Падзяліцца:
«Розгалас. Як нам рэарганізаваць інтэрнэт?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
2 красавіка 2019
«Розгалас. Як нам рэарганізаваць інтэрнэт?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Як наладзіць кантроль за інтэрнэтам і ці магчыма гэта ўвогуле зрабіць? За тры дзясяткі гадоў існавання сусветнага павуціння адпаведныя спрэчкі разгараліся не раз. І чым глыбей інтэрнэт пранікае ў наша жыццё, тым часцей дыскусіі здараюцца. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба – дастаткова было ўважліва чытаць інфармацыйныя стужкі ў апошнія некалькі тыдняў. Так, у Беларусі працягвалі абмяркоўваць палажэнні Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, падпісанай Прэзідэнтам 18-га сакавіка. Калі вы думаеце, што гэты дакумент толькі пра інфармацыю, журналістаў, СМІ і гэтак далей, то дарэмна – ён апісвае рэчы, з якімі сёння сутыкаецца амаль кожны з нас, больш ці меньш. Але да Канцэпцыі мы вернемся крыху пазней. У суседняй Расіі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў заявіў: у расійскім сегменце інтэрнэту не будзе такога рэгулявання, як у Кітаі. Хаця б таму, што нават у Кітаі гэтае рэгуляванне часта не прыносіць чаканых вынікаў. Дарэчы, паказальна, дзе зрабіў адпаведныя заявы кіраўнік расійскага ўрада – у прамым эфіры сацыяльнай сеткі Вконтакте. Што да кітайскага інтэрнэту, то гэта асобная, вельмі вялікая тэма. Адзначым толькі, што доступ да шэрагу замежных рэсурсаў (у тым ліку – да большасці самых папулярных сацсетак) у КНР абмежаваны ў рамках праекту «Залаты шчыт». Затое ёсць, напрыклад, сэрвіс мікраблогаў Weibo – яго яшчэ называюць «кітайскім Twitter». Дык вось, у гэтым Weibo блогеры і ўладу крытыкуюць, і розных карупцыянераў выкрываюць – кар'ера многіх мясцовых і рэгіянальных чыноўнікаў была сапсавана пасля запісаў у сацыяльнай сетцы. Больш за тое, у Кітаі ёсць такі дзіўны феномен, надзвычай папулярны сярод моладзі, які называецца «марсіянская мова». Гэта сумесь кітайскіх, карэйскіх, японскіх, лацінскіх знакаў пісьменства, арабскіх лічбаў і розных сімвалаў. Іх ужываюць у самых неверагодных спалучэннях, каб закадзіраваць тое ці іншае слова і такім чынам абысці розныя забароны ў інтэрнэце. Нават мудрагелістыя праграмы праверкі тэкстаў такой падмены не заўважаюць. Сваё слова пра развіццё інтэрнэту нядаўна сказаў і яго стваральнік Цім Бернерс-Лі. Брытанца называюць «бацькам інтэрнэту», бо гэта ён разам са сваім паплечнікам 30 гадоў таму прыдумаў праект пад назвай «сусветнае павуцінне». У інтэрв'ю швейцарскаму выданню Le Temps Цім Бернерс-Лі выказаў занепакоенасць некіруемым развіццём глабальнай сеткі. Ён прывёў такое параўнанне: «Інтэрнэт – як сусветная фінансавая сістэма. Здавалася б, усё ў парадку. Але ў адзін цудоўны дзень можа ўзнікнуць пагроза абвалу. Таму цалкам неабходна ўстанавіць ахоўныя меры». Яшчэ летась Бернерс-Лі прапанаваў на суд грамадскасці «Дагавор пра інтэрнэт» – свайго роду хартыю правоў і абавязкаў урадаў, кампаній і прыватных асоб. Наколькі можна меркаваць, ніхто не пабег на злом галавы гэты дагавор падпісваць. У розных ігракоў тут занадта розныя інтарэсы. Нарэшце на мінулым тыдні ў Еўропе шырокі розгалас атрымала навіна: Еўрапарламент такі падтрымаў дырэктыву, якая робіць больш жорсткім заканадаўства ў сферы аўтарскага права ў інтэрнэце. І гэта пры тым, што многія еўрапейскія дзяржавы былі супраць, а дзясяткі тысяч чалавек у розных краінах выходзілі на мітынгі «у абарону інтэрнэту». Калі вельмі коратка: Еўрасаюз цяпер збіраецца абавязаць інтэрнэт-платформы правяраць увесь кантэнт, што публікуецца ў сеціве. Зрабіць гэта можна толькі з дапамогай спецыяльных фільтраў – хоць пра іх у дырэктыве, зразумела, ні слова. Напрыклад, вы загрузілі відэа, у якім ёсць усяго некалькі акордаў чужой песні, і ваша відэа тут жа блакіруецца. Жадаеце выкарыстоўваць чужы матэрыял – плаціце за яго грошы, такі вось прынцып. Ці выйграюць ад новаўвядзенняў творцы (мастакі, музыканты, рэжысёры і іншыя), а таксама журналісты – пакуль незразумела. Ёсць розныя меркаванні. Кажуць, масцітыя, сусветнавядомыя творцы могуць і выйграць, а тыя, хто толькі робіць першыя крокі, хто мог бы раскруціцца праз інтэрнэт, могуць у выніку не атрымаць ні грошай, ні славы. Адна з высноў такая: барацьба за аўтарскія правы ў Еўрасаюзе можа ператварыцца ў цэнзуру неразборлівых робатаў. Яны будуць аўтаматычна адсочваць усё, што загружаецца ў інтэрнэт, і пры гэтым не надта ўдавацца ў падрабязнасці. Скажам, цытату ад пірацтва могуць і не адрозніць. Або калі вы на сяброўскай вечарынцы праспяваеце Happy Birthday To You, ваша відэа робат можа заблакіраваць – бо правы на гэтую песню належаць канкрэтнай кампаніі, і хто там будзе разбірацца, што ваша выкананне было аматарскім! Карацей, у гэтай гісторыі шмат падрабязнасцей, але многія ўжо лямантуюць: свабоды інтэрнэту ў яе цяперашнім выглядзе ў Еўропе больш не будзе. А што ў Беларусі? Чый вопыт узаемадзеяння з інтэрнэтам нам больш карысны? Давайце зноў вернемся да Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі. Адразу ў некалькіх яе пунктах згадваецца стратэгічны прынцып: баланс свабоды інфармацыі і права на тайну. З аднаго боку, канстытуцыйнае права любога чалавека свабодна шукаць, атрымліваць, ствараць, распаўсюджваць інфармацыю любым законным спосабам. А з другога – права на тайну асабістага жыцця, абарону персанальных даных, абмежаванні, звязаныя з нацыянальнай бяспекай. Між тым, у пункце 84 Канцэпцыі прапісана найважнейшае паняцце – «прэзумпцыя свабоднага распаўсюджвання інфармацыі». Гэта значыць, усё ж на першым месцы, па змаўчанні – свабодны рух інфармацыі. І можна зразумець, чаму. У Беларусі на ўзроўні Прэзідэнта аб'яўлены курс на пабудову ІТ-краіны, дзеля гэтага прыняты рэвалюцыйныя рашэнні. Гэта значыць, усё больш актыўна лічбавыя тэхналогіі будуць прыходзіць у наша з вамі жыццё, прычым у самыя розныя сферы. Гэта значыць, усё больш на экспарт будзе пастаўляцца лічбавага прадукту, зробленага беларускімі спецыялістамі. Такое магчыма толькі пры актыўным, свабодным развіцці інтэрнэту – канечне, без парушэння законаў і з улікам нацыянальных інтарэсаў. Таму, на мой погляд, пытанне «чый вопыт нам падыходзіць?» няправільнае. Наадварот – унікальны вопыт Беларусі па развіцці інтэрнэт-тэхналогій з часам можа аказацца карысным для іншых краін.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: