Падзяліцца:
«Школьны вальс… Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
7 Чэрвеня 2019
«Школьны вальс… Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) Калі вы загадзя не паклапаціліся запісацца ў цырульню на гэтыя выхадныя, можаце ўжо не спяшацца. Усё распісана да хвілін: выпускнікі-2019 рыхтуюцца да свайго балю! Да вячэрняй сукенкі неабходна адпаведная прычоска, манікюр, макіяж. А як жа без новых модных туфлікаў, трэндавых аксесуараў! І вось такі дзявочы “прыкід” можа “пацягнуць” на 400-500 рублёў. У юнакоў, канечне, танней. А калі дадаць выдаткі на традыцыйны фотаальбом, банкет, вядучага вечара, дыскатэку і іншыя неабходныя дробязі, то, як падзяліліся бацькі аднаго са сталічных выпускнікоў, “мы выклалі роўна тысячу рублёў”. Але чаго не зробіш дзеля яркага, запамінальнага выпускнога вечара! І хоць канва свята ў нас традыцыйная: афіцыйная частка з уручэннем атэстатаў і шчырымі прамовамі, святочны стол і танцавальная праграма, – у кожнай школе імкнуцца расквеціць яго асаблівымі фарбамі. Гэта можа быць феерверк ці запуск паветраных шароў і ліхтарыкаў, паездка на лімузіне ці грандыёзная шоў-праграма. Але фінальны акорд ва ўсіх аднолькава кранальны – сустрэча світанку, першай дарослай раніцы і новага этапу жыцця. Цікава, як развітваюцца са школай у іншых краінах? У Расіі таксама спачатку ўсё традыцыйна – афіцыёз, атэстаты, але ўжо з’явілася традыцыя масавага святкавання. На парозе новага жыцця выпускнікоў паўночнай сталіцы які год сустракае карабель-брыг з пунсовымі ветразямі, які павольна праплывае па Няве. “Маскоўскі выпускны” сёлета сёмы раз пройдзе ў Парку Горкага з топавымі зоркамі. У расійскай глыбінцы, зразумела, ўсё больш сціпла, але і там могуць заказаць прагулачны катэр і банкет у кафе. У ЗША да выпускнога балю адносяцца вельмі сур’ёзна, рыхтуюцца загадзя і старанна. Дзяўчаты прыдзірліва падбіраюць модны гардэроб, юнакі набываюць смокінг. На баль прынята прыходзіць у пары і танцаваць толькі са сваім бой-фрэндам. Урачыстых прамоў з уручэннем атэстата не прадугледжана, як, між іншым, і акагольных напояў. А па галівудскіх стужках мы ведаем апафеоз такога вечара: выбіраецца кароль і каралева балю. У Пакістане ў канцы апошняга года навучання ладзіцца развітальная вячэра, а ў Швецыі выпускны пачынаецца вытанчаным сняданкам з шампанскім. Пасля ўрачыстасцей тынэйджары пад апладысменты блізкіх уладкаўваюцца ў кабрыялеты, уключаюць музыку на ўсю моц і весяляцца да ранку. Прынята ў гэты дзень адорваць адно аднаго практычнымі падарункамі. Урачыстая цырымонія развітання са школай летнім вечарам праходзіць і ў Ліване. Толькі ладзіцца яна ў шыкоўным атэлі і таксама з выбарам караля і каралевы балю. У Германіі да такой падзеі падыходзяць вельмі творча: ладзяць тэматычныя вечарыны, складаюць гімн свайго класа, а традыцыйнае фота на памяць друкуюць у выглядзе постараў. Памяць аб сабе пакідаюць і школе: высаджваюць кветкі і дрэвы. А вось у Італіі выпускнога балю ў яго прамым сэнсе не бывае. Вучні самі ладзяць вечарынку пад назвай “100 дзён”. Яна сапраўды праходзіць за сто дзён да выпускных экзаменаў, бо лічыцца, што менавіта столькі часу неабхода для падрыхтоўкі да іспытаў. Папярэдне, а не пасля выніковых экзаменаў, збіраюцца і выпускнікі каледжаў Нарвегіі. Толькі робяць гэта за некалькі тыдняў, і забаўляюцца, апрануўшыся ў смешныя рознакаляровыя камбінезоны. Чырвоныя выбіраюць тыя, хто вырашыў прысвяціць сябе эканоміцы, сінія ў тых, хто крочыць у навуку, будучыя тэхнары апранаюцца у чорныя, а вось спартсменам даспадобы белы колер. У Японіі, наадварот, выпускны дрэс-код вельмі строгі: па статуце школы. Выпускны баль у польскіх школах пачынаецца з паланэза. Першая пара – дырэктар з адной з выпускніц. А вось вальс, знакаміты школьны вальс Дунаеўскага, думаю, будзе гучаць у многіх беларускіх школах. Пад яго развітвалася з дзяцінствам не адно пакаленне выпускнікоў. Зразумела, у сённяшніх юнакоў і дзяўчат новыя густы, новыя рытмы, новыя песні і музыка. Але “школьные годы чудесные” і “звуки вальса плавные” на выпускным балі не забудуцца ніколі! Адзінаццацікласнікі здалі ўжо свае выпускныя экзамены. 55 тысяч 400 юнокоў і дзяўчат у апошні раз селі за школьную парту. А ужо ў аўторак, 11 чэрвеня, іх чакае першае выпрабаванне на Цэнтралізаваным тэсціраванні – па беларускай мове, затым па рускай, грамадазнаўстве, матэматыцы і гэтак далей. І школьны выпускны баль паміж чарадою іспытаў – адна з галоўных і незабыўных падзей жыцця. А што да прычоскі на баль, дык калі хто з дзяўчат-выпускніц не паспеў запісацца ў цырульню – не адчайвайцеся, завітайце ў інтэрнэт. Многія сайты прапануюць майстар-клас, як сваімі рукамі зрабіць шыкоўныя вячэрнія прычоскі. Усё вельмі проста і вельмі прыгожа! І няхай вам шчасціць ва ўсім, выпускнікі 2019 года!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: