
У шосты клас я ішла з асаблівай радасцю. Новая школьная форма, цёмна-блакітная спадніца і жакет з металічнымі гузікамі змянілі звыклую карычневую сукенку з фартушком і здаваліся мне асабліва прыгожымі і незвычайнымі. Да таго ж – зручнымі. Можна было пад жакет мяняць блузкі, а іх у камплекце было дзве, белая і светла-блакітная. Памятаю, што прадаваўся і камплект жакет-сарафан, але мне даспадобы прыйшлася спадніца, крыху клёшная, з дзвюма складкамі, і ў такім касцюме я лічыла сябе самай сапраўднай модніцай. А што яшчэ трэба было дзяўчыне ў 12 гадоў?
І сённяшнія падлеткі жадаюць хадзіць у школу ў прыгожым і зручным адзенні. Ды не толькі падлеткі, усе – ад першакласніка да выпускніка жадаюць выглядаць сучасна, модна. А спрэчкі пра школьную форму працягваюцца, як у мае школьныя гады, так і зараз. Як сярод вучняў, так і ў асяродку бацькоў. Адным не даспадобы сама ідэя ўраўнілаўкі, іншым не падабаецца дызайн і якасць тканіны, а некаторыя лічаць гэта зручным і «па кішэні» мець адзін набор адзення.
Пытанне аднатыпнай адзінай школьнай формы адразу выведзем за дужкі. А вось пра школьны асартымент давайце паразважаем.
«Беллегпрам» запэўнівае, што прадпрыемствы канцэрна абнавілі асартымент аддзення для школьнікаў на 70 працэнтаў. Выпушчана 360 мадэлей прадметаў гардэробу, з якіх 300 новых. Астатнія 60, які карысталіся попытам летась. І пры стварэнні новых былі ўлічаны пажаданні саміх школьнікаў і бацькоў, якія выказваліся пры апытаннях.
Зараз у нашай краіне працуе больш за 500 школьных базараў, праходзяць выставы-продажы, па выхадных – спецыяльныя кірмашы. На адзін з іх завітала і я. Адразу заўважыла, што дзяўчынкам-модніцам з малодшых класаў ёсць з чаго выбіраць. Асабліва блузкі, аздобленыя розымі аксесуарамі – тэкстыльнымі бантамі, стужкамі, брошкамі. Для аматараў строгіх сукенак прапануюцца белыя каўнерыкі і абшэўкі, якія зручна з дапамогай скрытых гузікаў можна мяняць кожны дзень.
Школьная форма для дзяўчынак прапануецца рознай камплектацыі. Самы зручны, аптымальны – касцюм са спадніцай ці штанамі. У касцюме можа быць жакет, жылетка ці світшот. Есць і сарафаны, камбінезоны.
Часцей за ўсё форма і для дзяўчынак, і для хлопчыкаў выканана ў аднатонным варыянце – сіні, шэры, бардо, рэдка чорны, сустракаецца і клетка, модны прынт апошніх гадоў. Блузкі, кашулі і вадалазкі звычайна белага, светла-блакітнага, малочнага ці фісташкавага колеру.
– А мне б хацелася чагосьці больш яркага, – гаворыць адна з юных пакупніц. – І не мазлівага, – дадае яе маці, – бо светлая блузка толькі на ўрокі, а калі затым на гурток, неабходна мяняць.
– А мне не даспадобы вось гэтыя гузікі, – уступае ў гаворку яшчэ адна жанчына. – Паглядзіце, іх ажно шэсць, і па дзве на рукавах. Колькі часу неабходна, каб пераапрануцца на фізкультуры.
І на маю заўвагу, што я бачыла блузкі на гузіках-заклёпках, мне парыруюць: «А там тканіна штучная».
Што да саставу тканіны, то ў школьным адзенні дапускаеца сінтэтыкі не больш за 50 працэнтаў. Усё павінна быць лёгкім, зручным і «дыхаць». І сучаснае адзенне, што выпускаецца на айчынных прадпрыемствах, гэтаму адпавядае.
Калі гаварыць пра цэны, то, падлічыўшы з бацькамі аднаго з пяцікласнікаў, мы атрымалі кошт камплекта з пінжака, штаноў і сарочкі – амаль 110 рублёў.
А вось з адзеннем для старшакласнікаў, ёсць праблемы. З гэтым згодны самі цінэйджары, бацькі і прадаўцы. Як вядома, тут у трэндзе стыль кэжуал, чыстая класіка з моднымі нюнсамі, спалучэнне супрацьлегласцей, напрыклад, касцюмная тканіна і тонкія карункі, класічныя штаны і шырокія лампасы. А такога пакуль не стае. Таму, як заўважыла адна з дзяўчынак-дзесяцікласніц: «Я на школьным базары нічога з адзення не набыла, давядзецца ісці ў адзел для дарослых ці ў модны буцік».
Так ці патрэбна нам школьная форма? Есць краіны, дзе адзіная школьная форма абавязковая. У Вялікабрытаніі, напрыклад, гэта традыцыя для элітарных школ, і вучні вельмі ганараца сваёй формай, любяць у ёй фатаграфавацца. У ЗША некаторыя навучальныя ўстановы маюць сваю, адметную ад іншых, форму адзення. У Расіі ёсць школы, дзе для сваіх вучняў спецыяльна распрацоўваюць мадэлі адзення і шыюць на заказ. Дарэчы, у той жа Расіі задумаліся аб стандартах для школьнай формы, якія мяркуюць увесці ў 2020 годзе. Яны будуць тычыцца тэхнічных патрабаванняў да тканіны – трываласці, устойлівасць, паветрапранікальнасці. А вось ва Узбекістане адзіная школьная форма стане абавязковай у 2024 годзе, ужо зацверджаны яе ўзоры. У некаторых беларускіх гімназіях таксама існуе строгі дрэс-код. Але гэта не так званая «ўраўнілаўка», а дзелавы касцюм, які выкананы ў адпаведнай каляровай гаме і выглядае стыльна.
Асабіста я галасую за школьную форму, не, не адзіную для ўсіх, як у мае часы. А стыльную, сучасную, камфортную. Псіхолагі сцвярджаюць, што адпаведны стыль адзення стварае ў школе дзелавую атмасферу, неабходную для заняткаў, дапамагае вучню адчуць сябе членам свойго калектыву, выхоўвае, гаворачы сучаснай мовай, карпаратыўны дух і гонар за сваю школу. Нарэшце, форма зніжае канкурэнцыю і зайздрасць у класе і эканоміць грошы бацькоў. А гэта таксама немалаважна.
Я так думаю, а вы?