Падзяліцца:
«Сацыяльная сетка», 18.02.2018 (аўдыё)
19 лютага 2018
«Сацыяльная сетка», 18.02.2018 (аўдыё) Вітаю радыёслухачоў і карыстальнікаў інтэрнэту, ля мікрафона Аляксандр Герасімаў з праграмай «Сацыяльная сетка» – своеасаблівым гідам па інфармацыйных прадуктах Беларускага радыё ў інтэрнэт-прасторы. Першачарговая палітычная падзея тыдня для Беларусі – безумоўна, выбары дэпутатаў у мясцовыя Саветы. Сёння – іх асноўны дзень. Галоўная спартыўная сусветная падзея, да якой прыкавана ўвага мільёнаў людзей – гэта Зімовая Алімпіяда ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане. Першую, прычым вышэйшую ўзнагароду – залаты медаль – заваявала наша фрыстайлістка Ганна Гуськова. Віншуем яе! Спаборніцтвы пакуль працягваюцца і мы, балельшчыкі, таксама не падаем духам. Сталі вядомыя і вынікі нацыянальнага адбору на Еўрабачанне-2018. Беларусь прадставіць Нікіта Аляксееў з песняй "Форэва". Пяройдзем да справы. Наш сайт за мінулы тыдзень ізноў «прырос» як колькасцю новых наведвальнікаў, так і дэталёвых праглядаў ад заўсёднікаў. Нязменную цікавасць выклікалі аўтарскія блогі маіх калег, якія не стамляюцца і прапануюць нам нестандартна і больш глыбока паглядзець на звычныя воку рэчы і з'явы, што знаходзяцца побач. Лідарам сярод блогераў па праслухоўванні ў сацыяльных сетках стаў Максім Угляніца, які ўзгадаў, што росквіт высокіх тэхналогій і стварэнне зручных нам паўсядзённых дэвайсаў часта мае і адваротны бок. Напрыклад, як гэта не дзіка гучыць, выкарыстанне рабскай працы, у тым ліку дзіцячай. Аўтар Дзмітрый Рубашны з блогам пад назвай «Не май сто рублёў» амаль не ўступае Максіму Угляніцы па колькасці праглядаў і праслухоўванні. Ён узняў знаёмую ўсім і ў той жа час такую нязведаную тэму, як сяброўства. Многія спрачаюцца, ці магчыма сапраўдная дружба паміж людзьмі рознага ўзросту, паміж мужчынам і жанчынай? Ці можа быць у чалавека шмат сяброў? Чым варта ахвяраваць дзеля сяброўства? Што тычыцца аналітычнай праграмы «Актуальны мікрафон», то яна чарговы раз пацвердзіла сваю назву. Сціпласць увагі да відэаверсій перадачы у інтэрнэце з лішкам кампенсавалася актыўнасцю людзей онлайн, аб чым сведчыць сапраўдны шквал тэлефонных званкоў у студыю падчас прамых эфіраў. Я кажу пра два «Актуальныя мікрафоны», аўтар якіх Дзмітрый Рубашны закрануў жыццёва блізкія кожнаму абывацелю тэмы. У праграме «Вада і цяпло: законныя сакрэты эканоміі» у цэнтры ўвагі апынуліся кіраўнікі спецыялізаванага прадпрыемства «Белцэннер» Сяргей Ліштван і Дзмітрый Ерафееў. Яны адказалі на пытанні радыёслухачоў і вядучых: Як без парушэнняў плаціць менш за камунальныя выгоды? Ці мяняюцца з цягам часу нарматывы расходу вады? Колькі каштуе вада ў нас і ў «суседзяў»? Чым адрозніваюцца прыборы ўліку розных вытворцаў? Калі паказанні будуць здымацца дыстанцыйна і ці можна будзе «падмануць» гэтыя прылады? У праграме з назвай «Жыллё маё» прадстаўнікам Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Святлане Касцевіч і Сняжане Бахорынай сапраўды прыйшлося «трымаць удар». Людзі з усіх куткоў краіны тэлефанавалі з такімі пытаннямі: Як стаць у чаргу, не страціць яе і якія крытэрыі жыллёвай патрэбы? Ці ёсць плюсы і мінусы статусаў сацыяльнага і арэнднага жылля? Якія правы і абавязкі ёсць ва ўласнікаў жылля? Прыватызацыя, размен, пазбаўленне прапіскі і рэгістрацыя на дачы? Калі можна шумець у кватэры? Калі вас зацікавіла тэма, то нагадаю: відэаверсіі «Актуальнага мікрафона» пра жыллёвыя праблемы і пытанні ўліку вады і цяпла ёсць на нашым сайце і старонках Беларускага радыё ў сацыяльных сетках. Калі ласка, заходзьце, глядзіце. Цікавымі былі выпускі «Сямейнай праграмы» пад аўтарствам Таццяны Гулейка. Загадчыца кафедры сямейнай псіхалогіі Белдзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка, спецыяліст па крызісных адносінах Наталля Пузырэвіч, падзялілася прафесійнымі ведамі: Якія жыццёвыя цыклы чакаюць кожную сям'ю? Якая мадэль паводзін бацькоў з'яўляецца найбольш карыснай для дзяцей? Чаму адпускаць дзяцей у далёкі лагер або іншую краіну не толькі можна, але і трэба? Госця расказала, адкуль бярэцца дзіцячая рэўнасць, як правільна трэба «чытаць натацыі» і як увогуле зрабіць вашага дзіцяці шчаслівым. Два другія госці Таццяны Гулейка – гэта арганізатары адукацыйнага форуму «ПраШколу: Так можна» Таццяна Азёма і Віталь Нікановіч. Яны расказалі, што за мерапрыемства задумалі правесці ў сакавіку, і як яно павінна паўплываць на якасць нашай школьнай адукацыі. Што прывязуць спікеры з іншых краін? Што такое праактыўнасць і дзе без яе сёння немагчыма? Якое самакіраванне пайшло б на карысць нашай школе? Ну, і безумоўным лідарам вашай увагі да нас стала праграма «Настрой!» з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Аленай Медзяковай і дырыжорам-пастаноўшчыкам Іванам Касцяхіным з Вялікага тэатра Беларусі. Відэаверсія ў першыя ж суткі пасля размяшчэння ў інтэрнэце была запатрабаваная больш чым паўтысячай гледачоў! У гасцях у Яны Хадоска і Андрэя Сініцы сямейна-творчы дуэт Касцяхіна і Медзяковай разыграў з радыёслухачамі запрашальныя білеты на пастаўленую імі ж оперу «Viva La Mamma», якую яны ахарактарызавалі як «камічную оперу аб тэатральных парадках і беспарадках». Гутарка ў студыі атрымалася шчырай і сапраўды нясумнай, бо госці расказалі шмат цікавага пра ўзаемаадносіны артыста і гледача. Што ж, калі вы прапусцілі нешта цікавае, нашы матэрыялы да вашых паслуг! Глядзіце, слухайце, чытайце нас у сацыяльных сетках. І канешне, мы адкрытыя да дыялогу, так што «лайкайце», пакідайце каментарыі, пытанні і пажаданні! Да сустрэчы праз тыдзень! З вамі быў Аляксандр Герасімаў.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: