Падзяліцца:
«Розгалас. Ці сумяшчальныя геній і зладзейства?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
5 сакавіка 2019
«Розгалас. Ці сумяшчальныя геній і зладзейства?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Літаральна напярэдадні, у панядзелак, на адным з амерыканскіх кабельных каналаў завяршылі паказ дакументальнага фільма «Пакідаючы Неверлэнд». Яшчэ да гэтага паказу стужка выклікала вялікі розгалас і шмат негатыўных каментарыяў, і вось чаму. Адны з асноўных яе герояў – два мужчыны, якія ў свой час неаднаразова бывалі ў маёнтку пад назвай Неверлэнд знакамітага поп-выканаўцы Майкла Джэксана. Тады яны былі яшчэ падлеткамі, і спявак нібыта ўжываў насілле ў адносінах да іх. Прычым доўжылася гэта не адзін год – так сцвярджаюць самі магчымыя ахвяры. Здаецца, што нам да той гісторыі? А зараз растлумачу. Па-першае, Майкла Джэксана і сёння цудоўна ведаюць амаль ва ўсім свеце, у Беларусі – дакладна. Добра памятаю, як у дзень смерці поп-выканаўцы я знаходзіўся дзеля інтэрв'ю ў адным сур'ёзным ведамстве, і пасля вырашыў паабедаць у мясцовым кафэ. Раптам за адным з суседніх столікаў жанчына гадоў 60-ці ўздыхнула: «Ну вось і Майкл Джэксан памёр. А ў «Радыёфакце» пра гэта сёння не сказалі». Мне нават стала крыху сорамна, таму што вядучым таго «Радыёфакта» быў я. Па-другое, цікава назіраць, што адбываецца пасля дэманстрацыі гэтага фільма (а трэба сказаць, што спачатку яго паказалі на адным з фестываляў). Напэўна, самы памяркоўны каментарый гледачоў такі: пасля гэтай стужкі вы больш ніколі не захочаце слухаць песні Джэксана. Не дзіўна, што кампанія, якая арганізавала прагляд фільма, паклапацілася пра тое, каб у фае кінатэатра дзяжурылі кансультанты па псіхічным здароўі – для занадта ўражлівых гледачоў. Але вось што паказальна: ніякіх асаблівых доказаў у фільме няма, усё грунтуецца толькі на сведчаннях двух мужчын. Між тым, яшчэ пры жыцці Джэксана, калі быў адпаведны судовы працэс, абодва ніякіх прэтэнзій да спевака не выказалі. Не дзіўна, што сям'я Джэксана назвала стужку «жудаснай пастаноўкай» і спробай зарабіць на імені поп-зоркі. Але, здаецца, многія людзі ўсё адно нават не засумняваліся ў тым, што ўбачылі і пачулі. І вось тут трэці момант. Наколькі мы павінны размяжоўваць асобу творцы і ўласна яго творчасць? Ці мае значэнне, што геніяльны пісьменнік, напрыклад, у жыцці хранічны алкаголік? Або выдатны акцёр не плаціць падаткі? Або… Ды самі прыдумайце, што яшчэ – бо такіх гісторый насамрэч безліч. Пра акцёраў, пісьменнікаў, мастакоў, спевакоў і іншых творцаў. Прычым і сённяшніх, і тых, хто жыў сто, дзвесце, трыста гадоў таму. Пра гэта фільмы здымаюць, пра гэта шмат кніг напісана, а ў інтэрнэце толькі напішыце ў пошукавіку: «непрыстойныя ўчынкі знакамітых людзей» – тысячы старонак вам прапануюць. Прычым, дзе праўда, а дзе падман, ужо і не разбярэш. І самі людзі ўжо не адкажуць, бо многіх з іх даўно няма ў жывых. Адзінае, што магу сказаць: калі пісаў гэты блог, нешта амаль нічога не прыгадаў заганнага пра знакамітых беларускіх творцаў мінулых гадоў. Ну так, хтосьці любіў выпіць больш, чым прынята. Хтосьці на чужых жанчын пазіраў (а магчыма, і не толькі пазіраў). Але чагосьці асабліва «крымінальнага» не згадваецца. Магчыма, менталітэт і тут мае значэнне, і сціпласць у такім разе – вялікі плюс. Прыкра толькі, што такая інфармацыя пра самыя непрыгожыя бакі жыцця вядомых людзей знаходзіць шмат прыхільнікаў. Асабліва вылучаюцца тут расійскія сродкі масавай інфармацыі – колькі адпаведных артыкулаў напісана і тэлеперадач знята, ужо і не падлічыць! Але ж, ёсць попыт – ёсць і прапанова. Попыт таксама лёгка патлумачыць. Паглядзіць пэўны чалавек такую перадачу або пачытае артыкул і падумае: ну вось, не толькі я дрэнныя рэчы ў жыцці раблю, але ж і гэты вядомы пісьменнік (акцёр, музыкант, мастак) такім займаўся. Пра яго ўсе ведаюць, геніем лічаць, у школьнай праграме вывучаюць – значыць, і мне можна! Такое, атрымліваецца, апраўданне. Асабіста мне, прызнаюся, даволі цяжка падзяліць творцу і яго творчасць. І часам думаю: лепш бы не ведаў нейкіх падрабязнасцей біяграфіі або поглядаў на жыццё, бо гэта аўтаматычна кладзецца ценем і на яго творы. Але пры гэтым разумею і іншае: стварэнне многіх сапраўды геніяльных твораў патрабуе надзвычайнага эмацыйнага і душэўнага напружання творцы. Прывесці гэтае напружанне можа да чаго заўгодна. А калі вы лічыце, што людзі, якія на віду ва ўсіх, павінны быць ідэальнымі, беззаганнымі, то вось вам гісторыя апошняга часу. У Кітаі зараз надзвычай папулярная спявачка Ло Цяньі. У яе мільёны фанатаў. Канцэрты праходзяць пры поўных залах, прычым людзі едуць на іх з іншых правінцый. Квіткі могуць каштаваць больш за 200 долараў. Ло акампаніруюць найлепшыя піяністы. І я магу гарантаваць: пра яе не напішуць выкрывальніцкіх артыкулаў і не здымуць скандальных рэпартажаў, у яе бруднай бялізне дакладна не будуць капацца. Не, яна не святая, усё прасцей – яна... не жывая спявачка. Ло Цяньі — гэта галаграма. Над стварэннем яе выявы і правядзеннем канцэртаў працуе група з 200-сот чалавек. У Ло шалёная папулярнасць, але, шчыра кажучы, мне не падабаецца такая вось будучыня з такімі «творцамі». Няхай лепш гэта будуць жывыя людзі са сваімі геніяльнымі здольнасцямі і са сваімі памылкамі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: