Падзяліцца:
«Розгалас. З пасланнем да народа». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
24 красавіка 2018
«Розгалас. З пасланнем да народа». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Пасланне кіраўніка дзяржавы да народа і яго прадстаўнікоў, парламента, – адна з класічных форм дэмакратыі; яе карані гісторыкі знаходзяць яшчэ ў антычнасці. Добра вядомая яна і ў беларускай гісторыі – кіраўнікі Вялікага княства Літоўскага трымалі справаздачу перад сеймам. У Вялікабрытаніі падобная традыцыя жывая і сёння – каралева штогод выступае ў палаце лордаў з так званай «троннай прамовай». У Францыі кіраўнік дзяржавы звяртаецца да нацыі ў Дзень узяцця Бастыліі, у Германіі – выступае з Берлінскай прамовай. А ў ЗША кожны год на адзін дзень – дзень паслання прэзідэнта – з'яўляецца нават спецыяльная пасада – дзяжурны або прызначаны пераемнік. Гэта звычайна член кабінета прэзідэнта (напрыклад, міністр), якога размяшчаюць у фізічна аддаленым, бяспечным і тайным месцы, што называецца, на ўсялякі выпадак. А ўсё таму, што паслухаць пасланне прэзідэнта ў парламенце збіраюцца не толькі абедзве палаты Кангрэса, але і ўсе вышэйшыя дзяржаўныя асобы ЗША – і гэта ўжо пытанне нацыянальнай бяспекі. Карацей кажучы, зварот да нацыі – сусветны палітычны трэнд, і дзе б гэта ні адбывалася, ён заўсёды – пра самае галоўнае ў жыцці краіны. Сутнасць паслання вельмі простая: пазначыць прыярытэты развіцця дзяржавы на год. У Беларусі гэта яшчэ і канстытуцыйны абавязак кіраўніка дзяржавы. Гэтай традыцыі ўжо больш за 20 гадоў – кожную вясну Прэзідэнт прадстаўляе галоўны праграмны дакумент года. У ім – усё, што хвалюе людзей: цэны, заробкі, занятасць, жыллё, палітыка (не толькі ўнутраная, але і знешняя), культура і спорт. Ёсць, дарэчы, яшчэ адна традыцыя – напярэдадні чарговага паслання падводзіць вынікі папярэдняга. Нашы калегі, журналісты, а таксама эксперты, спецыялісты аналізуюць, што змянілася за год, якія агучаныя праблемы ўдалося вырашыць, ці дасягнуты заяўленыя мэты? Паспрабуем гэта зрабіць і мы, але з улікам фармату «Радыёблога»: коратка спынімся толькі на ключавых момантах... Традыцыйна адна з тэм, што найбольш хвалююць людзей, - рост цэн. У пасланні-2017 Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паабяцаў: кантроль за цэнамі будзе працягнуты, каб не было іх неабгрунтаванага росту. Дзеля гэтага створана спецыяльнае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Што па факце? А па факце мінулы год можна лічыць годам эканамічнай і фінансавай стабільнасці: у 2017-ым зафіксавана самая нізкая за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі інфляцыя – менш чым 5%. Для параўнання: у 1993-ім інфляцыя ў Беларусі складала амаль 2000%! Аднаўленне беларускай эканомікі прызнаюць і міжнародныя арганізацыі – як, напрыклад, МВФ і Сусветны банк. Яшчэ адзін прыярытэт (і паралельна – галаўны боль) сацыяльна арыентаванай эканомікі – кошт жылля, што ўзводзіцца. У пасланні мінулага года кіраўнік дзяржавы заявіў: будаўніцтва аднаго квадратнага метра ў сярэднім па краіне каштуе крыху больш, чым 500 долараў – а гэта вышэй, чым сярэдні заробак. Таму дяржава абавязана рэагаваць. Урад тады атрымаў канкрэтнае даручэнне: забяспечыць рэалізацыю прынцыпу – кошт «квадрату» жылля не вышэй за сярэднямесячны заробак. Што па факце? Месяц таму міністр архітэктуры і будаўніцтва даў справаздачу: упершыню за пяць гадоў у Беларусі кошт квадратнага метра жылля, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай, апусціўся ніжэй за сярэдні заробак. Задача на гэты год – утрымаць паказчык у межах 900 рублёў за метр. У пасланні-2017 шмат гаварылася пра развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі. Прэзідэнт паабяцаў бізнес-асяроддзю: «прымем рэвалюцыйныя рашэнні». І яны былі прыняты. Работа над вялікім пакетам дакументаў ішла амаль год. У выніку з'явіліся адзіныя правілы гульні для бізнеса і дзяржорганаў. Галоўны дакумент – Дэкрэт аб развіцці прадпрымальніцтва. У ім прапісана тое, чаго чакалі прадпрымальнікі: адзіныя патрабаванні да бізнесу, спрошчанае адкрыццё ўласнай справы, адмена многіх ліцэнзій. Усё гэта стала добрым стымулам для работы прыватнікаў. Асобная частка паслання ў мінулым годзе прысвячалася інфармацыйным тэхналогіям. Аляксандр Лукашэнка расказаў пра задуму: наступным этапам развіцця павінна стаць будаўніцтва IT-краіны. У выніку з'явіўся яшчэ адзін рэвалюцыйны дакумент: дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Ён стварае спрыяльныя ўмовы для прыходу ў Беларусь сусветных IT-кампаній, адкрыцця цэнтраў распрацовак і стварэння прадукту, запатрабаванага на сусветных рынках. Фактычна Беларусь першай у свеце адкрыла шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн. У мінулым пасланні да народа і парламента беларускі лідар нагадаў пра ініцыятыву, з якой выступае Мінск: наладзіць новы маштабны дыялог паміж Усходам і Захадам, як яго назвалі – працэс «Хельсінкі-2». Зроблены першыя крокі: летась Беларусь упершыню ў гісторыі ўзяла на сябе вядучую ролю ў адной з найстарэйшых арганізацый еўрапейскай інтэграцыі – Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве. Акрамя таго, у Мінску адбылося пасяджэнне Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Тым самым наша краіна пацвердзіла імідж аднаго з лідараў інтэграцыі на постсавецкай прасторы. А ўвогуле ўжо некалькі пасланняў запар праходзяць пад знакам сусветнай нестабільнасці. Як заявіў летась Аляксандр Лукашэнка, назіраецца дэфіцыт гатоўнасці ўплывовых сусветных ігракоў да кампрамісаў, асобныя дзяржавы імкнуцца «гуляць мускуламі». Нядаўнія падзеі ў Сірыі і ўвогуле цяперашняе напружанне паміж Расіяй і Захадам толькі пацвярджаюць гэтыя словы. Не стала меншай і тэрарыстычная пагроза. На шчасце, у Беларусі жыццё застаецца спакойным, і гэта адно з найвялікшых дасягненняў. Летась сусветнавядомы сэрвіс Numbeo запісаў Беларусь у топ-10 самых бяспечных дзяржаў у свеце. Мы да гэтага прызвычаіліся, але насамрэч гэта дорага каштуе. Спакойнае жыццё – гэта і бяспека, і эканоміка, і «сацыялка», і знешняя палітыка. Усё тое, пра што гаворыць у сваім пасланні Прэзідэнт. Слухаючы гэты зварот, кожны жыхар краіны паасобку і ўся нацыя разам могуць змераць пульс, па якім жывуць, і параўнаць яго з пульсам развіцця ўсёй краіны.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: