
Яны ляцелі нізка над зямлёю, павольна, няроўным клінам - cтаміліся за доўгі шлях; але ў іх курлыканні былі чутныя не тужліва-асеннія гукі, а па-вясноваму радасныя, вітальныя, і я міжволі памахала ім рукою.
Беларускія шэрыя жураўлі – сапраўдныя пералётныя птушкі, ляцяць на зімоўку за тысячы кіламетраў праз Чорная мора, у Ізраіль, Эфіопію. А белы бусел, сімвал Сінявокай, адлятае ячшэ далей, у Паўднёвую Афрыку. На гэтым спякотным кантыненце зімуюць і нашыя ластаўкі, шпакі, кулікі. Але гнёзды віць усе вяртаюцца на радзіму.
Як жа яны арыентуюцца ў прасторы, як знаходзяць шлях дадому?
Што ім тыя пагоды паўднёвыя!
Што ім пышны платанавы рай,
Калі клічуць іх далі сасновыя
І азёрны рабінавы край.
Адказвае Алесь Ставер у сваім вершы «Жураўлі на Палессе ляцяць», які стаў знакамітай песняй.
Але вучоныя сцвярджаюць, што ў птушак, як і ў некаторых жывёл і нават насекомых, ёсць свой біякомпас, які дапамагае арыентавацца па геамагнітным полі Зямлі. Такі своеасаблівы навігатар існуе дзякуючы прысутнасці ў агранізме бялку пад назвай крыптахром. І што цікава, такі «магнітны» бялок мае і чалавек! Некаторыя эксперыменты нават паказалі, што наш мозг рэагуе на магнітнае поле, але «магнітнай навігацыі», як у птушак, у чалавека не назіраецца.
Страцілася падчас эвалюцыі ці проста не развілася гэтая опцыя? А можа, проста трансфармавалася ў больш тонкае, трапяткое, поліфанічнае пачуццё, якое рухае і нас вяртацца да роднага парога? Якое выяўляецца ў настальгічным жаданні прабегчыся знаёмай з маленства сцяжынкай, дакрануцца рукою да шурпатай кары дрэва, што калісьці сам пасадзіў і адчуць у сэрцы няўмольнае прыцягненне роднай зямлі…
Гавораць, што радзіма там, дзе закапана твая пупавіна, дзе магілы продкаў, дзе нарадзіўся і прайшло дзяцінства.
Марк Шагал, знакаміны класік авангарда, нарадзіўся ў Віцебску. І яго духоўная сувязь з горадам дзяцінства бачна амаль на ўсіх палотнах: храмы, маленькія дамы, вузкія вулачкі, стары заводзік, майстэрня – усё знаёмае мастаку з першых крокаў і дарагое сэрцу.
І нават на роспісе Плафона Парыжскай оперы, які наш геніяльны зямляк зрабіў у свае 77 гадоў, я са здзіўленнем убачыла віцебскія матывы: дзве постаці закаханых луналі ў зялёным паветры, нібыта сышлі са знакамітых палотнаў генія. Гэты зялёны сектар Плафона Марк Шагал прысвяціў гісторыі кахання, адлюстраванай у драматычнай сімфоніі Берліёза “Рамэа і Джульета” і оперы Вагнера “Трыстан і Ізольда”, але як жа гарманічна спляліся гэтыя вобразы на столі опернага палаца! Ды і жоўты анёл з кветкамі ў руцэ, і пеўнік ў чырвоным сектары – таксама з віцебскіх успамінаў.
Наш зямляк, першадрукар Францыск Скарына, таксама доўгі час жыў далёка ад дому, але ў думках заўсёды быў з роднай Полаччынай. Свае кнігі пачаў выдаваць менавіта на роднай беларускай мове. І як сугучны сённяшняму часу і тэме размовы яго словы: “Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”.
Лётчык-касманаўт Алег Навіцкі любімым месцам на Зямлі назваў Беларусь: “з яе лясамі, шчодрымі на ягады і грыбы, а таксама яе рэкі і азёры”. І ў свой палёт у якасці камандзіра экіпажа міжнароднай экспедыцыі на МКС узяў Дзяржаўны флаг Беларусі. А падчас падрыхтоўкі да чарговага палёту на арбіту прыехаў у родны Чэрвень. Каб атрымаць бласлаўленне ад маці, падсілкавацца яе дранікамі і набрацца жыццёвых сіл ад роднай зямлі.
Песня “Трава у дома” не здарма мае афіцыйны статус Гімна касманаўтаў. Як сцвярджаюць самі пілоты, яе словы поўнасцю адпавядаюць рэчаіснасці:
И снится нам не рокот космодрома,
Не эта ледяная синева,
А снится нам трава, трава у дома,
Зелёная, зелёная трава…
А яшчэ мне ўзгадваецца глыбока філасофскі фільм “Салярыс” Андрэя Таркоўскага паводле фантастычнага рамана Станіслава Лема.
Вялікі майстар стварыў на экране ёмісты і прыцягальны вобраз планеты Зямля, дзе ідуць цёплыя дажджы, гуляюць коні, дзе галоўнага героя доктара-касманаўта Крыса Кельвіна сустракае пасля палёту на парозе роднага дома пасівелы бацька. Але гэта не ява, не галюцынацыя, гэта – дарагія вобразы, галоўныя ўспаміны, якія матэрыялізуе разумны Акіян планеты Салярыс.
Геніі – гэта прарокі. Вось і атрымліваецца, што і ў будучыні, у далёкім космасе людзі ў думках вяртацца будуць да сваіх вытокаў, адчуваць прыцягненне ўжо цэлай планеты Зямля.
Яшчэ ў старажытнасці грэчаскі філосаф Арыстоцель вызначыў у чалавека 5 пачуццяў: слых, зрок, нюх, дотык і смак. Можа вось гэтае адвечнае, нязменнае пачуццё любові да родных мясцін, малой і вялікай радзімы, прыцягненне “…всех дорог, по которым мы в детстве прошли…” (як пяецца яшчэ ў адной “касмічнай” песні), і ёсць наша галоўнае – шостае пачуццё, наш біякомпас па жыццёвых шляхах? І магчыма менавіта яно робіць нас тымі людзьмі, якія надзеленыя мысленнем, думкамі, эмоцыямі і гамай іншых яскравых пачуццяў?