Сёння Міжнародны дзень сябра, і, вядома, мы спадзяёмся, што ў вашым жыцці ёсць хаця б адзін чалавек, якога вы захочаце ад усёй душы павіншаваць з гэтым святам. Бо яно і прыдумана для таго, каб незалежна ад жыццёвых абставін мы нагадвалі сваім сябрам пра тое, якія яны важныя для нас; каб парадавалі іх.
Праўда, свята неафіцыйнае і хто яго прыдумаў, ніхто не ведае, але гэта не робіць яго менш папулярным. Магчыма, для некага яно стане выдатнай нагодай, каб патэлефанаваць альбо напісаць старым добрым сябрам, а потым сабрацца вялікай шумнай кампаніяй і падзяліцца добрымі навінамі і прыемнымі ўспамінамі. Можна сустрэцца і ўдваіх. Ды і з сябрам ці сяброўкай звычайна дзеляцца не толькі радасцю, але і горам.
Як адзначыў Артур Шапенгауэр, “сапраўднае сяброўства - адна з тых рэчаў, пра якія, як пра гігантскіх марскіх змеяў, невядома - з’яўляюцца яны прыдуманымі ці недзе існуюць на самай справе.” А вы як лічыце, сапраўднае сяброўства існуе?.. І што мацнейшае і больш надзейнае - сяброўства ці каханне?.. Раскажыце 9 чэрвеня (17:35) ў праграме “Бонус!”