
Шчырыя вітанні ў новым, 2019-ым, спартыўным годзе; Я думаю, што менавіта пад знакам вялікага спорту пройдзе гэты год у Беларусі. І пачынаецца ён са знакавай спартыўнай падзеі. Літаральна заўтра на “Чыжоўка-Арэне” адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця і пройдуць першыя матчы Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакею на прыз Прэзідэнта Беларусі. На працягу 5 дзён барацьбу за трафей будуць весці 12 каманд. Гэта ўжо 15 па ліку турнір і адзначу, што ў актыве каманды Аляксандра Лукашэнкі 11 трыўмфальных перамог.
Дарэчы, у дарослых хакеістаў падрастае дастойная змена. Упэўніцца ў гэтым можна будзе таксама ў гэтыя дні: паралельна пройдзе фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Беларусі ў старшай узроставай групе. А як змагаюцца за шайбу юныя хакеісты, гэта трэба бачыць!
Ёсць яшчэ адна асаблівасць Каляднага турніру. Падчас яго каманды-ўдзельніцы занятыя не толькі на лядовай арэне. Сёлетні адрас іх дабрачыннай акцыі “Калядная традыцыя” – сталічны дзіцячы дом №7 «Сем Я», выхаванцы якога атрымаюць не толькі падарункі, але і запрашэнне на фінальны матч.
Эстафету яркага спорту на лёдзе прыме ў гэтым месяцы чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні. Месцам яго правядзення выбрана «Мінск-Арэна». І калі для нас, балельшчыкаў, гэта будзе сапраўдным святам, якое яднае спорт і мастацтва, то для фігурыстаў – адзін з важных крокаў на шляху да Алімпійскіх гульняў-2022, якія пройдуць у Пекіне.
Плануецца, што мінскі лёд збярэ больш за 100 мацнейшых фігурыстаў кантыненту. Асноўную канкурэнцыю беларускім спартсменам складуць прадстаўнікі Расіі, Францыі і Іспаніі. Але ж мы балеем за нашых і падтрымаем іх на трыбунах. Білеты ўжо можна набываць на гэта яскравае лядовае відовішча.
Яшчэ адно свята спорту чакае нас гэтай зімой. З 18 лютага ў алімпійскім спарткомплексе “Раўбічы” – чэмпіянат Еўропы па біятлоне. Аматары гэтага віду спорту змогуць атрымаць асалоду ад індывідуальных гонак і змешаных эстафет, ад спрынту і гонкі праследавання. Снег, мароз, сонца (будзем спадзявацца на нябесную канцылярыю ў гэты час), плюс спартыўны азарт і майстэрства біятланістаў – што можа быць лепшым для нас, балельшчыкаў! Я гэта ведаю па сабе, калі ў далёкім 1974 годзе назірала за пераможнай эстафетай савецкай каманды на 13 чэмпіянаце свету па біятлоне. Ён тады праходзіў у толькі што адкрытым спарткомплексе “Раўбічы” і стаў для беларусаў сапраўдным вялікім святам спорту. Нашым кумірам тады быў чэмпіён свету і алімпійскі чэмпіён біятланіст Аляксандр Ціханаў.
А сённяшніх куміраў можна будзе пабачыць на “Гонцы легенд”, якая запланавана падчас урачыстага адкрыцця сёлетняга чэмпіянату ў Раўбічах. Спадзяёмся ўбачыць там і нашых Дашу Домрачаву і Надзею Скардзіна, іншых тытулаваных беларускіх і замежных страляючых лыжнікаў.
Будзем мы сёлета прымаць і спаборніцтвы па летніх відах спорту. Ды на якім узроўні!
Другія Еўрапейскія гульні пачнуцца 21 чэрвеня грандыёзнай цырымоніяй адкрыцця на адноўленым стадыёне “Дынама”. 10 яскравых дзён чакаюць удзельнікаў, гасцей і нас, гаспадароў: напружаныя спаборніцтвы па 15 відах спорту ў 23 дысцыплінах. Больш за 4 тысячы спартсменаў з 50 краін будуць змагацца за медалі. А колькі заўзятых балельшчыкаў, гасцей і проста турыстаў прыедуць да нас. Мы ўсе будзем жыць і ўжо жывём вялікім спортам: рыхтуем спартыўныя арэны і гасцініцы, турыстычныя аб’екты і забаўляльныя праграмы, каманды валанцёраў, спецыяльны транспарт і многае іншае, без чаго немагчыма стварыць сапраўднае свята спорту.
Сама я набыла ўжо білеты для сваіх амерыканскіх сяброў па іх просьбе: на фіналы па стральбе з лука, мастацкай гімнастыцы, на лёгкаатлетычныя спаборніцтвы і на цырымонію закрыцця. Сям’я Сампсан з Портленда вырашыла скарыстацца бязвізавым рэжымам і атрымаць асалоду не толькі ад сустрэчы з намі, але і са спортам.
Дарэчы, у маіх сяброў выпадае яшчэ адна нагода наведаць сёлета Беларусь. У жніўні ўпершыню ў гісторыі адбудзецца лёгкаатлетычны матч “Еўропа – ЗША”. Спаборніцтвы ў Мінску пройдуць у фармаце 4х4: у кожным відзе праграмы бакі прадставяць па 4 найлепшых атлета. Чакаецца, што за каманду Еўропы можа выступіць 10 беларускіх спартсменаў.
Так што наперадзе ў нас – год вялікіх яскравых спартыўных падзей!
Я ўпэўнена ў гэтым. А вы?