
Нядаўна ў многіх карыстальнікаў (а асабліва карыстальніц) сацыяльных сетак атрымала розгалас навіна з Францыі. Там цяпер будуць даваць штрафы за выкарыстанне фоташопу – гэта спецыяльная праграма, якая дазваляе апрацоўваць фотаздымкі. Такім чынам, адна з асноўных краін-заканадаўцаў моды першай пачала барацьбу са стандартамі штучнай прыгажосці, якія сучасная мода і навязвае. Цяпер любое камерцыйнае фота, якое адрэдагавалі, павінна быць падпісана «рэтушыраваны фотаздымак», каб усе разумелі – у рэальнасці ўсё выглядае не зусім так. Парушальнікам пагражае штраф амаль 40 тысяч долараў.
Раней у Францыі і некаторых іншых дзяржавах былі скандалы, калі вядомыя актрысы і мадэлі абвінавачвалі глянцавыя часопісы ў злоўжыванні фоташопам. Камусьці грудзі на фота зрабілі меншымі, іншым так «зацягнулі» талію, што яна стала выглядаць абсалютна непраўдападобна. Але калі самі зоркі разумеюць, што гэта ненармальна, абураюцца такімі фактамі, то многія дзяўчаты, жадаючы быць падобнымі да гэтых фота, даводзяць сябе да крайняга знясілення і дэпрэсіі. Яны не жадаюць чуць: ідэальнай прыгажуняй, як на глянцавых фота, быць немагчыма!
Між тым, новае дыханне фоташоп атрымаў са з'яўленнем сацыяльных сетак, асабліва Instagram, дзе больш увагі – на фота, а не на тэкст. Мільёны карыстальнікаў па ўсім свеце, перш за ўсё прадстаўніц прыгожай паловы, пачалі рэдагаваць здымкі, робячы сябе ўсё прыгажэйшымі і прыгажэйшымі. І – адначасова – усё менш падобнымі на сябе рэальных.
Канечне, такія хітрыкі - не вынаходніцтва 21 стагоддзя. І нават не 20-га. Прыгадайце хаця б вядомую (і цалкам справядлівую) прымаўку, што сустракаюць па адзежцы. Яшчэ ў тыя часы, калі дамы маглі толькі марыць пра ўласную фотасесію, аб'ектам жадання для многіх арыстакратак былі прыгожыя партрэты. Такія, якія б падкрэслівалі яе перавагі і хавалі недахопы. І не кожны мастак мог іх напісаць. Так, у сярэдзіне 19-га стагоддзя адным з самых запатрабаваных прыдворных «фоташопераў» у Расіі, Англіі, Францыі быў Франц Ксавер Вінтэрхальтэр. Усе героі яго карцін атрымліваліся без аніякіх недахопаў. Што цікава, пры гэтым у эліту мастакоў свайго часу яго не прынялі – калегі лічылі, што Вінтэрхальтэр занадта ўжо прыхарошвае рэальныя твары і прапорцыі сваіх заказчыц.
Ды і ўвогуле многія вядомыя гістарычныя асобы насамрэч выглядалі не зусім так, як мы прызвычаіліся бачыць іх на гравюрах або карцінах. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць навукоўцам аднавіць больш рэальны выгляд гэтых людзей – і часам стэрэатыпы разбураюцца. Пашукайце ў інтэрнэце – можаце моцна здзівіцца. Тая ж Клеапатра была маленькага росту і вельмі далёкай ад цяперашніх уяўленняў аб жаночай прыгажосці.
Але гэта ўсё - ужо гістарычныя асобы. А сёння інструменты для стварэння вакол сябе легенды фактычна мае кожны. І справа нават не толькі ў знешняй прыгажосці. Часам здаецца, што праз такі своеасаблівы фоташоп прапусцілі ўсё жыццё. Паглядзіш акаунты такіх людзей у сацыяльных сетках – і здаецца, што вакол жывуць толькі прыгожыя, шчаслівыя і паспяховыя.
Неяк адна мая знаёмая пахвалілася: такое фота ў мяне класнае атрымалася, у Інстаграме некалькі соцень «лайкаў» ужо! Я купіла сабе раніцай букет ружаў, пасля сняданак прыгатавала і прыгожа гэта ўсё разам сфатаграфавала… Вось так на аўтамаце яна сказала тое, што не можа, не павінна казаць (і рабіць!) ніводная жанчына: «сама сабе купіла кветак». Усё гэта – дзеля прыгожай віртуальнай карцінкі, з якой потым невядома што рабіць у рэальнасці. Шчыра скажу, не разумею: як такія зоркі Instagram у магазін за хлебам ходзяць? Калі з сабой няма ўсіх гэтых фотафільтраў і ты такой (або такая), як ёсць насамрэч.
Або яшчэ тэндэнцыя, якую заўважыў адзін мой калега. Літаральна напярэдадні мы адзначылі Дзень маці. Прыгадайце: колькі вы бачылі ў інтэрнэце віртуальных віншаванняў матулям з прыгожымі словамі і з абавязковым фотаздымкам аўтара з кветкамі і з самой матуляй (а часам і без яе). Прытым відавочна, што многія з гэтых жанчын нават не зарэгістраваныя ў сацсетках, і прыгожыя пасланні не прачытаюць. Дык чаму не падарыць кветкі і не павіншаваць ціха, без фотаздымкаў, без гэтага жыцця напаказ? Няўжо калі «фотачкай» у Instagram не падмацуеш віншаванне, будзеш лічыцца дрэнным сынам або дачкой?
Вось і атрымліваецца: прыгожае і ідэальнае жыццё ў інтэрнэце, а потым – бах! - і самагубства. Не дай Бог, канечне. Але і такія гісторыі ёсць. І ўсё вакол ахаюць: як так, усё ж было ў чалавека ідэальна? А псіхолагі тлумачаць: якраз усё лагічна. Бо ў рэальным жыцці няма нічога ідэальнага, у прыродзе ўсё збалансавана. Плюс і мінус заўсёды ўраўнаважаны. Ідэалізацыя небяспечная тым, што за ёй рана ці позна прыходзіць абясцэньванне. Тое, што мы часам бачым на старонках сваіх «фрэндаў» у інтэрнэце - нішто іншае як «аднабокае шчасце». Бо мала хто выстаўляе напаказ, як мы церпім няўдачу, хварэем, бываем непрыгожымі. Фота прызавога кубка ўсе пакажуць, а ці многія напішуць: не змог, не дабег, не атрымалася? А жыццё ж складаецца і з такіх момантаў. І калі можна падмануць сяброў у сацыяльнай сетцы, то падмануць самога сябе складана. «Падфоташопіць» жыццё не атрымаецца.
Зрэшты, можна прыгадаць вядомы афарызм Станіслава Ежы Леца: «Стварайце пра сябе легенды. Багі пачыналі з гэтага». Магчымасцей для гэтага з кожным днём усё больш. Але толькі потым не кажыце, што вас не папярэджвалі.
Не дзіўна, што апошнім часам пакрысе нараджаецца новы трэнд: карыстальнікі сацсетак пачынаюць выкладваць фота непрыбраных кватэр, неідэальных цел і самай звычайнай ежы на сняданак. Магчыма таму, што проста стаміліся ад пастаяннай пагоні за прыгажосцю. Асабіста я такі падыход цалкам падтрымліваю.
Напрыклад, у гэтым восеньскім фота няма ні кроплі фоташопу))