Падзяліцца:
«Розгалас. Усе ў сад?.. У горад!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
11 чэрвеня 2019
«Розгалас. Усе ў сад?.. У горад!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Сустрэўся я нядаўна са сваёй найлепшай сяброўкай. Яна ўжо больш за 15 гадоў пастаянна жыве ў Амерыцы, але прыкладна раз на год прылятае на радзіму – праведаць родных, знаёмых, сяброў. Гэтым разам я вырашыў паразмаўляць з ёй пра жыццё-быццё ў нейкім атмасферным месцы, і мы паехалі на Кастрычніцкую вуліцу ў Мінску. У часы юнацтва пра гэтую вуліцу мы ведалі хіба толькі, што там знаходзіцца завод «Крышталь» і нейкі клуб, дзе можна паслухаць выступленні розных гуртоў. Назву клуба мінулыя амаль два дзесяцігоддзі з памяці сцерлі. Я чамусьці не сумняваўся, што мая сяброўка ўжо бывала на «новай Кастрычніцкай», якая нават трапіла ў прэзентацыйны ролік тэлеканала Euronews – з яе «бразільскімі» графіці велічынёй з дом, мноствам розных кавярняў і іншых устаноў для самых розных гурманаў, з культурнымі прасторамі і ўсім іншым, што складае непаўторную атмасферу вуліцы. Але я памыліўся, і зразумеў гэта даволі хутка. Мая знаёмая не хавала эмоцый: «Гэта мне нагадвае ці то Берлін, ці то Будапешт... Я не веру, што я ў сваім Мінску! Чаму мне ніхто не расказваў пра гэтае месца?! Проста як у Еўропе!» Ну, тое што і Мінск і Беларусь – Еўропа, асабіста я ніколі і не сумняваўся. Нездарма ж геаграфічны цэнтр Еўропы знаходзіцца ў нашай краіне. Але мне здаецца, што сталіцы – яны як і дзяўчыны, не любяць параўнанняў. Навошта гэтыя «як»? Берлін гэта Берлін, а Мінск гэта Мінск. Кожны з іх (як і іншыя гарады) адметны і цудоўны нечым сваім. Зрэшты, не гэта мяне падштурхнула напісаць блог. Ужо ў той вечар сяброўка тэлефанавала камусьці са сваіх родных і паўжартам выгаворвала ім: «Слухайце, а чаму вы не сказалі мне, што ў Мінску ёсць такая вуліца? Чаму не адвезлі туды?» Аказваецца, хтосьці проста не падумаў, а хтосьці і ўвогуле не ведаў, што тая Кастрычніцкая ёсць. А яны ж жывуць не за 10 тысяч кіламетраў ад яе, а літаральна за 10-15 хвілін на машыне. Але неяк рукі не дайшлі (дакладней – ногі). Я гэта да чаго: у Мінску з кожным годам становіцца ўсё больш адметных, атмасферных месцаў, дзе можна добра адпачыць, часам не патраціўшы ні рубля. Але далёка не ўсе мінчане пра іх ведаюць – а тым больш госці з іншых гарадоў нашай краіны. Адно з такіх месцаў я адкрыў для сябе, прагульваючыся ў мінулую суботу па вуліцы Камсамольскай у цэнтры сталіцы. Пэўны час таму яна стала часткова пешаходнай, і, здаецца, не раз праходзіў тут у будныя дні, аднак нічога асаблівага не заўважаў. Аказваецца, у выхадныя тут віруе сваё жыццё. Я трапіў якраз на выступленне імправізаванага лялечнага тэатра. Выглядала гэта незвычайна: невялікая палатка і лялькі, вельмі падобныя да герояў колішняй тэлеперадачы "Мапет-шоу", якія спяваюць (а дакладней – адкрываюць рот) пад розныя забойныя сусветныя хіты, напрыклад, групы Queen. І ўсё гэта, нагадаю, на перасячэнні вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай! Дарэчы, сярод гледачоў лялечнага канцэрту двойчы пачуў англійскую мову – што таксама можна лічыць сімвалічным, бо побач знаходзіцца яшчэ і вуліца Інтэрнацыянальная. А ўвогуле гледачоў было шмат, канечне, кожны другі – са смартфонам у руках. Асаблівае захапленне дзейства выклікала ў дзяцей. А літаральна праз пяць хвілін пешшу ад гэтага месца – ужо больш раскручаная і больш маштабная канцэртная пляцоўка, у Верхнім горадзе побач з Ратушай. Мая суб'ектыўная ацэнка: з кожным годам гледачоў суботніх канцэртаў тут становіцца ўсё больш. Прычым нават не так важна, што "даюць" – класіку, цяжкі рок, народныя спевы або зорнага выканаўцу з якой-небудзь замежнай краіны, усё заходзіць на "ура". Я даўно чуў пра канцэрты ля Ратушы, але гэта той выпадак, калі не трэба нічога чуць – трэба прыходзіць і самому адчуць незвычайную атмасферу такой канцэртнай "залы". Тысячы гледачоў проста пад адкрытым небам – і кожны стук барабана або гук гітары, здаецца, праходзіць праз усё тваё цела. Дарэчы, на гэты раз сярод гледачоў і слухачоў заўважыў адразу некалькіх жанчын, якім на выгляд было гадоў пад 80! І іх абсалютна не бянтэжыла гучнасць музыкі (каб вы разумелі: размаўляць з чалавекам побач на такіх канцэртах можна толькі, калі крычаць яму проста ў вуха). Наадварот, было відаць, што бабулі атрымліваюць задавальненне ад працэсу. Я падумаў: напэўна, лепш так адпачываць, чым ля пад'езду абмяркоўваць хваробы са сваімі сяброўкамі. Аднак, калі гучная музыка не падабаецца, можна прайсціся яшчэ крыху далей па гэтым раёне, напрыклад, у бок вуліцы Зыбіцкай. Там, асабліва ў выхадныя, выступае шмат вулічных музыкантаў. Песні (як і галасы) – амаль што на любы густ. А можна там жа зазірнуць у дворык атэля "Манастырскі" – там па вечарах у выхадныя дэманструюць кіно пад адкрытым небам. Дарэчы, таксама бясплатна. Сёлета абяцаюць больш беларускіх фільмаў – бо айчынны кінематограф адзначае 95 гадоў. Калі ж вам хочацца не проста паслухаць музыку або паглядзець кіно, але ўбачыць сапраўдны музычна-светлавы спектакль, водную феерыю – адпраўляйцеся ў раён пад назвай "Маяк Мінска". Там з нядаўняга часу з'явіўся мультымедыйны фантан. Часам яго параўноўваюць з падобнымі музычнымі фантанамі ў Дубаі або Лас-Вегасе. Асабіста я ні там, ні там не бываў, нават да мінскага фантана ў вячэрні час пакуль не даехаў, таму каменціраваць не буду. Але ўпэўнены: з'явілася яшчэ адна незвычайная і прыцягальная кропка на карце Мінска. Заўважце: усе апісаныя маршруты цудоўна падыходзяць для замежных турыстаў, тых, хто прыбывае да нас у госці. Шмат іх будзе праз нейкі тыдзень, падчас Другіх Еўрапейскіх гульняў. Але сёння я заклікаю нас саміх: давайце часцей выходзіць у горад і адпачываць. Не як на свята – раз на год – а хоць кожны дзень. Не толькі для турыстаў – для саміх сябе. Асабліва пакуль лета, пакуль цёпла, і можна гуляць нават познімі вечарамі. Прычым не толькі ў Мінску – падобныя ж атмасферныя месцы ёсць у Гродне, Брэсце, іншых гарадах Беларусі. Ужо згаданая сяброўка з Амерыкі ў той вечар мне сказала: «Як жа гэта класна – у вас тут усе пары за ручку гуляюць, дзяўчаты з кветкамі. А ў нас кветкі могуць хіба толькі ў офісе на дзень нараджэння падарыць. Глядзі, тут у вас, на Кастрычніцкай, знаёмыя збіраюцца разам, у кампаніі, п'юць каву і нешта абмяркоўваюць. Жыццё віруе! А ў нас у Лос-Анджэлесе пройдзеш па такіх вуліцах – і з кім там размаўляць, калі палова людзей «пад кайфам»?» Зразумейце правільна: гэта размова не пра тое, што «у іх» усё дрэнна, а ў нас усё добра. Усюды па-рознаму. Гэта пра іншае: давайце самі заўважаць больш станоўчага, бачыць, што адбываецца побач з намі. А то неяк няёмка, калі пра гэта нам кажуць госці.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: