Падзяліцца:
«Розгалас. Яскравыя мы». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
25 чэрвеня 2019
«Розгалас. Яскравыя мы». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Наколькі ўжо я не эмацыйны чалавек (прынамсі, знешне), але і тое тыдзень таму, як кажуць, «прабіла» на эмоцыі. Адбылося гэта пасля таго, як выпала пачэсная місія стаць адным з факеланосцаў «Полымя міру» ад Белтэлерадыёкампаніі на Другіх Еўрапейскіх гульнях у Мінску. Скажу шчыра, пакуль слухаў інтэрв'ю іншых «калег»-факеланосцаў (а гэта знакамітыя людзі, прафесіяналы з самых розных сфер дзейнасці), якія прабеглі сваю дыстанцыю раней, міжволі думаў: напэўна, яны крыху перабольшваюць. Ну няўжо ж гэта такія неверагодныя эмоцыі? Але, ведаеце, насамрэч так яно і ёсць.

Упершыню адчуў гэта на плошчы Дзяржаўнага Сцяга ў Мінску, на ўрачыстай цырымоніі сустрэчы «Полымя міру». На той час эстафета прайшла па Еўропе, па ўсіх рэгіёнах Беларусі, і нарэшце агонь Гульняў дайшоў да сталіцы. Дык вось там, на плошчы, убачыўшы побач нашых праслаўленых спартсменаў, я раптам падумаў: а што, калі выпадзе гонар пранесці той самы факел, які раней пранеслі Дар'я Домрачава, або Максім Мірны, або Андрэй Багдановіч, або Вольга Мазуронак, або нават Аляксандр Мядзведзь? Для мяне яны, як і многія іншыя нашы атлеты, сапраўдныя героі, без перабольшання.

Тыя, хто можа гадзінамі, без перапынку, змагацца на корце проста перад вачыма шматлікіх гледачоў, вырываючы перамогу, што называецца, «на жылах». Або ісці да сваёй мэты да апошняга, нягледзячы на фізічнае адчуванне, каб кроў з носу быць першай (пра кроў, дарэчы, гэта не толькі фігуральны выраз, прыгадайце перамогу бягунні Вольгі Мазуронак). Або нават перамагаючы, дапамагчы саперніку, часам прапусціць яго наперад, у рамках так званай Fair play, «справядлівай гульні» – аднаго з асноўных спартыўных прынцыпаў яшчэ з часоў Старажытнай Грэцыі.

Так, ведаю, што ёсць людзі, якія скажуць – і што тут гераічнага? Гэта проста іх работа, як і ў… і далей спіс розных важных прафесій. Такім людзям я б параіў, па-першае, казаць толькі за сябе, а не за ўсіх іншых. А па-другое, адказаць на пытанне: у ваш гонар калі-небудзь уздымалі дзяржаўны сцяг і выконвалі дзяржаўны гімн? Калі не, то лепш проста памаўчаць.

Праз некалькі дзён пасля цырымоніі на плошчы Дзяржаўнага Сцяга настала мая чарга ўзяць факел з полымем і прабегчы свой адрэзак эстафеты (ён, дарэчы, называецца слотам). Вось тут я і прыгадаў, што казалі ў інтэрв'ю іншыя факеланосцы – і пра вялікую адказнасць, і пра незвычайнае хваляванне, якое ахоплівае ў момант, калі бярэш двухкілаграмовы факел, а спецыяльныя супрацоўнікі каманды эстафеты запальваюць у ім агонь. Усё так, усё праўда – выпрабавана на сабе. А пасля ўрачыстай прабежкі – пачуццё эйфарыі. І невялікая чарга з жадаючых зрабіць фота на памяць. У маім выпадку (я гэта разумею) – не столькі з факеланосцам, колькі з сімвалам Еўрапейскіх гульняў.

Адкуль жа тое хваляванне і адказнасць? Магчыма, найлепшае тлумачэнне – у каментарыі, які пакінула пад фота з эстафеты ў сацыяльнай сетцы адна з маіх даўніх знаёмых: «Ну вось ты і дакрануўся да гісторыі!»

Сапраўды, вось так, на нашых вачах Еўрапейскія гульні становяцца гісторыяй. Якой – ніхто зараз дакладна не скажа, немагчыма ж зазірнуць на дзесяцігоддзі наперад! Але менавіта таму, што на нашых вачах – мы часам таго і не разумеем. Складана ж глядзець на падзеі вачыма нашых дзяцей і ўнукаў. Якім, цалкам магчыма, мы будзем з гонарам расказваць: а гэта ж мы, Беларусь, стаялі ля вытокаў… Разам з іншымі краінамі, натуральна. Дарэчы, ужо можна дакладна сказаць: у Гульняў будзе працяг. Наступныя, трэція пройдуць у суседняй Польшчы, у Кракаве, праз чатыры гады.

І тут я хачу паўтарыць думку некаторых сваіх калег: з вялікім нецярпеннем мы будзем чакаць, што скажуць цяпер асобныя галасы з Варшавы (нашы, беларускія галасы), якія апошнія месяцы так самааддана крытыкавалі правядзенне Гульняў у Мінску. Ну давайце, раскажыце нам: а навошта Польшчы гэтыя Еўрапейскія гульні? А няўжо Польшча настолькі багатая, каб праводзіць гэтыя спаборніцтвы? А больш няма на што краіне грошы патраціць, як на чарговы спартыўны форум? А што скажуць кракаўскія вадзіцелі, якім давядзецца стаяць у пробках у горадзе, дзе і без таго не самыя шырокія вуліцы? Ну і гэтак далей. Але не – цішыня на радарах. Маўчаць галасы, не задаюць пытанні. Як вады ў рот набралі. (Або не вады, а іншай субстанцыі, якой прызвычаіліся карыстацца ў публічных дыялогах).

Але што з іх возьмеш, з вечна незадаволеных. Правільна ж кажуць, што ім не дагодзіш, што ні зрабі – ўсё дрэнна. Пачытаў я напярэдадні такіх каментатараў у Фэйсбуку, сапсаваў сабе настрой і думаў пра гэта радыёблог напісаць. На большасць такіх каментарыяў можна ж простай логікай адказаць! Але пасля ў іншую сацсетку зазірнуў, у Інстаграм, а там – тысячы і тысячы фота, дзясяткі відэа з мінскіх вуліц і спартыўных аб'ектаў з хэштэгам «Еўрапейскія гульні». Вось толькі некаторыя подпісы пад гэтымі фота:

«Я зразумела, што фанацею ад такой «дзвіжухі»! Чэмпіянат свету па хакеі, цяпер Еўрапейскія гульні. Наш горад цудоўны. Балельшчыкі так крута падтрымліваюць сваіх, мы абышлі ўвесць цэнтр і не сустрэлі ніякага хамства, толькі радасць і ўсмешкі. Мінск, будзь такім заўсёды!»

«Якая класная атмасфера зараз у Мінску! Настрой ад прагулак проста шыкоўны!»

«Не думала, што Еўрапейскія гульні будуць настолькі мне цікавыя! Стадыён гудзе, тысячы балельшчыкаў, нават я пачала крычаць «наперад» і «хутчэй»!

«Хоць у жыцці гараджан з'явіліся некаторыя нязручнасці, дух займае ад колькасці гасцей на вуліцах. Ды і ўсе мясцовыя, здаецца, выйшлі са сваіх норак і гуляюць, атрымліваюць асалоду.»

І такія цытаты можна працягваць амаль бясконца. Чарговы раз разумееш: усё ў нас у галаве. Можна бачыць адны нязручнасці і даказваць, чаму гэта дрэнна, а можна атрымліваць асалоду ад новых падзей, заводзіць новыя знаёмствы, адчуваць гонар за сваю краіну (і на спартыўных арэнах, калі нашы бяруць чарговы медаль, і проста ў размовах з замежнымі гасцямі, якія захапляюцца беларусамі), карыстацца ўсім тым, што застанецца пасля Гульняў. І канечне – бачыць, у чым мы пакуль недасканалыя (так, «славуты» беларускі сэрвіс у сферы паслуг яшчэ кульгае), і выпраўляць памылкі. Бо наперадзе абавязкова – новыя сустрэчы і форумы.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: