Падзяліцца:
"Розгалас. Жыццё як challenge." Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
23 Кастрычніка 2018
"Розгалас. Жыццё як challenge." Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё) Нядаўна на паркоўцы аднаго з гіпермаркетаў я стаў сведкам дзіўнай карціны. Міма аўтамабіля, за рулём якога сядзеў мужчына, праходзіла невялікая кампанія маладых людзей. Раптам адзін з іх спыніўся побач з вадзіцелем і, паказваючы на яго пальцам, кінуў у адкрытыя дзверы: «Замры!». Пасля дзве-тры секунды поўнай цішыні – і хлопец пачаў залівіста рагатаць. З выглядам караля сітуацыі ён пайшоў далей, а за ім – пасмейваючыся – яго сябры. Вадзіцель, якога адарвалі ад смартфона, глядзеў на ўсю гэтую кампанію, здаецца, так, як глядзяць на малпачак у заапарку. Я таксама нічога не зразумеў і вырашыў, што вінавата лета, якое ў гэтым годзе зацягнулася – магчыма, хлопцам напякло ў галаву. Але літаральна праз некалькі дзён выпадкова прачытаў адзін артыкул у інтэрнэце і стала ясна: проста гэта я адстаў ад жыцця! Убачанае на паркоўцы, хутчэй за ўсё, было адгалоскам вельмі папулярнага раней флэшмоба пад назвай «манекен-чэлендж». Падчас яго людзі заміралі ў самых розных позах у грамадскіх месцах і такім чынам станавіліся падобнымі на манекенаў. Можаце самі зайсці ў Youtube, набраць у пошуку слова «замры» - і ўбачыце сотні, калі не тысячы розных відэа, хто, як і дзе прыкідваецца манекенам. А яшчэ лепш — прыгадайце, што ўсе мы ў дзяцінстве гулялі ў вельмі падобную гульню. Толькі там кодавая фраза была «марская фігура на месцы замры» Цяпер усё гэта называецца англійскім словам «чэлендж». У перакладзе – выклік. Але звычайна яго ўжо не перакладаюць, так і ўвайшло ў іншыя мовы. Маецца на ўвазе выклік самому сабе і іншым – здолееш штосьці зрабіць або не. У апошнія некалькі гадоў чэленджы – шалёна папулярная рэч у інтэрнэце, некаторыя з іх набіраюць мільёны праглядаў. А пачыналася ўсё з так званага Ice Bucket Challenge – памятаеце, калі людзі на ўсёй планеце (у тым ліку знакамітасці) вылівалі сабе на галаву вядро ледзяной вады, здымаючы гэта на камеру? Мэта была высакародная - павысіць дасведчанасць людзей пра адно з цяжкіх захворванняў. Тады і падумаць ніхто не мог, што ідэя чэленджаў настолькі спадабаецца карыстальнікам інтэрнэту. І яны праявілі фантазію – хто як мог, пачалі выдумваць розныя вар'яцкія і смешныя заданні. Не шукайце ў іх ніякага сэнсу – абсалютная большасць закліканы проста павесяліць аўдыторыю (або паказытаць ёй нервы). Вось толькі некаторыя папулярныя чэленджы для прыкладу: - з завязанымі вачыма на камеру ўгадваць, што за ежа на розных талерках; - уявіць, што дома замест полу – распаленая вулканічная лава, і перамяшчацца па кватэры, не ступаючы на пол; - з'есці пяць пончыкаў, пасыпаных цукровай пудрай, менш чым за хвіліну (кажуць, гэта нашмат складаней, чым здаецца на першы погляд); - «спаборніцтва ў акцэнце» - яго ўдзельнікі спрабуюць размаўляць з рознымі акцэнтамі, а іншыя спрабуюць адгадаць, што гэта за акцэнт. Часцей за ўсё выглядае недарэчна. Можна было б бясконца працягваць апісанне гэтых, часцей за ўсё, бязглуздых чэленджаў. Але далёка не ўсе з іх такія смешныя і бяскрыўдныя. Так, самым небяспечным у мінулым годзе назвалі чэлендж «Гарачая вада». Ён адсылае нас да таго, з чаго ўсё і пачалося – але ж які дурны працяг атрымаўся! Людзі добраахвотна аблівалі сябе кіпенем або выпівалі шклянку гарачай вады. Для некаторых удзельнікаў гэты эксперымент скончыўся вельмі сумна. Як і для людзей, якія вырашылі паспрабаваць з'есці лыжку карыцы, не запіваючы вадой. Так, гэта харчовы прадукт, але ж… толькі ў ЗША такія эксперыменты прывялі мінімум да адной смерці. А ўсяго адпаведных ролікаў з карыцай у інтэрнэце дзясяткі тысяч, вось і ўявіце - колькі людзей рэальна рызыкавалі! Горш за ўсё, што большасць гэтых людзей - дзеці і падлеткі. Менавіта яны асабліва захапляюцца чэленджамі. Натуральна, што псіхолагі, бацькі, праваахоўнікі ўсё часцей б'юць трывогу - а ці ўсе гэтыя забавы бяспечныя? Так, і ў нашым дзяцінстве не ўсе гульні былі бяскрыўднымі, давайце гэта прызнаем. І па дахах высотак цягаліся, і селітру падпальвалі, і яшчэ што толькі ні рабілі. А нашы дзяды ў сваім пасляваенным дзяцінстве маглі ўвогуле патроны ў вогнішча падкідваць! Але розніца ёсць. Усё ж ні ў нас, ні ў нашых бацькоў з дзядамі не было магчымасці так лёгка ў адзін момант праславіцца ў дзясяткаў, соцень тысяч незнаёмых чалавек - проста зняць на відэа нейкую бздуру і выкласці яе ў інтэрнэт. Тут у любога можа, як кажуць, "знесці дах", а што казаць пра падлеткаў, у якіх псіхіка толькі фарміруецца? Так што спецыялісты раяць дарослым у любым выпадку звяртаць больш увагі на захапленні дзяцей і больш пагружацца ў іх свет, каб потым не было непрыемных адкрыццяў. Што да нашых дзядоў і прадзедаў - у іх, канечне, былі свае выклікі... Як вам такі чэлендж? - чатыры разы атакаваць у небе нямецкі самалёт, пасля падпаліць яго, а ўбачыўшы, што выніку ўсё няма, проста рубануць сваім вінтом хвост "юнкерса", пасля страціць прытомнасць, а ачуняўшы, вывесці свой знішчальнік з крутога піке і ледзь дацягнуць да аэрадрома. Тое, што я апісаў - проста адзін з паветраных баёў савецкага лётчыка-аса, двойчы Героя Савецкага Саюза, беларуса Паўла Галавачова. Усяго такіх баёў у яго было 125, і ўсе яны завяршыліся паспяхова. Было яму тады 27 гадоў. Гэта вам не пяць пончыкаў за хвіліну з'есці! Сапраўдны чэлендж, выклік - знішчы ворага і сам застанься жывы. Вось такая інфармацыя для роздуму... Як кажуць, у кожнага часу свае героі...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: