Падзяліцца:
Розгалас. Якіх бяруць у касманаўты? Радыёблог Максіма Угляніцы (аудыё)
12 Красавіка 2017
Розгалас. Якіх бяруць у касманаўты? Радыёблог Максіма Угляніцы (аудыё) Памятаеце, калісьці ўсе савецкія хлопчыкі жадалі стаць касманаўтамі? А вось у часы майго дзяцінства (гэта было ў канцы 80-ых) пра космас марылі ўжо нямногія. Не дзіўна – з часу першага палёту чалавека ў космас мінула чвэрць стагоддзя, пра Юрыя Гагарына мы, канечне, чыталі, але кумірам для нас ён ужо не быў. Праўда, па завядзёнцы школьнікаў малодшых класаў працягвалі фатаграфаваць у такіх вось касмічных дэкарацыях. Незразумела толькі, навошта «заваёўнікам космасу» біноклі. Але чым больш жыву, тым усё больш разумею: тое, што здзейсніў Юрый Гагарын, - сапраўды подзвіг. Нават не з нейкіх агульнадзяржаўных пазіцый або з меркаванняў развіцця навукі, гэта занадта глабальна! А проста па-чалавечы. Вы толькі ўявіце – адправіцца туды, дзе ніхто з людзей ніколі да цябе не бываў. Ніхто і ніколі. Адправіцца з не самымі дакладнымі перспектывамі вяртання на Зямлю. Не, канечне, спецыялісты ўсё сто разоў пралічвалі… Але ж гэта космас! Хто і што там можа гарантаваць на 100 працэнтаў? Ды і ўвогуле – само адчуванне, на бытавым узроўні: ты вісіш недзе ў космасе, пад табой – больш за тры сотні кіламетраў. Калі што, ты не скажаш: добра, дзякуй, адкрыйце дзверы, я выйду. Выходзіць няма куды! Якая ж моцная псіхіка была ў першага касманаўта! Дарэчы, тады ніхто са спецыялістаў не мог дакладна пралічыць – што будзе з чалавечай псіхікай у такіх умовах. Дапускалі, што касманаўт можа страціць кантроль над сабой. Таму Гагарын, умоўна кажучы, быў пасажырам касмічнага карабля – за яго ўсю работу праводзіла аўтаматыка. А перайсці на ручное кіраванне ён мог толькі, увёўшы сакрэтны код. Паперка з кодам была ў спецыяльна запячатаным канверце (чамусьці лічылася, што калі чалавек можа раскрыць канверт, значыць з ім усё ў парадку). Сёння ўжо вядома, што той сакрэтны код – лічбу «25» - Гагарыну перад стартам шапнулі на вуха амаль усе, хто ведаў тайну. Настолькі давяралі. Але ж былі і рэчы, якіх Гагарын проста не мог ведаць – таму што быў першым. Іх ведаюць сучасныя касманаўты. Так, наш зямляк Алег Навіцкі, які зараз у космасе, расказваў мне ў інтэрв'ю пасля сваёй першай касмічнай экспедыцыі: калі ракета выходзіць на арбіту, ёсць пэўны момант. У гэты момант касманаўтаў як быццам б'е кувалдай па галаве. А пасля ім здаецца, што карабель пачынае падаць. Добра, што пра гэта іх папярэджваюць яшчэ задоўга да палёту, калі разам са спецыялістамі дакладна адпрацоўваюць усе нюансы старту. Але ўсё роўна адчуванне не з самых прыемных. Пасля такіх расказаў чарговы раз прызнаюся сабе: нават у сне не магу ўявіць палёту ў космас. Ні за якія пернікі! Нават калі б за гэта вялікія грошы плацілі! Самае смешнае, што ўсё наадварот – якраз за магчымасць наведаць космас некаторыя людзі (не касманаўты) гатовы аддаць шалёныя грошы. Праўда, шалёныя – гэта за знаходжанне на борце Міжнароднай касмічнай станцыі, такое каштуе дзясяткі мільёнаў долараў. А вось злятаць у космас за гадзіну-паўтары будзе каштаваць у сярэднім 150-200 тысяч долараў. Такія прапановы робяць некалькі амерыканскіх кампаній. Першыя палёты папярэдне планаваліся ледзь не сёлета. Пасля некалькі аварый караблёў крыху астудзілі запал такіх касмічных турыстаў. Але не сумняваюся, першыя ўражанні тых, хто ўбачыў нашу планету на невялікай адлегласці, мы пачуем ужо вельмі хутка. А там, неўзабаве, я веру, ажыццявяцца і фантазіі пісьменніка Кіра Булычова, якія агучыў Коля Герасімаў у самым вядомым дзіцячым тэлесерыяле савецкіх часоў «Гостья из будущего»: - Билеты на Луну есть? - Регистрация и посадка на лунный рейс закончены. - Ну ладно… Ну хоть куда-нибудь, только чтоб сразу полететь. - Вопрос не понят. Куда вам надо? - Мне… Ну хотя бы на Уран. Дарэчы, у 2006 годзе мне ўдалося пабываць на касмадроме Байканур у Казахстане. У тым ліку і на так званым «гагарынскім старце» - тым месцы, адкуль паляцеў карабель «Усход» з першым у гісторыі касманаўтам на борце. Калі стаіш на гэтым месцы і спрабуеш уявіць сабе: вось зараз – ды ў космас… Павага да ўчынку гэтага чалавека толькі павялічваецца. Зрэшты, памяць лепш захавала нейкія бытавыя моманты з таго наведвання касмадрома. Рэзкая змена тэмпературы, калі выходзіш з самалёта – адразу горача і суха, як быццам зайшоў у саўну. Кіламетры і кіламетры пустынных пейзажаў, якія рэдка перамяжаюцца адзінокімі вярблюдамі і спецыяльнымі ўстаноўкамі для запуску ракет. І скарпіён, якога я ўпершыню ўбачыў менавіта на Байкануры – проста на сумачцы ў адной з калег. А яшчэ – чырвона-сіні касцюм касманаўта-беларуса Пятра Клімука ў мясцовым музеі касманаўтыкі. Так, пасля гэтага космас стаў мне крыху бліжэй. І ўсё роўна ён мяне пужае. Як пужае ўсё гіганцкае і да канца невядомае. А космас шмат у чым застаецца для чалавецтва невядомым, колькі б адкрыццяў мы ні рабілі. Але з іншага боку, ён і прыцягвае, як усё невядомае. Калі б не прыцягваў, ці прыдумаў бы наш зямляк Казімір Семяновіч прататып шматступенчатай ракеты? Бо зрабіў ён гэта амаль за 300 гадоў да палёту Гагарына – куды можна ляцець на такой ракеце, як не ў космас?! Калі б не прыцягваў, ці напісаў бы наш паэт Максім Багдановіч свае, напэўна, самыя «касмічныя» радкі? «Нашто ж на зямлі Сваркі i звадкі, боль i горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор?»
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: