Падзяліцца:
Розгалас. Ці ўсё модна ў Гродна? Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
25 Ліпеня 2017
Розгалас. Ці ўсё модна ў Гродна? Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Беларусь становіцца ўсё больш адкрытай замежным турыстам. З лютага жыхары 80-ці краін могуць прыляцець да нас без візы на пяць дзён. У 2015-ым бязвізавы рэжым увялі ў Белавежскай пушчы, а летась – на Аўгустоўскім канале. У апошнім выпадку бязвізавая тэрыторыя распаўсюджваецца на дзясяткі населеных пунктаў, а таксама на горад Гродна. Цудоўны бонус для патэнцыйнага турыста! Днямі мне чарговы раз давялося пабываць у Гродне, і я вырашыў паглядзець на «каралеўскі» горад (як яго часта называюць) якраз вачыма турыста. А яшчэ – даехаць нарэшце да Аўгустоўскага канала. Што цікава, некалькі гродзенцаў, у якіх я спытаў: «ну што, у вас тут, напэўна, цяпер турыстычны бум?», адказвалі прыкладна аднолькава: прыязджаюць, канечне, але нічога звышнатуральнага. Што ж, возьмем афіцыйную статыстыку: на сёння правам бязвізавага ўезду ў парк «Аўгустоўскі канал» скарысталіся больш за 25 тысяч замежных турыстаў з 55-ці краін. Кожны чацвёрты – жыхар Польшчы. Зразумела, не ўсе яны прыязджаюць выключна на канал, пэўная частка даязджае і да Гродна. Асабіста я ў абласным цэнтры за два дні знаходжання ўбачыў толькі некалькі арганізаваных экскурсій – і з геаграфічна далёкіх ад нас краін найперш выдзяляліся госці з Кітая. А вось на Аўгустоўскім канале я чуў польскую мову ледзь не часцей, чым рускую і беларускую – відавочна, гэты турыстычны напрамак вельмі папулярны ў нашых заходніх суседзяў. Зноў вернемся да афіцыйнай інфармацыі гродзенскіх улад. Калі сёлета ў горадзе сустрэлі 15-цітысячнага бязвізавага госця, то гэта аказаўся 70-цігадовы жыхар аднаго з нямецкіх гарадоў. А прыехаў ён у Гродна на дзень у складзе арганізаванай тургрупы. Заўважце: усяго на адзін дзень! Хоць гэты немец і прызнаўся, што плануе яшчэ прывезці сюды на адпачынак сям'ю. Але ўсё ж – чаму на такі непрацяглы час? Падзялюся сваімі ўражаннямі. Так, Гродна сапраўды можна назваць каралеўскім. У якім яшчэ беларускім горадзе захаваліся ажно два замкі часоў Сярэдневечча? Прычым захаваліся ў вельмі прыстойным выглядзе. А з іншага боку, гэтым можна здзівіць турыста, напрыклад, з Расіі – але наўрад ці гэта будзе вялікім адкрыццём для госця з Польшчы, Германіі або Чэхіі, дзе сваіх замкаў хапае. Тут ужо трэба браць нейкім цікавым дзействам. Асабіста мне гэтага не хапіла. Скажам, па знакамітай пешаходнай вуліцы Савецкай гэтым разам я шпацыраваў ужо чацвёрты ці пяты раз – і вельмі спадзяваўся ўбачыць штосьці новае, акрамя кавярняў або магазінаў. Хаця б вулічных музыкаў, дзякуючы якім пешаходныя вуліцы проста ажываюць, асабліва бліжэй да ночы – пра гэта сведчыць вопыт сталічных Карла Маркса, Зыбіцкай, плошчы Свабоды. На жаль, мне трапіліся толькі прадаўцы сувеніраў, дый тое было іх няшмат і яны пачалі зварочваць свой гандаль з першымі прыцемкамі. Пра сувеніры тэма асобная, але ў адным з нядаўніх «Радыёблогаў» я ўжо закранаў яе на прыкладзе Чэхіі. Хочацца не аднолькавых магнітаў, на якіх змяняюцца толькі назвы гарадоў, а чагосьці эксклюзіўнага, зробленага сваімі рукамі. Такі хэнд-мэйд можна і прадаць даражэй. Чым не дадатковая магчымасць для некаторых прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці? Скажам, для таго ж шклозавода «Нёман». Упэўнены, многія турысты з радасцю набылі б прадукцыю бярозаўскага завода, канечне, зробленую з доляй крэатыўнасці. І якая была б рэклама прадпрыемству! У горадзе, які мае амбіцыі быць адным з турыстычных цэнтраў, хацелася б убачыць і больш месцаў для харчавання. Цікавых, а галоўнае – на любы густ. Магчыма, тут класічная сітуацыя: прапанову нараджае попыт, магчыма, пакуль турыстычны паток недастатковы для вялікай колькасці ўстаноў, але ж часам попыт можна і «падагрэць». Тут зноў жа могуць падключыцца да справы прадпрыемствы – так, адзін з рэстаранаў на Савецкай вуліцы, як аказалася, належыць Гродзенскаму мясакамбінату. Называць не буду, каб не рабіць рэкламу, але прызнаюся: вячэра там была вельмі смачнай. З карысных для турыстаў рэчаў адзначу вялікія QR-коды, якія з'явіліся на многіх славутых аб'ектах, як Каложская царква, Вялікая харальная сінагога або пажарная каланча. Калі ёсць з сабой смартфон (а ў каго іх сёння няма?), то з дапамогай мабільнай праграмы можна даведацца пра гісторыю аб'екта на розных мовах. Зрэшты, часам карысна збочыць з традыцыйных турыстычных маршрутаў і зайсці, напрыклад, у каларытныя гродзенскія ўнутраныя дворыкі, якія так нагадваюць тбіліскія ці бакінскія. Або сабраць калекцыю фота гродзенскіх дзвярэй – самых розных колераў, стыляў і фарматаў. А яшчэ на шляху паміж Гродна і Аўгустоўскім каналам – абавязкова заехаць у гарадскі пасёлак Сапоцкін і знайсці там музей пісанкі (калі не заўважыце невялікі дарожны ўказальнік, адразу і не знойдзеце). У гэтым музеі правядуць экскурсію, нават калі вас усяго некалькі чалавек і вы загадзя не дамаўляліся. Прыемны бонус – магчымасць паспрабаваць самому распісаць воскам курынае яйка, як на Вялікдзень. У гэтым невялічкім музеі (дзякуй яго загадчыцы!) разумееш: калі падыходзіць да справы з душой, а не думаць толькі аб прыбытку, то турысты будуць ад'язджаць з вялікім жаданнем вярнуцца зноў. Калі вы яшчэ не зразумелі асноўны пасыл майго аповеда, то ён такі: абавязкова едзьце ў Гродна. На дзень, два або на тыдзень. Нават калі вы там ужо былі, нават калі турыстычная інфраструктура яшчэ не дасканалая, гэты горад прыемна здзівіць вас. Дарэчы, ужо ў гэтыя суботу і нядзелю Гродна прыме Біг-міні-фестываль вулічнага мастацтва. Прафесійныя факіры, жывыя статуі, вулічныя тэатры, вогненнае шоу і музычныя калектывы – што яшчэ трэба, каб добра правесці выхадныя?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: