скажам шчыра, мала якая дзяржава так клапоціцца, як у Беларусі, пра тое, каб забяспечыць заняткам сваіх грамадзян. Часцей наадварот: ратаванне беспрацоўных – справа рук саміх беспрацоўных. Дарэчы, самыя свежыя даныя сведчаць: іх колькасць у свеце меншай не становіцца. Зараз каля 200-сот мільёнаў чалавек на нашай планеце не маюць занятку. Эксперты не чакаюць, што гэтая лічба заўважна знізіцца: працоўных рук становіцца больш, а вось працы для іх – далёка не заўсёды. А тут яшчэ і многія пужаюць: маўляў, нашу працу забяруць робаты! Насамрэч, часцей за ўсё гэта «страшылкі», каб толькі ўвагу прыцягнуць, сур'ёзныя спецыялісты на іх не звяртаюць увагі. Але, несумненна, аўтаматызацыя многіх працэсаў прынясе непрыемныя навіны для пэўных работнікаў. Цікавую лічбу нядаўна апублікавалі даследчыкі: у пачатку мінулага стагоддзя ў ЗША ў сельскай гаспадарцы і звязаных з ёй сферах былі заняты больш за 40% працаздольнага насельніцтва краіны. Прайшло 100 гадоў – і такіх засталося менш за 2%. Якое падзенне! - але ж, масавага беспрацоўя не здарылася. Проста эканоміка стала іншай і з'явіліся новыя прафесіі. Так што аўтаматызацыя хутчэй дапаможа вызваліць людзей ад манатоннай, бруднай або небяспечнай працы. І ў той жа час яна дасць нам, людзям, іншы занятак, іншыя прафесіі, - заўважаюць эксперты. Але ж расслабляцца ад такіх навін не варта. Найбольш запатрабаванымі будуць людзі, якія пастаянна навучаюцца новаму, імкнуцца ўдасканальваць свае веды, адкрыты новым тэхналогіям. За такіх працадаўцы будуць весці барацьбу і прапаноўваць ім розныя «пернікі». Ды нават і без працадаўцы – працуючы, што называецца, проста на сябе, - такія людзі будуць паспяховымі. А вось работнікі, якія ходзяць на працу з-пад палкі і заробак называюць «получкой», з нізкім узроўнем адукацыі, тыя, хто нічым у жыцці не цікавіцца, наўрад ці будуць шчаслівыя. Пагадзіцеся, ёсць пра што задумацца.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: