Падзяліцца:
Розгалас. Убачылі ў інтэрнэце? - не верце сваім вачам! Радыёблог Максіма Угляніцы
24 Верасня 2019
Розгалас. Убачылі ў інтэрнэце? - не верце сваім вачам! Радыёблог Максіма Угляніцы Вялікі розгалас у грамадстве атрымаў нядаўні выпадак у адной з гомельскіх школ. Настолькі вялікі, што каменціраваць яго давялося асабіста Прэзідэнту. Увогуле за апошнія дні сказана ўжо шмат (а яшчэ больш – напісана ў інтэрнэце ў шматлікіх форумных абмеркаваннях). І пра настаўнікаў, і пра вучняў, і пра бацькоў. Людзі разумныя, думаю, ужо склалі для сябе агульную карціну таго, што адбылося. Падкрэслю яшчэ раз – агульную карціну, а не яе фрагмент па матывах таго, што нам падкінулі ў сеціве.
Зрэшты, да гэтага я б і хацеў сёння вярнуцца – да таго, з чаго ўсё пачалося. Кароткага відэа ў інтэрнэце, якое выклікала столькі эмоцый. Далёка не першы раз усё адбываецца па стандартнай схеме: зайшлі ў інтэрнэт, убачылі эмацыйнае відэа або кідкі загаловак матэрыялу і пачынаюць горача абмяркоўваць, не надта разабраўшыся ў сітуацыі. Паралельна навешваючы людзям ярлыкі, абзываючы іх апошнімі словамі і выносячы вердыкты. Асабліва смешна, калі часам адны і тыя ж каментатары спачатку, як зараз кажуць, «топяць» за адзін бок канфлікту, потым (калі з'яўляюцца новыя падрабязнасці) – пачынаюць выступаць за другі, а калі ўся карціна больш-менш вымалёўваецца, застаюцца ў разгубленасці… Напэўна, разумеюць, што засталіся ў дурнях, таму што кінуліся выказваць сваё каштоўнае меркаванне, не разабраўшыся ў прычынах канфлікту.
Пакінем за дужкамі гэтага Радыёблога думку, што такія гора-каментатары па-добраму павінны былі б адказваць за свае ярлыкі і абразы канкрэтных людзей. Бо ў рэальным жыцці яны наўрад ці б наважыліся адкрыць рот –   ведаюць, што за словы давядзецца адказваць. А ў інтэрнэце можна схавацца за ананімнасцю.
Пакінем за дужкамі і работу журналістаў некаторых інтэрнэт-выданняў. Якія часам спецыяльна ставяць правакатыўныя загалоўкі пад матэрыяламі або маніпулююць інфармацыяй: свядома выдаюць гісторыю не адразу цалкам, а часткамі, каб выклікаць яе працяглае абмеркаванне на сайце, свядома закідваюць нейкую прыдуманую навіну, «качку», каб потым самім жа яе гераічна абвяргаць. Карацей, робяць усё, каб затрымаць нашу ўвагу як мага даўжэй, а пасля прадаць гэтую ўвагу рэкламадаўцам. І пляваць, што многія такія «навіны» і гісторыі высмактаны з пальца – нічога персанальнага, «онлі бізнес». Больш увагі і наведванняў – больш рэкламы.
Зрэшты, няхай з усім, што мы пакінулі за дужкамі, разбіраюцца заканадаўцы або профільныя спецыялісты. Здаецца, магчымасцей дастаткова. Я сёння пра іншае хацеў бы паразважаць.
Шкада, што многія з нас так лёгка вераць усяму, што бачаць у інтэрнэце. Нават навучаныя горкім вопытам, нават ведаючы, колькі там няпраўды, фэйкаў, махінацый і іншага мала прыемнага – усё роўна раз за разам трапляем на гэтую вуду! Зайшлі – убачылі відэа – і паверылі: «ой, вы толькі паглядзіце, што адбываецца!». Чаму не засумняваліся? А можа, не адбываецца? Або адбываецца не так, як нам паказваюць - можа, гэтае відэа няпоўнае, абрэзанае? А можа, чалавек, які штосьці гаворыць на відэа, насамрэч ніколі такога не казаў?!

Гэта не памылка, вы ўсё прачыталі правільна. Нават калі вы бачыце, як чалавек з экрана вашага смартфона штосьці гаворыць, гэта яшчэ не значыць, што гаворыць насамрэч ён. Або гаворыць дакладна тое, што вы чуеце.
Гэта называецца «дыпфэйкам». Чарговая «страшылка», якую зараз актыўна абмяркоўваюць у свеце. Дарэчы, трапіць у пастку могуць нават вядомыя людзі. Гэтым летам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паверыў і падзяліўся ў Твітары скажоным відэа, на якім спікер палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пеласі выступае быццам бы п'янай. Апошняй пасля давялося праз суд дабівацца выдалення падробкі. А напярэдадні важных слуханняў у кангрэсе ў інтэрнэце з'явілася відэа, на якім заснавальнік сацсеткі Фэйсбук Марк Цукерберг расказвае, што ён кантралюе будучыню чалавецтва з дапамогай нейкага «Спектра». Зразумела, рэальны Цукерберг нічога такога не казаў. Але ў тым і справа, што на відэа ён выглядаў абсалютна рэальна!
Дыпфэйкі – методыка сінтэзу выявы чалавека з дапамогай штучнага інтэлекту. Дзякуючы ёй можна злучыць два ў адно, як быццам «накласці» патрэбнае нам відэа або выяву на відэа, якое ўжо існуе.
Калі хочаце пацешыцца, знайдзіце ў інтэрнэце ролік, дзе ў вядомым фільме «Тэрмінатар-2» на твар Арнольда Шварцэнегера «наклалі» твар Сільвестра Сталонэ. Месцамі, канечне, заўважна, што гэта падробка, але ў цэлым вельмі рэалістычна. Ёсць відэа куды менш забаўныя. Напрыклад, акцёр і рэжысёр Джордан Піл падставіў на свой твар асобу Барака Абамы і папярэджвае інтэрнэт-карыстальнікаў ад яго імені: «Мы ўступаем у эру, калі нашы ворагі могуць прымусіць сказаць што заўгодна каго заўгодна». Паглядзіце гэты ролік у сеціве – рэалістычнасць такога «Абамы» пужае.
Асцярогі выказвае ўсё больш спецыялістаў і экспертаў: апісаная тэхналогія вельмі хутка развіваецца, часам яна даступная ўжо ледзь не ў хатніх умовах. Што калі аднойчы мы ўбачым відэа, на якім лідар буйной дзяржавы гаворыць, што аддаў загад нанесці ядзерны ўдар па іншай краіне? Ці хопіць часу на тое, каб разабрацца – фэйк гэта або не фэйк? А наступствы памылкі могуць быць катастрафічнымі.
Канечне, зараз тэхналагічныя кампаніі ў паскораным тэмпе ствараюць праграмы, якія маглі б адрозніць фальшыўку ў інтэрнэце ад рэальнага відэа.  Але, самі разумееце, на кожную праграму заўсёды можна стварыць іншую. Таму ў выніку ўсё будзе зводзіцца да вечнай дылемы: верыць (таму, што мы бачым у інтэрнэце) або не верыць? А калі і верыць, то як праверыць?
Вяртаючыся да таго, з чаго пачыналі. Вельмі хацелася б, каб такія гісторыі, як гомельская, былі памылкамі, на якіх мы навучымся правільна паводзіць сябе ў інтэрнэце. Не верыць адразу, правяраць, слухаць розныя меркаванні, шукаць першакрыніцы. Не чытаць тых, хто ўжо не раз падманваў і маніпуляваў нашай увагай і даверам.  Чытаць, слухаць і глядзець тых, хто працуе не толькі ў сеціве, але і ў эфіры (маю на ўвазе традыцыйныя СМІ). У эфіры апісаныя вышэй фэйкі наўрад ці калі-небудзь з'явяцца, бо проста не пройдуць рэдактарскай праверкі.
Згодны, гэта не лепшая парада – не давяраць. Але такія ўжо зараз часы ў глабальным павуцінні.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: