Падзяліцца:
26 Снежня 2016
Усё менш часу застаецца да Новага году. Адпаведна – усё больш людзей заўважаю ў магазінах і на кірмашах. І ўсё больш аўто на сталічных вуліцах, нават у выхадныя. Усё зразумела – беларусы актыўна робяць закупкі да свят. Што называецца, і на стол, і пад ёлачку. Салодкія часы для гандлю. Шчыра прызнаюся, за гэта і не люблю такія пераднавагоднія дні. Усюды мітусня, бясконцыя чэргі, тлум. Часам і не заўважаеш той «чароўнай перадсвяточнай атмасферы», пра якую пішуць у кнігах і паказваюць у фільмах. Раней спрабаваў хітрыць – рабіць пакупкі не традыцыйна ў апошнія дні, каб не стаяць у неймаверных чэргах, а загадзя. Але, здаецца, зараз усе такія разумныя сталі, ніхто на апошняе не адкладвае. Сёлета, напрыклад, вырашыў праехаць па магазінах за тры тыдні да Новага года. Што вы думаеце? - ужо было не прабіцца! Упэўнены, што сітуацыя ў сталіцы і ў рэгіёнах у гэтым сэнсе не надта адрозніваецца – на навагодні стол і падарункі людзі заўсёды знаходзяць грошы, нават калі на штосьці іншае іх часам не хапае. І ведаеце, што больш за ўсё раздражняе? Не чэргі ў магазінах самі па сабе. Перад святамі гэта натуральная рэч. А знаёмая ўсім карціна: 10 (або 20, або 30) кас, і толькі палова з іх працуе. У лепшым выпадку палова, бывае і менш. Асабліва гэтым грашаць некаторыя супер- і гіпермаркеты. Апошнім часам, калі заходжу ў такі буйны маркет, адразу ацэньваю: колькі касіраў працуе, і колькі людзей у чарзе яны ўжо сабралі. Калі шмат – не задумваючыся іду ў іншы магазін. Нават, калі ён не «супер» і не «гіпер». Навошта аддаваць грошы тым, хто не паважае мой час? Не, сапраўды, бывае сам выбар прадуктаў і іншых рэчаў займае менш часу, чым пасля дурное стаянне на касе. А калі вельмі пашчасціць, то пачнецца дадатковы набор праблем: або цэннік не прабіваецца (і тады касіры з загадкавым выглядам тэлефануюць кудысьці «у цэнтр», каб даведацца, колькі твой ёгурт каштуе), або табе прабілі тое, што ты не браў (і тады трэба рабіць «адмену», а зрабіць яе могуць толькі спецыяльна навучаныя людзі). Раней яшчэ былі аматары тытуню, якім падбіралі цыгарэты па ўсіх касах, бо ім жа патрэбная выключна «васьмёрка», або «тонкія», або «з ментолам». Зараз, на шчасце, у многіх крамах цыгарэты вынеслі ў асобны аддзел. Канечне, калі прыціснуць да сцяны гаспадароў такіх супермаркетаў, то яны абавязкова апраўдаюцца. Скажуць штосьці пра эканамічную немэтазгоднасць, маўляў, навошта выводзіць усіх касіраў, калі няма дастатковага абароту пакупнікоў. Будуць людзі сядзець без справы. А так, стаіць чарга, касір прабівае тавары, не падымаючы галавы. Усе занятыя! Але такі аргумент лёгка разбіваецца назіраннямі з жыцця. Як толькі ў той чарзе аказваецца гарачы чалавек, у якога няма ну ніякай магчымасці чакаць і цярпець, як толькі ён пачынае гучна абурацца (пажадана са словамі «дайце кнігу прапаноў» або «напішу скаргу») - тут жа за суседнюю касу ціха сядае свабодны работнік. Вуаля! Чарга хутка рассейваецца, пакупнікі разыходзяцца па дамах задаволеныя, а свабодны работнік гэтак жа ціха зноў кудысьці сыходзіць. Па іншых справах. Да новай чаргі і новага нястрыманага кліента з гучным голасам. Атрымліваецца, ёсць рэзервы! Магчыма, справа ў тым, што хтосьці проста не можа нармальна наладзіць працэсы? Але, ведаеце, нездарма кажуць: усё пазнаецца ў параўнанні. Нядаўна, стоячы ў чарзе і паціху закіпаючы, я раптам прыгадаў карцінку з дзяцінства. Самы пачатак 90-ых, адразу пасля развалу Савецкага Саюза. Мы з бацькам стаім у нейкай невыноснай чарзе ў магазіне. Здаецца, ён і тады называўся «Золотой петушок» (пагадзіцеся, актуальны ўспамін напярэдадні 2017-га - Года вогненнага пеўня). А ўсё, што можна было набыць у тым магазіне – курыныя яйкі. Магчыма, у адны рукі давалі абмежаваную іх колькасць, а магчыма, я проста пайшоў за кампанію – шчыра кажучы, не памятаю. Але што ўрэзалася ў памяць – на вуліцы ўжо прыцемкі, а мы ўсё стаім і стаім, і чарга амаль не рухаецца. Напэўна, чакалі, пакуль падвязуць новую партыю. Тыя, хто дачакаўся сваіх некалькіх дзясяткаў, выходзілі задаволеныя. А побач з гэтым магазінам, на былым Старажоўскім рынку, прыкладна ў тыя ж гады, толькі ўжо мае бабулі і дзядулі займалі чаргу за жывымі курамі. Каб была хоць нейкая дапамога ў гаспадарцы, тыя ж яйкі можна не купляць, свае будуць. Толькі іх чэргі былі непараўнальна даўжэйшымі – займалі з вечару, на ноч ішлі па дамах, а з раніцы зноў збіраліся, каб зверыць нумары, запісаныя проста на руках. Канечне, пачыналіся сваркі: «у вас іншы нумар быў», «вас тут не стаяла» і гэтак далей. Колькі часу, сіл, нерваў дзеля дзясятка курэй! Што і казаць, сёння гэта гучыць як фантастыка. Калі ў магазінах толькі тых яек – безліч відаў, малых і вялікіх, з вітамінамі і без. Не кажучы пра іншыя прадукты і тавары. Усё ж, як хутка забываем, што было! Здаецца, усяго 20 з хвосцікам гадоў мінула, а сам бы не паверыў, калі б не бачыў на ўласныя вочы. Зрэшты, і добра, што забываем – так псіхіка спрацоўвае, сціраючы з памяці ўсё негатыўнае. Але мне здаецца, часам карысна і ўспомніць. Параўнаць. Што было і што ёсць. Стоячы ў пераднавагодняй чарзе са смартфонам у руцэ, з каляскай для пакупак, нагружанай прадуктамі. А яшчэ варта помніць, што ў любыя часы ёсць рэчы, важнейшыя за прадукты і іншыя тавары. Менавіта пра гэтыя рэчы звычайна думаюць «пад бой курантаў», калі загадваюць жаданне...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: