Падзяліцца:
Спецыяліст: першымі могуць знікнуць прафесіі прадаўца і вадзіцеля, а ўрачы будуць яшчэ доўга (аудыё)
7 Чэрвеня 2017
Спецыяліст: першымі могуць знікнуць прафесіі прадаўца і вадзіцеля, а ўрачы будуць яшчэ доўга (аудыё) Сёння ў праграме «Рынак працы»: пра самы перспектыўны напрамак, высокія тэхналогіі, і пра асцярогі навукоўцаў: ці заменяць камп'ютары некаторыя прафесіі? Але спачатку агляд сітуацыі на рынку працы Беларусі. Па інфармацыі міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, сітуацыя стабілізуецца. Ёсць станоўчая дынаміка па стварэнні новых месцаў. Толькі за першы квартал іх больш за 15 тысяч, каля паловы - на новых прадпрыемствах. Што да задачы – дасягнуць сёлета ў снежні сярэдняй зарплаты 1000 рублёў, - то ўсе рэгіёны паступальна ідуць да яе вырашэння. Адны з самых запатрабаваных на рынку працы па-ранейшаму ІТ-спецыялісты. У іх жа часцей за ўсё самыя высокія заробкі. Што патрабуецца ад таго, хто жадае заняць прэстыжную вакансiю? - мы спыталі ў начальніка сектара агульнасістэмных распрацовак адной з вядучых кампаній Парку высокіх тэхналогій Беларусі Аляксея Дзярбекі: «Кожнага работніка шукаюць, як правіла, на нейкую ўнікальную пазіцыю. Для кожнай пазіцыі патрабаванні свае, і відавочна, што патрабаванні для распрацоўшчыка праграмнага забеспячэння і для тэсціроўшчыка праграмнага забеспячэння ўжо будуць адрознівацца. Проста таму што розныя функцыянальныя ролі ў гэтых людзей. Натуральна, патрэбнае валоданне замежнай мовай, англійскай як мінімум. Аналітычны склад розуму часта дапамагае ў працы. Жаданне вучыцца, саманавучацца, таму што спецыялісты вучацца ўсё жыццё - увесь час з'яўляюцца новыя тэхналогіі. Таксама уседлівасць, працавітасць, жаданне расці». Спецыяліст таксама пракаменціраваў нядаўнюю навіну: сусветныя навукоўцы вызначылі тэрміны, калі штучны інтэлект перасягне магчымасці чалавечага розуму. У перакладзе моў гэта можа адбыцца да 2024 года, вадзіцеляў грузавікоў штучны інтэлект нібыта заменіць да 2027. Прафесіі прадаўцоў рознічных магазінаў знікнуць у 2031 годзе, пісьменнікі-белетрысты - да 2049. Нават ёсць меркаванне, што хірургі стануць непатрэбнымі да 2053 года. Аўтары даследавання заяўляюць: з верагоднасцю 50% штучны інтэлект заменіць чалавека праз 45 гадоў, а праз 120 – на ўсіх магчымых працоўных пазіцыях будзе задзейнічаны выключна камп’ютар. Ці варта верыць замежным футуролагам? «Большасць спецыяльнасцей, для таго каб яны маглі быць замененыя на робатаў, патрабуюць шмат разнавіднасцей штучнага інтэлекту. Зараз у нас развіваецца абмежаваная колькасць такіх разнавіднасцей, напрыклад, распазнаванне відэа, аўдыё. Або слабы штучны інтэлект - гэта, напрыклад, аўтапілот на машынах, калі ёсць магчымасць неяк фармальна апісаць патрэбныя крытэрыі паводзін, і штучны інтэлект можа дзейнічаць у рамках нейкіх пэўных правілаў. Так, хутчэй за ўсё, першымі знікнуць прадаўцы. Ужо зараз у Мінску ёсць прыклады, калі ўкараняюцца касы самаабслугоўвання, прадаўцы-касіры там ужо не патрэбныя. Адно звяно ланцужка выключаецца, застаюцца толькі кухары і выдача прадукцыі. У будучыні хутчэй за ўсё ў нас з'явяцца поўнасцю крамы самаабслугоўвання. Гэта калі чалавек сам ходзіць па залах, набірае тавары, праводзіць іх праз сканер штрых-кода і аплачвае карткай. Пасля прадаўцоў, хутчэй за ўсё, мы пазбавімся ад вадзіцеляў. Ужо зараз пачынаецца поўнамаштабнае тэсціраванне машын на аўтапілоце, ёсць эксперыменты па ўкараненні тых жа беспілотных таксі. Гэта перспектыва вельмі блізкая, таму што шмат хто ўкладаецца ў гэтую сферу і яна многіх цікавіць, у тым ліку вытворцаў аўтамабіляў і кампаніі, якія прадстаўляюць сэрвіс, звязаны з аўтамабілем. Я лічу, што ўрачы яшчэ доўга будуць з намі, не знікнуць як прафесія, таму што гэта сфера нашага жыцця, якая слаба фармалізуецца і дрэнна апісваецца для штучнага інтэлекту. Канечне, магчымыя нейкія змены ў прафесіі ўрача, напрыклад, тых жа хірургаў. Гэта тэлемедыцына або з'яўляюцца апошнім часам хірургічныя робаты, як Da Vinci. Гэта значыць хірург сядзіць у цэнтры кіравання і можа, не выходзячы са свайго працоўнага месца, правесці паслядоўна некалькі аперацый у розных кутках краіны. Але гэта ўсё яшчэ хірург, гэта ўсё яшчэ ўрач высокай кваліфікацыі, у яго проста мяняюцца інструменты: не сам скальпелем працуе, а скальпелем працуюць высокадакладныя механізмы». Такім чынам, чуткі аб незапатрабаванасці распаўсюджаных зараз прафесій крыху перабольшаныя. Але, усё роўна мы раім, як кажуць “трымаць вуха востра”, атрымліваць новыя веды і жадаем вам заўсёды мець добрую працу!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: