Падзяліцца:
«Сіла – у справядлівасці і праўдзе». Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
6 сакавіка 2019
«Сіла – у справядлівасці і праўдзе». Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) Мяне дагэтуль не пакідае ўражанне ад адной інфармацыі, якая была агучана напярэдадні сёлетняга міжнароднага эканамічнага форуму ў Давосе. Гэта быў даклад некамерцыйнай арганізацыі Oxfam. У ім адзначалася: капіталы найбагацейшых людзей свету за мінулы год павялічыліся на 12 працэнтаў, у той час як агульныя рэсурсы беднай паловы чалавецтва скараціліся на 11. Уявіце: у 26 мільярдэраў планеты зараз столькі ж грошай, як у паловы насельніцтва Зямлі! Ці такое ўражальнае параўнанне: толькі 1 працэнт назапашанага самага багатага чалавека ў свеце, заснавальніка інтэрнэт-кампаніі “Амазон” Джэфа Безаса, адпавядае ўсяму бюжэту аховы здароўя Эфіопіі, адной з самых бедных краін. І што зусім цікава, колькасць мільярдэраў вырасла ўдвая пасля фінансавага крызісу 2008 года. Да таго ж, звышбагатыя могуць пахваліцца не толькі ростам свайго фінансавага дабрабыту, але і самым нізкім за апошняе дзесяцігоддзе падаткаабкладаннем. “Такая бездань паміж багатымі і беднымі падрывае рост сусветнай эканомікі і стымулюе сацыяльную незадаволенасць”, – канстатуе выканаўчы дырэктар Oxfam. Тут дарэчы ўзгадаць рух “жоўтых камізэлек” у Францыі, які з’явіўся ў знак пратэсту супраць менавіта росту цэн і падаткаў. Бо бедныя плацяць большыя падаткі прапарцыянальна іх даходам, чым самыя багатыя. Разрыў паміж даходамі працягвае ў свеце пашырацца. Гэта канстатуе Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. У 34-ох эканамічна развітых краінах, якія ў яе ўваходзяць, 10% самых багатых жыхароў зарабляюць у 10 разоў больш, чым 10% самых бедных. І сярод лідараў па ўзроўні няроўнасці ў даходах насельніцтва, на здзіўленне, – ЗША, якія значна апярэджвацюь найбольш развітыя краіны, як Канада і Еўрасаюз у цэлым. Там такая розніца даходзіць часам да 12 разоў, а па Еўропе, у сярэднім, разрыў даходаў не перавышае 7 разоў. Дарэчы, агульнапрынятай методыкі, якая дазваляе колькасна вымяраць гэтую “няроўнасць”, няма. Але існуе так званы каэфіцыент Джыні – статыстычны паказчык ступені расслаення грамадства ў пэўнай краіне ці рэгіёне, ён і выкарыстоўваецца для ацэнкі эканамічнай няроўнасці. Чым вышэй няроўнасць у размеркаванні даходаў, тым больш каэфіцыент набліжаецца да адзінкі і наадварот. Пры абсалютнай роўнасці ён дасягае нуля. Але такога пакуль нідзе не назіраецца. У Расіі таксама расце сацыяльна-эканамічная няроўнасць, – канстатуе загадчык лабараторыі Інстытута сацыяльнага аналізу і прагназавання Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы Алена Аўраамава. На фоне агульнага падзення даходаў насельніцтва частка багатага саслоўя свой фінансавы стан павялічыла на 11 працэнтаў. Таму 84 працэнтаў расіян лічаць: няроўнасць людзей па даходах – самая глыбокая бездань у грамадстве, і галоўная задача на сёння –– яе ліквідацыя. Праўда, гаворачы пра справядлівасць, больш маюць на ўвазе роўнасць магчымасцей, сярод якіх – даступнасць якаснай медыцыны і адукацыі, рынку працы і паслуг, аднолькавую магчымасць рухацца па “сацыяльных ліфтах”, а не атрымліваць выгоды “ў спадчыну” і, тым больш, не багацець у выніку карупцыі. Расіян абураюць алігархі, нуварышы-чыноўнікі, прадстаўнікі так званага шоў-бізнесу, якія наўмысна дэманструюць сваё багацце і “элітарнасць”. Расійскія сацыёлагі даўно звярнулі ўвагу на тое, што тэматыка справядлівасці з’яўляецца адной з найбольш праблемных для расійскага грамадства. Па выніках аднаго з апошніх апытанняў, эксперты Інстытута сацыялогіі РАН адзначылі, што менавіта справядлівасць можа найбольш моцна кансалідаваць расійскае грамадства. Нас, беларусаў, у адрозненне ад суседзяў, перш за ўсё хвалююць пытанні якасці паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі і медыцыны, будаўніцтва жылля, цэны, а таксама бяспека і суверэнітэт дзяржавы. Нам удалося пазбегнуць расслаення грамадства па даходах, мінуючы так званую “прыхватызацыю” і “шокавую тэрапію”, барацьба з карупцыяй у Беларусі вядзецца не на словах, а на самай справе, сацыяльна-эканамічная палітыка праводзіцца ў інтарэсах не пэўнай групы, а ўсяго грамадства. Дарэчы, у рускай мове, і ў беларускай таксама, сінонімам справядлівасці з даўніх часоў лічылася слова “праўда”. Падчас нядаўняй “Вялікай размовы” з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускімі і замежнымі СМІ, прэзідэнт нашай краіны падкрэсліў: “Мы дакладна ведаем, што сіла ў справядлівасці і праўдзе”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: