- Галоўная
- /
- Навіны
- /
- Савецкая, Універсітэцкая, Рэвалюцыйная, Чырвоная – адрасы Беларускага радыё (аўдыё)
- Савецкая, Універсітэцкая, Рэвалюцыйная, Чырвоная – адрасы Беларускага радыё (аўдыё)

За сваю 92-гадовую гісторыю Беларускае радыё змяніла некалькі адрасоў у сталіцы. Першыя трансляцыі ішлі з памяшкання па вуліцы Савецкай, 27 (сёння на гэтым месцы знаходзіцца будынак па праспекце Незалежнасці з кінатэатрам «Цэнтральны»). Пры гэтым часовую радыёмачту замацавалі проста на даху будынка, дзе сёння знаходзіцца тэатр імя Горкага.
Праз год радыё выходзіла ў эфір ужо з асабняку па вуліцы Універсітэцкай (сёння гэта вуліца Кірава, побач са стадыёнам «Дынама»). Знайсці радыёстанцыю было зусім проста: паблізу знаходзілася драўляная мачта вышынёй 75 метраў з антэнай наверсе, яе было відаць амаль з любой кропкі Мінска. Кожны год напярэдадні дзяржаўных свят на вяршыні мачты з'яўляўся чырвоны сцяг, а ў штаце радыёстанцыі была спецыяльная пасада «вартавы-мачтавік».
У 1938-м Беларускае радыё зноў пераязджае, гэтым разам на вуліцу Рэвалюцыйную, 3 – у былы дом мінскага віцэ-губернатара. Зараз у гэтым будынку знаходзіцца адно з упраўленняў Міністэрства ўнутраных спраў.
Нарэшце летам 1963-га здалі ў эксплуатацыю Дом радыё на вуліцы Чырвонай. Сёння адрас "Чырвоная, 4" добра знаёмы ўсім нашым слухачам.
Па матэрыялах кнігі І.Куркова «Мір жывога эфіру».
На фота: радыёмачта, від з вуліцы Камсамольскай, 1929 год (ілюстрацыя Л.Дашкевіча з Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі); сучасны выгляд будынка на вул. Рэвалюцыйнай, 3.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: