«Дырыжыраванне – справа цёмная» сказаў некалі славуты кампазітар Рымскі-Корсакаў. «І з часам не пасвятлела» – жартуе наш сучаснік, вядомы дырыжор і педагог АЛЯКСАНДР САСНОЎСКІ, абапіраючыся на свой багаты творчы і педагагічны вопыт. За плячыма – 25 гадоў работы ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, 35 – у класе дырыжыравання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. На працягу многіх гадоў – кіраванне адразу трыма калектывамі: сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі, Брэсцкім сімфанічным аркестрам і канцэртным аркестрам «Няміга». Такі рытм жыцця проста абавязвае заўсёды заставацца маладым, не звяртаючы ўвагу на сур’ёзныя лічбы – 65-гадовы юбілей і 45-годдзе творчай дзейнасці.
Напярэдадні дня нараджэння, які Аляксандр Сасноўскі адзначыць 19 верасня, маэстра пагадзіўся паразважаць пра тонкасці і сакрэты прафесіі, лёсавызначальныя сустрэчы і яркія падзеі, пераемнасць і традыцыі, радасць і шчасце ад кожнага актыўнага дня.
Маэстра Аляксандр Сасноўскі ў «Творчым вечары» Таццяны Якушавай – 18 верасня ў 21-05.