Падзяліцца:
Розгалас. Як афрыканскія дзеці працуюць на ваш айфон. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
14 лютага 2018
Розгалас. Як афрыканскія дзеці працуюць на ваш айфон. Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Вы калі-небудзь задумваліся, з чаго складаецца ваш айфон? Ну добра, магчыма, у вас іншы смартфон або ўвогуле вам цалкам хапае мабільнага тэлефона з кнопкамі, таму і пытаннем такім вы не задаваліся. А вось журналіст Браян Мерчант - задаўся. Пэўны час таму ён спецыяльна набыў новы шосты iPhone і адправіў яго ў лабараторыю, каб там правялі дакладны аналіз - з якіх жа хімічных элементаў складаецца гаджэт? Усяго знайшлі каля 30-ці элементаў – а гэта, між іншым, чвэрць перыядычнай табліцы Мендзялеева. Але журналіст рабіў гэта не дзеля своеасаблівага ўроку хіміі, ён пайшоў далей. Мерчант вырашыў высветліць – адкуль у айфон трапляюць такія рэдкія металы, як золата, вальфрам, тантал і іншыя. Ён прасачыў ланцужкі паставак металаў і прыйшоў да несуцяшальных высноў: ваш айфон можа быць зроблены з металаў, якія здабыты дзіцячай і рабскай працай у так званых краінах трэцяга свету. Так, у адной з капальняў Балівіі, дзе пабывалі журналісты, руду здабываюць ужо больш за 500 гадоў. Але галоўную выгаду, на жаль, і да сёння атрымліваюць не мясцовыя жыхары, а перакупшчыкі руды, якія прадаюць металы за мяжу, у тым ліку вытворцам смартфонаў. Пры гэтым на капальні вельмі цяжкія ўмовы працы, штогод там гінуць сотні работнікаў. Раней той жа Браян Мерчант пабываў на найбуйнейшай фабрыцы Foxconn, дзе робяць айфоны. Раней тут працавала амаль паўмільёна чалавек, цяпер менш. Восем гадоў таму фабрыка стала сумна вядомай з-за вялікай колькасці суіцыдаў, якія работнікі ўчынялі проста ў інтэрнатах – з тых часоў пад высокімі будынкамі засталіся нацягнутыя сеткі. Зразумела, адбывалася гэта ўсё не ад шчаслівага жыцця – за дзень праз рукі работнікаў праходзілі тысячы смартфонаў, умовы працы былі далёкімі ад камфортных. А яшчэ раней журналісты «Вашынгтон пост» зрабілі вялікі матэрыял пра тое, як у Конга здабываюць кобальт таксама для вытворцаў розных навамодных дэвайсаў. Робяць гэта афрыканскія дзеці літаральна пад дуламі аўтаматаў, бо здабычу кантралююць узброеныя паўстанцы. І вось цяпер паглядзіце на свой смартфон і на хвіліну задумайцеся: магчыма, ён таксама створаны дзякуючы рабскай працы афрыканскіх дзяцей? Было б горкай іроніяй лёсу, калі б з гэтага гаджэта пісалі заклікі ў сацыяльных сетках, скажам, дапамагчы абяздоленым дзецям. Ад такой думкі неяк няёмка, пагадзіцеся. Зрэшты, вытворца айфонаў – кампанія Apple – нядаўна першай абавязалася, што будзе правяраць сваіх пастаўшчыкоў. І калі ў іх будзе так званая канфліктная сыравіна - металы, пры вытворчасці якіх парушаюцца правы чалавека, - Apple не будзе іх браць. Але ж раней нічога не перашкаджала так рабіць. Ды й невядома, ці гатовы пераймаць такі прыклад іншыя вытворцы гаджэтаў. І ўвогуле – заявы заявамі, а што там будзе на справе, яшчэ паглядзім. Але што ж цяпер рабіць людзям з абвостраным пачуццём справядлівасці? Узяць і адмовіцца ад любых смартфонаў? Канечне, не - гэта было б глупствам. Трэба сказаць, гэта не першая канфліктная сітуацыя. Больш за 10 гадоў таму пасля выхаду галівудскай стужкі «Крывавы алмаз» спрэчкі разгарнуліся вакол алмазнай галіны. Многія знакамітасці тады абяцалі, што больш ніколі ў жыцці не купяць ніводнага алмазу – пасля таго, як убачылі, колькі слёз і крыві на шляху гэтых каштоўных камянёў ад афрыканскіх радовішчаў да еўрапейскіх і амерыканскіх ювелірных салонаў. Між тым, выканаўца галоўнай ролі ў фільме Леанарда Ды Капрыа тады падкрэсліваў у інтэрв'ю: «Фільм не пра тое, што не трэба купляць алмазы ўвогуле. Ён пра тое, што кожны раз, выпісваючы чэк, вы адабраеце метады вядзення бізнесу той ці іншай кампаніяй». Думаю, такі падыход можна прымяніць і да сітуацыі са смартфонамі (а таксама – адзеннем, аўтамабілямі і многімі іншымі рэчамі ў сённяшнім грамадстве спажывання). Без мабільнага тэлефона зараз не абыйсціся, але ці абавязкова набываць той, які каштуе больш за тысячу долараў? І ці так неабходна кожны год яго мяняць, калі асноўны функцыянал застаецца амаль нязменным шмат гадоў? Тут усё проста: пакуль ёсць попыт – будзе і прапанова. Пакуль ёсць людзі, гатовыя шмат гадзін стаяць у чарзе па смартфоны і браць крэдыты з шалёнымі працэнтамі, каб толькі абнавіць свой дэвайс – афрыканскія дзеці будуць здабываць металы пад дуламі аўтамататаў. А ўвогуле, памятаеце, як вучылі нас у дзяцінстве са старонак падручнікаў шанаваць працу іншых людзей? Я памятаю гэта на прыкладзе хлеба. «Ніводнай крошкі міма рота!». Барані бог, выкінуць хлеб! Бо за кожным караваем – праца многіх і многіх рук, ад хлебаробаў да пекараў і прадаўцоў. Ці часта мы задумваемся сёння, трымаючы ў руках тую ці іншую рэч, колькі працоўнага поту іншых за ёй стаіць?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: