Падзяліцца:
«Сельскім жанчынам – нізкі паклон. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
15 Кастрычніка 2019
«Сельскім жанчынам – нізкі паклон. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) Мабыць, гэта не выпадкова, што такія два знакавыя святы стаяць побач — Дзень маці, якое мы шырока адзначылі напярэдадні, і сённяшняе, Сусветны дзень сельскіх жанчын. Маці і зямля — словы, мне падаецца, блізкія адно аднаму па глыбінным сэнсе. Маці — гэта працяг жыцця на зямлі, а зямля — наша карміцелька. Сёння селькія жанчыны складаюць чвэрць насельніцтва планеты і адыгрываюць вялікую ролю ў вытворчасці харчавання, стабільным развіцці рэгіёнаў. Звярнуць увагу на іх нялёгкую паўсядзённую працу, падкрэсліць яе важнасць і прызваны гэты дзень календара. Ідэя правядзення Сусветнага дня сельскіх жанчын была прапанавана на Пекінскай жаночай канферэнцыі ААН у 1995 годзе. А ў 2007 свята было зацверджана рашэннем Генеральнай Асамблеі ААН з мэтай прызнання і падтрымкі шматграннай ролі жанчын сярод працоўных аграрыяў па ўсім свеце. Неацэнны ўклад ва ўмацаванне эканомікі і жыцця на вёсцы ўносяць і нашы беларускія жанчыны. Іх можна сустрэць у полі і на ферме, у сельскіх амбулаторыях і летніх палявых кухнях, у мясцовай школе і мехдвары. Па апошніх дадзеных, у сельскай мясцовасці жыве амаль мільён 60 тысяч жынчын. Сярод іх нямала вядомых асоб, якія гучна заявілі пра сябе сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй, самаадданай працай на зямлі. Дастаткова ўзгадаць Ніну Жалязнову, члена Савета Рэспублікі, дырэктара сельгаспрадпрыемства «Азярыцкі-Агра» Смалявіцкага раёна. Гаспадарка лічыцца ўзорам для іншых, сюды едуць па вопыт, парады. Да вопыту старэйшых сябровак-кіраўнікоў маладыя далучаюць свой, часам крэатыўны падыход. Ну хто, як не жанчына, вырашыць заахвоціць перадавікоў турпаездкай? Менавіта так зрабіла Таццяна Бялян, кіраўнік ААТ «Завідаўскае» Добрушскага раёна. Сваіх лепшых механізатараў адправіла адпачываць у Турцыю. На чарзе ў тур — лепшыя жывёлаводы. Заўважана, там, дзе кіруюць жанчыны, звычайна парадак, добрыя паказчыкі, дружны калектыў, дастойныя заробкі. Дарэчы, у Беларусі амаль 80 жанчын узначальваюць прадпрыемствы АПК. Ці такія адметныя лічбы і факты. Сёлета на ўборцы працавалі 59 жанчын-механізатараў, ці самі за штурвалам, ці побач з ім. Сярод іх і зусім маладыя, як Кацярына Крузьмер, студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, якая ахвотна дапамагала сяльчанам гаспадаркі «Амкадор-Шклоў». Са сваім пасведчаннем трактарыста-машыніста, дзякуючы руплівасці і стараннасці, яна стала дастойным памочнікам старшага камбайнера. Адданасць працы на зямлі, сямейным традыцыям — адметная рыса беларускіх сялянак. Сямейныя дынастыі паляводаў, жывёлаводаў – звыклая з’ява ў сельскай мясцовасці. На абласным свяце працаўнікоў вёскі «Дажынкі», які праходзіў мінулымі выхаднымі ў Барысаве, разам з перадавікамі жніва ўшаноўвалі і працоўныя дынастыі. Сярод іх — дынастыі Вольгі Корзун з падсобнай гаспадаркі ААТ «Слуцкі мясакамбінат» і Наталлі Голуб з філіяла «Вялікія навасёлкі» Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў, агульны стаж якіх перавышае сто гадоў. І што яшчэ мне вельмі спадабалася ў Барысаве – там упершыню разам з героямі жніва-мужчынамі ўзнагародзілі і іх жонак. Пры гэты было азначана, што заслуга ў рэкордах іх таксама, бо быць падчас уборачнай надзейным тылам дома — вялікая справа. Наогул, у любой вясковай жанчыны асаблівы рытм жыцця круглы год. Да прафесійных абавязкаў, звычайных жаночых спраў (прыгатаваць, памыць, прыбраць) дадаецца работа на прысядзібным участку, догляд хатняй жывёлы. Як ім гэта ўдаецца, ведаюць толькі яны самі. Але на наша традыцыйнае журналісцкае пытанне пра сакрэт «як усё паспець», звычайна адказваюць проста: «Любая праца нялёгкая, але калі яе любіш, то ўсё ўдаецца». А сенатар і кіраўнік сельгаспрадпрыемства Ніна Жалязнова ў адным з інтэрв’ю падкрэсліла: «Жанчыны — гэта вялікая сіла, шчасце нашай зямлі». Традыцыйны рэспубліканскі конкурс «Жанчына года» адзначае лепшых беларусак у розных сферах, ёсць і намінацыя «Гаспадыня вёскі». Сярод тых, каго гэтай вясной узнагароджвалі — кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Знаходка Палесся» Таццяна Каткавец, начальнік жывёлагадоўчага комплексу «Лікаўка» Наталля Русялевіч, галоўны заатэхнік кааператыву «Калгас «Радзіма» Валянціна Лапацентава, гаспадыня аграсядзібы «На Міра» Людміла Мыстоўская. Дарэчы, за развіццё аграэкатурызму ў нашай краіне ў свой час актыўна ўзяліся менавіта жанчыны, тут нямала можна знайсці энтузіястаў гэтай справы, якія змаглі сваім творчым падыходам, мастацкім густам аздобіць тэрыторыі, напоўніць цікавым зместам адпачынак гасцей на вёсцы. Дзяржава нямала робіць для падтрымкі жанчын-сялянак, ёсць увага ад галіновага міністэрства, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый. Падтрымаць працоўную ініцыятыву, замацаваць моладзь на вёсцы, папулярызаваць працу на зямлі прызваны праект БРСМ «Моладзь — за ўраджай». Спаборніцтвы арганізаваны ў розных намінацыях: паміж маладзёжнымі экіпажамі, маладымі вадзіцелямі. Пераможцам уручаюцца каштоўныя падарункі, а ў сацыяльных сетках — шырокае асвятленне. «Беларускі саюз жанчын — жанчынам на жніве» — такая назва яшчэ адной рэспубліканскай акцыі. Дарэчы, да яе штогод далучаецца і Беларускае радыё, і разам с членамі пярвічак ушаноўваць у розных рэгіёнах жанчын-механізатараў, ўсіх сялянак, якія заняты на ўборцы. А рэспубліканскае аддзяленне «Сяльчанка» шукае і аб’ядноўвае актыўных, творчых жанчын, якія могуць адстойваць свае інтарэсы, прапанаваць цікавыя праекты і разам іх ажыццяўляць. Сельскія жанчыны — руплівыя і клапатлівыя, душэўныя і мудрыя. Яны ўсё могуць, ўсё вытрымаюць. Але, думаю, падтрымка ім неабходна яшчэ большая і клопат пастаянны: ад мясцовых улад і кіраўнікоў гаспадарак, да побач працуючых мужчын і ўласнай сям’і. Каб, нарэшце, паўсюль на вёсцы з’явілася адпаведная інфраструктура, каб лягчэй можна было праявіць сябе ў розных сферах, напрыклад, у бізнесе, каб быў час звярнуць увагу і на сябе, сваё здароўе, свае захапленні. А што можа кожны з нас? Напэўна, нізка ім пакланіцца за працавітыя рукі, дабрыню сэрца і адданасць роднай зямлі. Я так думаю, а вы?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: