Падзяліцца:
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант: «Радыё – гэта з'ява ў нашай краіне» (аўдыё)
15 лістапада 2019
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант: «Радыё – гэта з'ява ў нашай краіне» (аўдыё) Беларускаму радыё - 94 гады! 15 лістапада 1925 года ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё шырокавяшчальнай радыётэлеграфнай станцыі, у гэты ж дзень у 18:30 у эфіры ўпершыню прагучалі словы: “Гаворыць Мінск!” З таго часу на Беларускім радыё адбылося шмат пераўтварэнняў.
Калектыў і слухачоў Беларускага радыё павіншаваў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. 

«Нягледзячы на тое, што Беларускаму радыё так шмат гадоў, вядома, яно не становіцца менш папулярным. Па самых розных прычынах. Радыё - гэта мабільнасць, мы можам слухаць яго на працы і ў дарозе. Радыё - гэта аператыўнасць. Дзякуючы гэтаму радыё вельмі папулярнае, таму я думаю, што будучыня ў яго выдатная. 94 гады, а будзе і 194 гады!
Я з самага дзяцінства быў крыху звязаны з радыё - мой дзядзька працаваў на Гродзенскім радыё, і я з малых гадоў прысутнічаў і пры запісе радыёрэпартажаў, і пры мантажы. Радыё, напэўна, як і з любым беларусам, са мной усе гэтыя гады ідзе. Цяпер ужо ў мабільным тэлефоне і камп'ютары, а раней - правадная радыёкропка, якая была дома. Пачыналася ўсё з гімна, навін, зарадка, па-мойму, была, і ўсе гэтыя перадачы на роднай мове. Выпускі навін засталіся ў памяці, радыёспектакляў было вельмі шмат, апавяданняў нейкіх.
Тады гэта была адна з асноўных крыніц атрымання інфармацыі. Вядома, і канкурэнтаў было не вельмі шмат. Сёння цяжэй, але і радыё крочыла далёка наперад - у тэхнічным прагрэсе не адстае ад тэлебачання.
Перавага Белтэлерадыёкампаніі не толькі ў тым, што мы можам называць сябе холдынгам і высока задзіраць нос, а ў тым, што мы маем магчымасць даць прадукт на густ практычна любога слухача. Будзе гэта рок-музыка, іншаземец на розных мовах, аматар культуры або папулярнай музыкі, аматар класічнага радыё, як Першы нацыянальны... Кожная з гэтых радыёстанцый знайшла свайго слухача.
94 гады - сур'ёзная дата. На парозе вялікіх юбілеяў знаходзімся мы ўсе. Беларускае радыё - гэта з'ява ў нашай краіне, з улікам таго, што ўсе гэтыя гады яно рабіла для Рэспублікі Беларусь, з улікам таго, якія людзі працавалі на радыё. Таму я хацеў бы падзякаваць супрацоўнікам Беларускага радыё за працу, якую яны робяць. Я хацеў бы пажадаць поспехаў. Вядома, трэба імкнуцца толькі наперад. Мэта павінна быць адна - рабіць як мага больш якасны прадукт, каб вас як следства чула як мага большая колькасць людзей. Але я думаю, што і так ўзровень дастаткова сур'ёзны, і вы будзеце толькі прымнажаць».
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: