Падзяліцца:
6 лютага 2017
«Фэйкавыя навіны». Словазлучэнне, якое апошнім часам мы чуем усё часцей. Нядаўна ў Германіі яго нават прызналі «фразай 2016-га года на англійскай мове, якую немцы часцей за ўсё выкарыстоўваюць у сваім маўленні». Fake у перакладзе з англійскай – «падробка». Так што фэйкавыя навіны – гэта падробленыя, несапраўдныя, прыдуманыя паведамленні. Навіны-качкі, іншымі словамі. У апошнія месяцы і тыдні праблему фэйкавых навін абмяркоўваюць у розных краінах на самым высокім узроўні. Брытанскія парламентарыі аб'явілі, што пачынаюць расследаванне сітуацыі з патокам дэзынфармацыі, якой становіцца ўсё больш па ўсім свеце. Еўракамісія заклікала сацыяльныя сеткі, у прыватнасці, Фэйсбук прыняць больш сур'ёзныя меры, каб змагацца са з'яўленнем сфабрыкаваных матэрыялаў. Да таго ж Фэйсбука звярнулася Украіна з просьбай – распрацаваць механізм барацьбы з прыдуманымі навінамі. У Інданэзіі ў бліжэйшы час плануюць выдаць спецыяльную фетву (рашэнне муфтыяў) супраць распаўсюджвання фальшывых паведамленняў. І не дзіўна: апублікаваны ў інтэрнэце відэаролік з ілжывымі абвінавачаннямі супраць губернатара Джакарты (хрысціяніна) выклікаў хваляванні сярод соцень тысяч мусульман. Адчуваеце цяпер рэальную сілу віртуальных фэйкавых навін? Дарэчы, гэты тэрмін стаў глабальна папулярным дзякуючы Дональду Трампу. Памятаеце, як падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Нью-Йорку ён літаральна не даў журналісту CNN задаць пытанне, выдаўшы яму: «ваша арганізацыя – агідная, вы – фэйкавыя навіны»! Менавіта пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у ЗША прыдуманыя навіны і сталі глабальнай праблемай. Падчас кампаніі ў сацыяльных сетках пастаянна з'яўляліся лжывыя паведамленні, звязаныя з асноўнымі кандыдатамі. То пісалі, што Папа Рымскі падтрымаў Трампа, то прыдумвалі, што Хілары Клінтан памерла ад пнеўманіі. Гэтыя фэйкі разляталіся па сетцы з імклівай хуткасцю, збіраючы тысячы каментарыяў і мільёны праглядаў. Іх пачыналі абмяркоўваць па-за межамі інтэрнэту. А пасля вядомая сітуацыя: ці то ён украў, ці то ў яго ўкралі, але асадак застаўся! Усё яшчэ думаеце, што вас гэта не датычыцца? Што гэта вялікая палітыка, глабальныя праблемы, а пры чым тут звычайны чалавек? Вось вам іншы прыклад. Некалькі гадоў таму адной з галоўных навін стала распаўсюджванне смяротнага вірусу Эбола. Страх перад небяспечнай хваробай з'явіўся ў жыхароў многіх краін. А паніка прыводзіць да таго, што людзі лягчэй вераць у несапраўдную інфармацыю. У той час у сацыяльных сетках прайшоў незвычайны розыгрыш, аўтары якога сцвярджалі: калі выпіць шмат салёнай вады, гэта дапаможа не заразіцца Эболай. Як паведамляе тэлеканал АВС, мінімум два чалавекі паверылі ў гэты розыгрыш і праверылі на сабе. Зрабілі так, як ім падказалі ў інтэрнэце. Вынік – смерць ад празмернага ўжывання солі. А цяпер проста ўявіце – колькі такіх фэйкавых, прыдуманых парад (у тым ліку пра здароўе) можна знайсці ў сетцы пад відам сур'ёзнай інфармацыі?! Канечне, падробленыя навіны былі заўсёды. Прыгадайце з'яўленне фэйкавага рэвізора ў аднайменнай п'есе Мікалая Гогаля і ўсё, што следам адбылося! Між іншым, асновай для літаратурнай фантазіі стала цалкам рэальная гісторыя. Хрэстаматыйным можна назваць і прыклад з амерыканскай радыёстанцыяй, якая напужала слухачоў радыёспектаклем «Вайна сусветаў» па рамане Уэлса. Больш за мільён слухачоў паверылі тады ў нашэсце марсіян і кінуліся ўцякаць са сваіх дамоў. Але ж усе гэтыя гісторыі былі ў мінулых стагоддзях. Са з'яўленнем найноўшых тэхналогій праблема рэзка абвастрылася. Сёння навіны даступныя ў самых розных фарматах – па радыё, тэлебачанні, у газетах, у сацыяльных сетках, блогах, Тэлеграм-каналах і на іншых пляцоўках для камунікацыі. Карацей, інфармацыі настолькі шмат, што праверыць кожнае паведамленне – ці праўда гэта? - практычна немагчыма. Не дзіўна, што многія даюць веры самым фантастычным, на першы погляд, навінам. Ці трэба вінаваціць толькі тых, хто прыдумвае фэйкавыя паведамленні? Думаю, частка адказнасці – і на саміх чытачах. На тых, хто бачыць такія навіны і распаўсюджвае іх далей, актыўна каменціруе, ставіць «лайкі». Бо механізм вельмі просты: чым больш у фэйкавай навіны «лайкаў», чым больш яе праглядаюць, тым вышэй яна ўзлятае ў топе навін. Разумееце? Выбар тут робяць ужо не прадстаўнікі афіцыйнай прэсы – пра што расказваць чытачам, а пра што не – а самі чытачы, спажыўцы навін. Але першыя адказваюць за якасць інфармацыі (часам нават у судзе), а другія… Другія могуць толькі паскардзіцца – зноў нас падманулі! І што цікава, ёсць нават інтэрнэт-сайты, якія самі ўказваюць: усе навіны ў нас фэйкавыя, а калі вы паверылі ў іх, то вы – дурні. Дык вось, такіх дурняў часам бывае – тысячы. Як у леташняй гісторыі з адным галівудскім акцёрам, якога падазравалі ў нетрадыцыйнай арыентацыі. Што ж рабіць ва ўсёй гэтай сітуацыі спажыўцам інфармацыі (гэта значыць, усім нам)? У сацыяльнай сетцы Фэйсбук пасля ўсіх апошніх абвінавачванняў паабяцалі прыдумаць механізмы, якія дапамогуць выяўляць інфармацыйныя фальшыўкі. І нават пазначаць іх маркерам «хлусня». Тэхналогію «абкатаюць» у Германіі, дзе хутка парламенцкія выбары, а значыць, ёсць небяспека выкарыстання фэйкавых навін. Зрэшты, адным Фэйсбукам праблема не абмяжоўваецца, ды і невядома яшчэ, як усе гэтыя новаўвядзенні спрацуюць. Так што лепшая парада: спадзявайцеся толькі на сябе. Уключайце крытычнае мысленне, каб не патануць у патоку інфармацыі. Не кідайцеся чытаць паведамленні з занадта гучнымі – на мяжы фолу – загалоўкамі. Зноў і зноў паўтараю: выбірайце надзейныя крыніцы інфармацыі. Як, напрыклад, інтэрнет-старонка Першага нацыянальнага канала – радыё.бел. З такім узбраеннем вам будуць не страшныя ніякія фэйкі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: