Падзяліцца:
22 мая 2018
У лютым 1982 года беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч пакінуў у сваім дзённіку запіс, навеяны будаўніцтвам мінскага метро: «нармальнага руху няма, маршруты мяняюцца кожны дзень, забіваюцца нейкія трубы... Гразь. Мінск, па-мойму, самы чысты горад краіны..., і немаведама, ці вернецца ён пасля гэтага ералашу ў норму... Стукоча, грукоча, нясе пыл».
Канечне, сёння гэтыя радкі ўспрымаюцца зусім інакш. Мінск не проста вярнуўся ў норму – дзясяткі, сотні тысяч мінчан не ўяўляюць свайго жыцця без «падземкі». Без метро трафік у сталіцы адназначна быў бы нашмат складанейшым. Але гэта сёння зразумела, а тады – калі будаўніцтва метрапалітэна было ў самым разгары – усё ўспрымалася крыху інакш.
Зрэшты, я далёкі ад таго, каб лавіць на слове свайго самага любімага (прызнаюся ў гэтым) беларускага пісьменніка. А прыгадаў яго, калі аднойчы зразумеў, што сам пачынаю думаць штосьці падобнае – калі праязджаю побач са стадыёнам «Дынама» у Мінску. Там зараз ладзіцца маштабная будоўля, плюс яшчэ і трамвайныя шляхі рэмантуюць. Карацей, сапраўдны вэрхал у цэнтры сталіцы. Дык вось, аднойчы, калі я чарговы раз праязджаў міма і лаяўся пра сябе на нейкі часова закрыты паварот налева, раптам прыгадаў гэты запіс з караткевічаўскага дзённіку. І зразумеў: варта паглядзець хаця б на некалькі гадоў наперад, каб супакоіцца - усе гэтыя нязручнасці імгненныя, ужо заўтра пра іх і не ўзгадаеш. Затое застанецца прыгожы і функцыянальны спартыўны аб'ект, а рух транспарту побач з ім стане яшчэ больш камфортным. Ды што там спартыўны аб'ект - «Дынама» даўно ўжо стаў легендарным збудаваннем беларускай сталіцы, у многіх ёсць свае асабістыя гісторыі, звязаныя са стадыёнам. Ёсць яны і ў мяне, і ў Беларускага радыё.
«Дынама» у яго першасным выглядзе адкрылі летам 1934-га якраз побач з будынкам нашай радыёстанцыі, тады яна размяшчалася на вуліцы Універсітэцкай (цяперашняй Кірава). Зімой на футбольным полі залівалі каток, і частымі яго наведвальнікамі былі якраз супрацоўнікі Беларускага радыё, пра што ёсць нават фотадоказы.
001.jpg
(на фота: супрацоўнікі Беларускага радыё на стадыёне Дынама, 1936 год. На далёкім плане справа – двухпавярховы будынак радыёстудыі. Фота Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі)

Тады стадыён быў драўляным і ўмяшчаў 10 тысяч гледачоў. Цэнтральная трыбуна размяшчалася там, дзе зараз знаходзіцца ўваходная арка на вуліцы Кірава. Яшчэ праз 5 гадоў «Дынама» рэканструявалі і «пашырылі» да 22-вюх тысяч месцаў. А пасля... была Вялікая Айчынная вайна. Стадыён быў моцна разбураны, захаваліся толькі рэшткі трыбун. Практычна новы спартыўны аб'ект з'явіўся на яго месцы ў 1947-ым. Тады ж выканалі і новую планіроўку: ігравое поле размяшчалася ў нізіне. Каб зэканоміць час і сродкі, цэнтральную трыбуну размясцілі на натуральным схіле. Трыбуны новага «Дынама» маглі змясціць ужо 35 тысяч чалавек.
stadion-dinamo-1950-end.jpg
Наступную рэканструкцыю – і значную - стадыён перажыў у канцы 1970-х, калі краіна рыхтавалася да летняй Алімпіяды-1980. Тады трыбуны перабудавалі з разлікам на 50 тысяч гледачоў, з'явілася ложа для журналістаў, каментатарскія кабіны, памяшканне для допінг-кантролю, электроннае табло.
stadion-dinamo-1983.jpg
Усталявалі і новыя вялікія асвятляльныя мачты з магутнымі пражэктарамі. З імі, дарэчы, звязаны адзін з яскравых успамінаў майго дзяцінства. Мы тады жылі на 12-ым паверсе – горад як на далоні. І калі з вакна сваёй кватэры я бачыў удалечыні гэтыя запаленыя пражэктары, разумеў – сёння на «Дынама» праходзіць чарговы футбольны матч.
Падчас той рэканструкцыі пад трыбунамі размясцілі стралковы цір, залы для розных спартыўных гульняў, барацьбы, бокса. У адну з гэтых залаў у пачатку 90-ых хадзіў і я – у секцыю дзюдо. Тады ўсходнія адзінаборствы сталі ў Беларусі надзвычай папулярнымі. Дзякуючы гэтым заняткам я ўпершыню ў жыцці трапіў унутр самога стадыёна. Мы трэніраваліся на бегавых дарожках і на прыступках трыбун.
А вакол віравала жыццё – прычым зусім не спартыўнае. «Дынама» тады было галоўным рэчавым рынкам горада, па стадыёне было не прайсці – з-за колькасці гандляроў і пакупнікоў. Колькі вялікіх бізнесаў пачыналася тут! Але ж гэта асобная тэма, на якую можна напісаць не адзін «Радыёблог».
Сёння ж у гісторыі «Дынама» пішацца новая старонка – завяршаецца ўжо шостая яго рэканструкцыя.
20180518_114244.jpg
Напярэдадні мне ўдалося зноў трапіць унутр стадыёна – гадоў праз 25 пасля таго, як я бываў на гэтых дарожках апошні раз.
20180518_114052.jpg
Канечне, унутры маштаб стадыёна ўражвае больш, чым звонку. На трыбунах устаноўлены новыя крэслы – пакуль яшчэ запакаваныя. На полі прыжываецца свежы газон.
20180518_105855.jpg
Літаральна праз месяц абноўлены «Дынама» павінен вярнуць сабе статус галоўнай арэны краіны. Ужо зусім хутка тут зноў будуць праходзіць захапляльныя спаборніцтвы і маштабныя канцэрты. Гісторыя легендарнага стадыёна працягваецца!

Фота аўтара, з сайта minsk-old-new.com і з Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: