Новую сістэму аплаты праезда ў грамадскім транспарце ўкаранілі ў Барысаве. На маршруты выйшлі 5 аўтобусаў з расклеенымі ў салоне QR-кодамі. Такі код трэба прасканіраваць смартфонам і праз мабільны дадатак набыць білет. У ліку першых пасажыраў быў і наш карэспандэнт Аляксандр Шустэр.

Вольга Малова – першы ў краіне кандуктар, які мае персанальны QR-код. Каб праверыць аплату, не трэба ніякай прылады. Пасажыр сам сканіруе гэты код, і адразу бачна, «заяц» ён ці не. Калі экран смартфона чырвоны і на ім надпіс «Не сапраўдны» - вас папросяць прайсці працэдуру спачатку. А гэта значыць - «счытаць» любы кюар код у салоне і праз дадатак «Аплаці» набыць білет. Пра перавагу новай сістэмы расказвае намеснік дырэктара кампаніі-распрацоўшчыка LWO Кірыл Талейка:
- Усё абсталявавнне, якое патрэбна ў аўтобусе — гэта наклейкі. Наклейкі аўтапарк вырабляе сам. Такія ж наклейкі — для кожнага кандуктара. Больш нічога не трэба – ніякага спецыяльнага абсталявання, ні прыбора, які павінен насіць кандуктар. Яму ёсць што насіць – торба, каб тыя, хто яшчэ не прывык да лічбавых грошай, маглі традыцыйным для сябе спосабам набыць білеты. Але мы ўсё ж у гэтых кандуктарах бачым місіянераў. Яны павінны ўсіх нашых грамадзян перавесці на лічбавыя білеты, на лічбавыя кашалькі.

Хутка такая сістэма аплаты з“явіцца ў Гомелі і Віцебску. Дакладней, яе ўжо тэсціруюць там на некалькіх маршрутах. Як расказалі ў кампаніі LWO - запатрабаванасць у апрацоўцы безнаяўных плацяжоў узнікла даўно, транспартнікі былі гатовы і нават падганялі распрацоўшчыкаў.
- Барысаў – самы вялікі горад у вобласці, тут больш за ўсё трапспарту менавіта гарадскога, - тлумачыць выбар пілотнага праекта генеральны дырэктар «Мінаблаўтатранса» Уладзімір Федаровіч. Гэта новае, гэта добрае, гэта зручнае, і яно знойдзе шырокае ўжыванне. Пачнем з вялікіх гарадоў, найперш – гарадоў, які развіваюцца паскоранымі тэмпамі. Гэта Маладзечна, Салігорск, Слуцк, Жодзіна. Будзе распрацаваны падобны дадатак і для прыгарадных маршрутаў, якія звязаны з Мінскам.

Выгада аўтапарка – дадатковы кантроль (праехаць па адным і тым жа білеце двум і больш чалавекам не атрымаецца, гэтак жа як і выкарыстаць яго, напрыклад, у адваротным кірунку). Што да валідатараў, як у Мінску, то яны дорага каштуюць і доўга акупаюцца. Ёсць выгада і ў маштабах краіны. Дадатак айчынны, і ў адрозненне ад сістэм Visa і Mastercard, усе грошы застаюцца ў Беларусі, - заўважае дырэктар кампаніі LWO, член Савета па развіцці лічбавай эканомікі Алег Кандраценка:
- Калі мы карыстаемся плацежнай картай, за кожную транзакцыю мы плацім замежным плацежным сістэмам. Штогод такіх транзакцый каля 15 мільярдаў. Кожная транзакцыя – гэта дзясятыя долі цэнта, за год гэта дзясяткі мільёнаў долараў. Мы можам радавацца за амерыканскія і еўрапейскія плацежныя сістэмы, але з нашай краіны грошы сыходзяць. Мы жадаем, каб нашы грамадзяне, набываючы тавары і паслугі ў нашых вытворцаў, не плацілі пры гэтым за мяжу.

Зніжаецца і нагрузка на бізнэс. Калі за эквайрынг – інакш магчымасць прымаць безнаяўную аплату за тавары і паслугі – банкі спаганяюць працэнт – паўтара з кожнага чэка, то сістэма «Аплаці» - не больш за 0,5%. Ну а выгады для пасажыра відавочныя. Усё проста, хутка і бяспечна, і не трэба запасацца дробяззю ў кішэнях.
- Мы пазіцыяніруем гэтую сістэму як экасістэму, якая спрашчае жыццё кожнага чалавека і дапамагае бізнэсу развіваць і прадаваць свае сэрвісы і прадукты, - расказвае пра дадатак «Аплаці» намеснік старшыні праўлення «Белінвестбанка» Андрэй Сакірка. - Асабліва гэта датычыцца тых выпадкаў, дзе сума плацяжоў невялікая. Можна, канечне, разічыцца драбязой або банкаўскай карткай, што ўласціва для Мінска. Але мне падаецца, што мабільны тэлефон у руках – гэта больш тэхналагічна. Картку вы можаце забыць дома і ўжо не вярнуцца за ёю, за тэлефонам вы вернецеся заўсёды.
