Падзяліцца:
Розгалас. Ці ёсць у вас ген прадпрымальнасці? Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
27 Лютага 2017
Розгалас. Ці ёсць у вас ген прадпрымальнасці? Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) У гэтыя дні ў нашай краіне праходзіць Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва, ужо другі па ліку. Ладзяцца сотні мерапрыемстваў, на якіх абмяркоўваюць ролю малога і сярэдняга бізнесу ў развіцці эканомікі. Сёння такі бізнес забяспечвае каля трэці валавога ўнутранага прадукту Беларусі. А трэба – выйсці хаця б на лічбу 50%. Праўда, ніхто не ставіць задачу - зрабіць гэта любымі спосабамі, не зважаючы ні на што, выходзячы за рамкі. Бізнесмены павінны жыць і працаваць па законе, які і прадстаўнікі ўсіх іншых прафесій. Зрэшты, ці прафесія гэта – прадпрымальнік? Магчыма, прызванне? Прыгадваю аднаго свайго аднакласніка, Валодзю. Дзякуючы яму я ўпершыню сыграў у латарэю ўжо ў пятым ці шостым класе. Выглядала гэта так. Вова прынёс у школу скрынку ад цукерак або чаю. На пераменах паміж урокамі браў яе і абыходзіў нас, аднакласнікаў. У скрынцы – некалькі дзясяткаў скручаных паперак. Прынцып просты: плаціш 20 капеек, цягнеш паперку і, калі пашчасціла, выйграеш рубель. Я цягнуў два разы, абодва няўдала, і далей вырашыў фартуну не выпрабоўваць. Але камусьці пашчасціла, і гэта адразу падагрэла інтарэс да латарэі. Нескладана падлічыць – мой аднакласнік застаўся ў выйгрышы ў любым выпадку. Пазней, гэта ўжо быў самы пачатак 90-ых, ён спрабаваў прадаваць патрыманыя фотакарткі тагачасных куміраў многіх хлопчыкаў – Бруса Лі, Арнольда Шварцэнегера і іншых крутых мужчын з заходніх відэафільмаў. Такія ж фота (разам з дзясяткамі іншых) тады прадаваліся ў Мінску на стыхійным «развале» на ўваходзе ў Камароўскі рынак. Але яны былі новыя, а значыць больш дарагія. А ў Валодзі, канечне, патрыманыя, затое таннейшыя. Карацей, ён ізноў усё правільна разлічыў. Пасля 9-га класа Вова пакінуў нашу школу, і больш я ніколі яго не сустракаў. Праз сацыяльныя сеткі таксама знайсці не магу, таму не ведаю, чым ён зараз займаецца. Але не выключаю, што бізнесам. Нават скажу так: было б дзіўна, каб не бізнесам. Бо менавіта людзям з такой, як кажуць, прадпрымальніцкай жылкай – прамая дарога ў бізнес. Але відавочна: ЖАДАЮЦЬ займацца сваёй справай куды больш людзей, чым рэальна МОГУЦЬ гэта рабіць. Даўно ідуць размовы пра так званы “ген прадпрымальніцтва” – тую самую бізнес-жылку, якая ёсць у невялікага працэнта людзей. Часцей за ўсё кажуць пра тры працэнты. (Для параўнання скажу: зараз у Беларусі ў малым і сярэднім бізнесе занята прыкладна трэць эканамічна актыўнага насельніцтва – каля паўтара мільёна чалавек). Эксперты вылучаюць і асаблівыя рысы характару, якія нібыта сведчаць пра схільнасць да прадпрымальнасці. Дарэчы, лідарскія якасці – не абавязковыя. Псіхолагі кажуць: такія людзі перш за ўсё жадаюць асабістых дасягненняў, а для гэтага не трэба быць лідарам і прыцягваць іншых людзей у сваю справу. Іншыя спецыялісты таксама называюць патрэбу ва ўладзе, уплыве, імкненне атрымаць поспех у барацьбе з сапернікамі, радасць творчасці, уменне перажыць няўдачу, схільнасць да дзеянняў, а не да планавання. І яшчэ цікавае даследаванне: бізнесмен – гэта, хутчэй, “майстар на ўсе рукі”, ён ведае крыху пра ўсё. А вось вузкія спецыялісты, докі ў сваёй справе – часцей будуць падначаленымі такіх бізнесменаў. Знайшлі штосьці падобнае ў сябе? Магчыма, вы прадпрымальнік па нараджэнні! Яшчэ раз акцэнтую ўвагу: ніхто і нішто не забараняе займацца бізнесам хоць усім 100% насельніцтва. Кожнаму з нас. Але паспяховымі бізнесменамі стануць нямногія. Гэта амаль што прадвызначана. Не таму што астатнім “дзяржава перашкаджае”, а таму што ў іх няма ніякай схільнасці да такой складанай дзейнасці. Дзе колькасць узлётаў можа быць роўная колькасці жорсткіх падзенняў. Шкада толькі, што самі людзі часцей за ўсё гэтага не разумеюць і пачынаюць шукаць вінаватых. Ніякіх умоў не ствараюць, людзі дрэнныя, краіна не тая... Наконт краіны – адразу прывяду прыклад. Пра Злучаныя Штаты Амерыкі. Нядаўна былы ўладальнік сэрвісу па дастаўцы ежы Кенан Хопкінс (дарэчы, доларавы мільянер) расказаў у адным з блогаў, як змянілася яго жыццё пасля продажу кампаніі. Дык вось, першае, што ён піша: ствараць свой бізнес неверагодна складана. Штомесяц у ЗША адкрываецца амаль 550 тысяч новых кампаній. Аднак тры чвэрці з іх ніколі не набяруць супрацоўнікаў. Паводле даных Forbes, 8 з 10 кампаній закрываюцца на працягу першых 18 месяцаў. Вось вам і заходні вопыт! І давайце закрыем на гэтым тэму, што ў нас няма нейкіх умоў, якія ёсць там “у іх”. А яшчэ дзівяць некаторыя людзі, якія падахвочваюцца быць бясплатнымі адвакатамі пэўных прадпрымальнікаў, часцей за ўсё ў інтэрнэце. Ледзь што, падымаюць шум на ўвесь белы свет – ай-я-яй, бізнесмена зачапілі! А ён жа працоўныя месцы стварае! Эканоміку развівае! Слухайце, калі ён не плаціць падаткі, то ён гэтыя працоўныя месцы забірае. Проста ў іншых людзей. І ўвогуле, у нас што, ёсць свяшчэныя каровы, якія жывуць па сваіх законах? Або мы ўсе нешта вінныя чалавеку толькі за тое, што ён вырашыў займацца такой высокарызыкоўнай дзейнасцю? Канечне, не. Займаецца законным бізнесам, развівае эканоміку, дапамагае іншым людзям – дзякуй яму за гэта. Як і прадстаўнікам усіх іншых прафесій і заняткаў - далёкіх аб бізнесу, але не менш важных для грамадства. А ўвогуле добрую заўвагу ў адным з інтэрв’ю зрабіў вядомы беларускі бізнесмен, намеснік старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі Сяргей Навіцкі. На пытанне “што перашкаджае развіваць прадпрымальніцтва?” ён адказаў: нічога. І нагадаў: прадпрымальніцтва – гэта ад дзеяслова “прадпрымаць”. Так, раніцай мы прадпрымаем нейкія намаганні, каб прачнуцца, зрабіць сабе каву і гэтак далей. Так і ў бізнесе – трэба дзейнічаць, а не чакаць для сябе нейкіх умоў. І ў канцы хачу прывесці яшчэ адну цытату з блога былога ўладальніка адной з амерыканскіх кампаній Кенана Хопкінса, якога я прыгадваў раней. Дарэчы, пасля продажу бізнесу ён стаў музыкантам. Хопкінс прызнаецца: “грошы змянілі мяне да горшага”. І выказвае спадзяванне: з яго дапамогай “паспяховыя прадпрымальнікі зразумеюць: галоўнае ў жыцці – не рахунак у банку, які пастаянна расце, а сям’я і сябры”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: