
Адметны сёння дзень для нашай праграмы і маіх калег-«радыёблогераў» - Дзень блога. Гісторыя яго ўзнікнення дастаткова мудрагелістая – у 2005-ым годзе актыўныя карыстальнікі Жывога Журнала ў інтэрнэце ўгледзелі ў англійскім слову blog лічбы 3108. Так і нарадзілася ідэя святкаваць дзень 31-га жніўня.
Сёння гэтая частка інтэрнэту (яе называюць блогасферай) – адна з самых актыўных у сваім развіцці. У свеце больш за 70 мільёнаў блогаў, колькасць іх павялічваецца ў разы кожны год. Фактычна гэта ператвараецца ў асобную сацыяльную сетку, а некаторыя эксперты нават прадракаюць: блогі будуць альтэрнатывай традыцыйным сродкам масавай інфармацыі.
І пры гэтым многія, я ведаю, дагэтуль не зусім уяўляюць – што ж за дзіва такое, блогеры? У адной з нядаўніх праграм я прыводзіў ужо даныя апытанняў у суседняй Расіі: большасць расіян не давяраюць блогерам, не цікавяцца іх запісамі або відэаролікамі ў сацыяльных сетках, а кожны чацвёрты ўвогуле не разумее - у чым сэнс такой дзейнасці?
Прызнаюся шчыра, сам не разумею, калі некаторыя людзі прадстаўляюць сябе: блогер, ну скажам, Іваноў. І пра што мне гэта павінна сказаць? Хто ты, чым у жыцці займаешся? Калі кнігі пішаш, бізнес развіваеш, фатаграфуеш або дзяцей вучыш у школе – дык для кожнага гэтага занятку, прафесіі ёсць свая назва. Але ж не – абавязкова трэба назвацца модным словам «блогер»!
З іншага боку, нельга не заўважыць: блогеры сёння – гэта ўжо з'ява, з якой трэба лічыцца. Так, адзін з самых вядомых амерыканскіх блогаў - «Хафінгтан Пост», створаны 12 гадоў таму, - сёння цытуюць ледзь не часцей, чым некаторыя салідныя выданні ЗША. Адна толькі лічба, каб вы зразумелі маштабы: у штаце «Хафінгтан Пост» - 9 тысяч пастаянных аўтараў, сярод якіх вядомыя палітыкі і аўтарытэтныя вучоныя. Сваім стваральнікам блог прыносіць мільённыя прыбыткі.
Цікавы і вопыт суседняй Расіі. Там нядаўна прайшло першае пасяджэнне «Савета блогераў» - у Дзяржаўнай думе. Праўда, як пішуць СМІ, большасць самых папулярных блогераў на першае пасяджэнне не прыйшлі – апасаюцца, што дэпутаты будуць выкарыстоўваць іх папулярнасць для сваёй рэкламы. Тым не менш, у канцы мая на парламенцкіх слуханнях у расійскай Дзярждуме выступала мега-папулярная сярод падлеткаў відэаблогер Саша Спілберг. Дзяўчыне яшчэ няма і 20-ці гадоў, а яна дзялілася з саліднымі палітыкамі сваімі поглядамі на развіццё інтэрнэту і нават каменціравала некаторыя палітычныя падзеі ў краіне.
Дык хто ж такія блогеры? Па сутнасці сваёй, а не тыя, хто проста назваўся модным словам? Фактычна – гэта людзі, якія, па Талстому, не могуць маўчаць. Ім трэба выказаць сваю ацэнку, падзяліцца меркаваннем, пракаменціраваць. Толькі раней для гэтага яны выходзілі ў кола сваіх сяброў, на вуліцу, пісалі ў газеты і часопісы або прыходзілі на радыё і тэлебачанне (і яшчэ вялікае пытанне – ці размаўлялі там з імі ўвогуле або адразу адпраўлялі).
А цяпер усё прасцей у сто разоў – заходзь у інтэрнэт і пішы ўсё, што хочаш. На любых платформах. І самае смешнае, што ў любога такога «пісьменніка» дакладна знойдзецца хоць некалькі, але чытачоў. Хоць мільённая аўдыторыя, канечне, на пустым месцы не з'явіцца. Тут патрэбныя і талент, і своеасаблівыя здольнасці, і адчуванне інтарэсаў людзей, і… грошы. Вялікія грошы. Часам мне ўвогуле здаецца, што гэта і ёсць адзіны сакрэт такой шалёнай папулярнасці пэўных блогераў. Той самы амерыканскі блог «Хафінгтан Пост» усяго праз год пасля запуску атрымаў 5 мільёнаў долараў інвестыцый ад буйнога банка – пагадзіцеся, гэта не на каленцы пісаць. Тая самая 19-цігадовая Саша Спілберг, у якой 5 мільёнаў падпісчыкаў на канале, – дачка венчурнага інвестара і аднаго з кіраўнікоў студыі, што займаецца рэкламай у сацыяльных сетках. А папулярызацыяй 21-гадовага беларускага блогера Улада Бумагі, пра якога нядаўна столькі пісалі і гаварылі, займаюцца адразу дзве кампаніі. Карацей, на геніяў-адзіночак з мільённай арміяй чытачоў, слухачоў або гледачоў яны не вельмі падобныя. Не дзіўна, што і ў ЗША блогерам – у параўнанні з іншымі крыніцамі інфармацыі – пачынаюць давяраць усё менш. Таму што іх інфармацыя часта – проста схаваная рэклама. А некаторыя не надта і хаваюць.
З іншага боку, у блогах можна знайсці шмат карыснай інфармацыі. Хтосьці ведае, як правільна вырошчваць вялікія ўраджаі агуркоў, хтосьці вучыць, як гатаваць смачна і пры гэтым карысна, хтосьці падкажа, як самому адрамантаваць аўтамабіль або зрабіць рамонт у кватэры, а іншыя цікава пішуць пра сусветную палітыку. Папулярнасць такіх блогераў – натуральная, без усялякіх ботаў, хайпаў і іншай лухты. Многія з іх сапраўды робяць наша жыццё больш лёгкім і цікавым.
Дарэчы, хутка спаўняецца год і нашаму праекту - «Радыёблог». За гэты час мы атрымалі шмат водгукаў ад вас – цяпер не толькі слухачоў, але і чытачоў. Некаторыя аўтары «Радыёблога» (я гэта дакладна ведаю) падумваюць над тым, каб выпусціць свае нататкі ўжо ў выглядзе кніжкі. З'явяцца ў перадачы і новыя аўтары. А вы заўсёды зможаце нас знайсці ў эфіры, на хвалі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, і ў інтэрнэце, у самых папулярных сацыяльных сетках.