Падзяліцца:
"Социальная сеть" - новый еженедельный проект Белорусского радио (аудио)
3 кастрычніка 2017
"Социальная сеть" - новый еженедельный проект Белорусского радио (аудио)

Вітаю ўсіх рыдыёслухачоў і карыстальнікаў інтэрнэту, што слухаюць нас па ўсім свеце на сайце Першага нацыянальнага. У эфіры – новы праект, які, спадзяюся, зробіць яшчэ бліжэй тых, хто працуе на нашым канале з тымі, хто слухае нас, і не толькі слухае, але і дзеліцца меркаваннямі на сайце і ў сацыяльных сетках. А можа, вы яшчэ не ведаеце пра такую магчымасць?.. Тады аб усім па парадку.

У верасні сайт Першага Нацыяльнага наведалі больш за 22 тысячы чалавек. Самыя папулярныя старонкі –  “Навіны”, “Праграма перадач” і “Асобы канала” – слухачам цікава суаднесці вобраз, які паўстае пад уздзеяннем голаса, з тым, як выглядае вядучы, дыктар і аўтар праграмы ў рэальнасці. Што тычыцца навін, то не так даўно мы ўдасканалілі навігацыю, цяпер публікацыі ужо на галоўнай старонцы дзеляцца на тры катэгорыі – тэксты, аўдыё і відэа. Можна абраць самы зручны варыянт знаёмства з перадачамі ў залежнасці ад таго, з якой прылады вы заходзіце на сайт і якія абмежаванні маеце па хуткасці і колькасці інтэрнэту. Дарэчы, агульная тэндэнцыя – рост выкарыстання мабільных прылад - не мінае і нас. Такіх карыстальнікаў, калі казаць менавіта пра сайт – больш за трэць.

Больш за палову наведвальнікаў набіраюць у браузеры менавіта адрас радыё.бел, астатнія пераходзяць па спасылках у пошукавіках (адзін з самых папулярных запытаў – “Першы нацыянальны канал Беларускага радыё слухаць онлайн”) і ў нашых акаунтах у сацыяльных сетках.

Самай папулярнай навіной стаў анонс новага сезону. Вялікую ўвагу прыцягнулі прома-ролік і ўрывак з праграмы “Вялікае тэлебачанне”, дзе пра самыя цікавыя праекты расказаў дырэктар дырэкцыі інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Максім Угляніца.

І як раз гэтую мэту выконваюць нашы акаунты ў сацыяльных сетках. Самы час расказаць пра іх падрабязней. Аўтары перадач, канешне, робяць іх не для сябе, і зваротная сувязь – не толькі магчымасць атрымаць ацэнку, але і пераасэнсаваць уласную творчасць, знайсці новыя тэмы, вызначыць прыярытэты. Калісьці водгукаў даводзілася чакаць тыднямі і месяцамі, чытаць сотні лістоў і паштовак. Цяпер, дзякуючы сучасным сродкам сувязі, можна аператыўна ўбачыць, якія тэмы і матэрыялы карыстаюцца найбольшай цікавасцю.

Адлік прысутнасці ў Фэйсбуку Першы нацыянальны вядзе з 2011-га. Сталая аўдыторыя афіцыйнай старонкі - больш за тры тысячы карыстальнікаў. Партрэт, можна сказаць, традыйны для гэтай сацыяльнай сеткі: пароўну мужчын і жанчын, узрост - ад 25-ці да 45-ці гадоў.

А яшчэ – гэта людзі, якіх хвалююць праблемы экалогіі. На мінулым тыдні чэмпіёнам па праглядах і лайках стала праграма «Актуальны мікрафон» пра Еўрапейскі тыдзень мабільнасці. Кіраўнік праекта «Зялёныя гарады» Ірына Усава і намеснік старшыні праўлення Беларускага саюза транспартнікаў Валянціна Лявончык расказалі, якія рэгіёны нашай краіны найбольш актыўныя ў ачышчэнні навакольнага асяроддзя.

Дадам, ў нашым акаунце можна не толькі прачытаць навіны, але і паназіраць за работай карэспандэнтаў амаль ужывую, а часам і без усялякіх “амаль” – мы выкарыстоўваем магчымасці жывой трансляцыі з месца падзей. Пакуль – як дапаўненне да эфірных акцый, напрыклад – “Жніво. Онлайн”. У перспектыве так званых “стрымаў” стане больш, і аўдыторыі не прыйдзецца чакаць выпускаў навін, каб даведацца пра самае цікавае.

Пакуль жа ў плане аператыўнасці наперадзе Твітар – наша гісторыя ў ім амаль 5 гадоў, а задача – менавіта адразу, сцісла і ёміста, паведамляць пра тое, што адбываецца ў жыцці свету, краіны і радыё. Чатыры разы на дзень вашай увазе перадача “90 секунд” – сумесны праект з тэлеканалам “Беларусь-24” – гэта тры галоўныя навіны, расказаныя і паказаныя за паўтары хвіліны. І менавіта яны тут збіраюць больш за ўсё праглядаў. З усіх рэсурасаў, пра якія мы расказваем, менавіта Твітар найбольш арыентаваны на мабільную публіку. Магчыма і таму тут па выніках тыдня лідзіруе «Актуальны мікрафон», тэмай якога стаў турызм, а госцей - старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова. Ці апраўдаліся чаканні ад бязвізавага рэжыму? Колькі наша краіна зарабляе на турыстах і каму з іх што падабаецца? Якая рэальная эканамічная выгада ад аграэкасядзіб? Калі гэта цікавіць і вас – шукайце праграму ў сацыяльнай сетцы.

Знайсці перадачу, калі вы яе прапусцілі. Паглядзець, а не толькі паслухаць. Убачыць тое, што застаецца па-за эфірам. У дапамогу - наш акаунт на відэа-хостынгу Youtube. Што заўважыў я - у адрозненні ад тых жа Фэйсбука і Твітара, карыстальнікаў гэтага сэрвіса прыцягваюць кардынальна іншыя тэмы. Аналітычныя праграмы саступаюць сацыяльным і музычна-забаўляльным. На мінулым тыдні напрыклад найбольш праглядаў – у эфіра праграмы «Для тых, хто дома» з астролагам і паэткай Вольгай Роўнай.

Дарэчы, усіх прыхільнікаў «Для тых, хто дома» хачу супакоіць – у новым сезоне яна застаецца ў эфіры, праўда пад іншай назвай – “Сямейная праграма”.

А зараз колькі слоў пра нашыя самая “маладыя” акаунты – у сацсетках “Вконтакте” і “Однокласснікі”. Іх адметнасць – магчымасць праглядаць відэа і слухаць аўдыё, як кажуць, “без рэгістрацыі і смс” – дастаткова адзін раз націснуць на кнопку пасля таго як вы ўбачылі наш матэрыял ў сваёй стужцы навін. Аўдыёфайлы прыцягваюць тут найбольшую ўвагу. А калі выбіраць з іх – то гэта радыёблогі. Перш за ўсё – “Розгалас” Максіма Угляніцы і “Паралелі” Дзмітрыя Рубашнага. Як раз апошні – пад назвай “Cамая крэатыўная сфера” зацікавіў больш за ўсё. У ім аўтар расказаў, як з невялікіх мястэчак робяць сусветныя турыстычныя брэнды.

А ў сетцы “Вконтакте” ўсіх канкурэнтаў з вялікім адрывам апярэдзіў відэаролік пад назвай “Адчуй сябе генеральным сакратаром ААН” – паўтысячы праглядаў! Гэта запіс яшчэ адной перадачы “Для тых, хто дома” з удзелам каманды арганізатараў Міжнароднай канферэнцыі MINTMUN. Дзе знаходзяць сябе ўдзельнікі праекту і з якога ўзросту можна стаць яго валанцёрам. Пра гэта - ў эфіры Таццяны Гулейкі на старонцы Беларускага радыё “Вконтакте”.

Вось такія матэрыялы атрымалі водгук ў сацыяльных сетках. А я заклікаю  вас заходзіць на нашы старонкі, дзліцца ўражаннямі, пакідаць меркаванні – як зрабіць наш эфір яшчэ больш цікавым і актуальным. І магчыма, ваш каментарый прагучаць у гэтай праграме праз тыдзень.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: