Падзяліцца:
“Сустрэчы з песняй”, 11.11.2017 (аўдыё)
13 лістапада 2017
“Сустрэчы з песняй”, 11.11.2017 (аўдыё) У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі. На жаль, не ўсе мелодыі, якія вы ўзгадваеце ў сваіх пісьмах, мы можам знайсці, але робім усё магчымае, каб “вярнуць” вам любімыя песні. Мы чакаем ад вас пісем з невялікім успамінам пра тое, дзе вы ўпершыню пачулі любімую песню і якія падзеі былі звязаны з яе з’яўленнем у вашым жыцці. Чытаю пісьмо Зузанны Антонаўны Грабоўскай. “Я – ваша пастаянная слухачка, а пішу ўпершыню. Як пачую ў вашай перадачы тую ці іншую песню, якая звязана і з маім лёсам, застаюся задаволенай. Часам, падпяваю, сяджу ў задуменні. Я жыву ў невялічкай вёсачцы Юраўка Шчучынскага раёна. У нас засталіся толькі два жылыя дамы. Дзякуй Богу, колькі год таму ў пусты дом родзічаў прыехала маладая сям’я, у якой нарадзілася двое дзетак. Значыць, жыве Юраўка! Здаецца, зусім нядаўна падрасталі нашы дзеці, трое дзяўчынак і сынок, а ўнукі ўжо дарослыя. Наш дом стаіць ля самай аўтамабільнай дарогі Гродна-Вільнюс. Па руху аўтобусаў звяраю час. А ў святы імчаць і імчаць легкавушкі да родных хат, дзе дзяцей чакаюць старэнькія бацькі, часцей за ўсё адзінокія матулі-удовы, такія, як я. А якое гэта шчасце, калі ёсць куды і да каго прыехаць! Пра гэта пастаянна гавораць мае дзеці і ўнукі. Таму прашу перадаць песню “Бацькоўскі зруб”, а мы з задавальненнем паслухаем усёй сям’ёй”. Пісьмо Вольгі Іванаўны Варанцовай з аграгарадка Кадзіна Магілёўскай вобласці. “Хачу праз вашу праграму перадаць музычнае прывітанне свайму дарагому татулю Івану Фёдаравічу Мацкевічу. Ён кожную суботу слухае вашу перадачу. Жыве ў Мінску. Татулю падабаюцца песні яго маладосці. Уключыце, калі ласка, у перадачу песню “Ой, при лужку”. Гэту песню спяваў яго тата, мой дзядуля, які ўсё жыццё даглядаў коней. Ён ваяваў на Першым Беларускім фронце. Уся мая сям’я – унук Ваня, унучка Вікторыя, зяць Уладзімір – таксама далучаецца да майго прывітання”. (“Ой, при лужку”, народная, Кубанский казачий хор) А зараз па просьбе нашай пастаяннай слухачкі Валянціны Нікіцічны Войчанка з Гомеля прагучыць песня Аскара Фельцмана на словы Вольгі Фадзеевай “Ландыши”. Спявае Гелена Веліканава. Чытаю наступнае пісьмо. “Піша вам Міхаіл Мікалаевіч Кавалёў з горада Асіповічы. Ветэран Узброеных сіл. Мне было 7 гадоў, калі пачалася вайна. Холад, голад, страх. У 11 гадоў, пасля вайны, пайшоў у першы клас. Школы не было, займаліся па дамах. З дзяцінства любіў музыку. У 5-м класе ўжо іграў на гармоніку. Спачатку іграў на вечарынках, а пазней – на вяселлях. Пасля 7-га класа паступіў у вагоннае дэпо станцыі Асіповічы вучнем сталяра. У 1953-ім пайшоў у армію, служыў на флоце, спачатку у Севастопалі, Наварасійску, а потым – у Севераморску на крэйсеры ”Мурманск”. Пасля арміі вярнуўся зноў у дэпо сталяром. У 1964-м паступіў на звыштэрміновую службу ў армію. 25 гадоў служыў у ракетных вайсках. Затым у 1985-м скончыў службу і 15 гадоў адпрацаваў у “Водаканале” горада Асіповічы. Перадайце, калі ласка, песню, якую іграў, калі вяртаўся з вячорак – “Одинокая гармонь”. Працягваю чытаць ліст Міхаіла Мікалаевіча Кавалёва з Асіповіч. “ І яшчэ адну песню прашу ўключыць у перадачу, як успамін пра нялёгкую службу на флоце, неспакойнае Баранцава мора, белыя ночы. Гэта песня, дзе ў прыпеве паўтараюцца словы: ”Прощай, любимый город”. (“Вечер на рейде”, Соловьёв-Седой, Чуркин А., Магомаев М.) Перада мной наступнае пісьмо. “Піша вам Марыя Каленікаўна Косач з аграгарадка Дзятлавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Ваша перадача кранае сэрца. Як хутка праляцелі маладыя гады! Мы ў той час працавалі хто ў калгасе, хто на прадпрыемствах, а пасля працы збіраліся на вячоркі да нас у хату. Яна была вялікая, і мы жылі ў цэнтры. Прыходзілі ўсе мае сяброўкі, некаторыя вышывалі, а іншыя вязалі. І да нас далучаліся хлопцы, у аднаго з іх, Паўла Раманавіча Косача, быў гармонік. Пачыналіся танцы. Было вельмі хораша і весела. Перадайце для маіх сябровак песню “Полька беларуская”. Няхай успомняць маладосць і гарманіста Паўла Косача”. (“Полька беларуская”, Лученок И., Дранько-Майсюк Л., ВІА “Сябры”) Працягваю чытаць ліст Марыі Каленікаўны Косач. “Мае сяброўкі – Вера Селівестраўна Кавалевіч, Кацярына Харытонаўна Канапацкая, сёстры Кацярына Яфрэмаўна і Вольга Яфрэмаўна Гопта, Кацярына Афанасьеўна Поткас, Вольга Арцёмаўна Жук, Марыя Самойлаўна Жук – вельмі любілі спяваць. Перадайце, калі ласка, для іх песню “На Муромской дорожке”. Гэта будзе музычнае прывітанне з маладосці”. (“На Муромской дорожке”, народная, Русланова Л.) А гэты ліст даслала Тамара Васільеўна Міхнавец з гарадскога пасёлка Чырвоная Слабада Салігорскага раёна. “Пішу вам не ўпершыню, бо вельмі люблю песні. Добрых песень многа, а ваша перадача дорыць радасць ад сустрэчы з імі. Хацелася б пачуць песню з кінафільма “Весна на Заречной улице”. Гэта любімая песня Аляксандра Іванавіча Вештарта, былога дырэктара Ананьчыцкай сярэдняй школы, дзе працавала і я выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. Для мяне гэта ідэал мужчыны, кіраўніка, чалавека. Выступалі мы з канцэртамі, прысвечанымі ўсенародным святам, сустракалі святы разам і заўсёды спявалі гэту песню. Зараз мы – пенсіянеры. Мне захацелася даведацца, чаму менавіта гэта песня стала для Аляксандра Іванавіча любімай. Вось што ён адказаў: ”Гэта песня стала любімай пасля выхаду аднайменнага фільма. Нагадвае мне маю маладосць, першае каханне, родную вёску, любімую вуліцу, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва. А гэта – самыя светлыя ўспаміны”. Уключыце, калі ласка, у перадачу гэту песню, бо яна любімая песня майго мужа Мікалая і мая”. (“Когда весна придёт, не знаю”, Мокроусов Б., Фатьянов А., Рыбников Н.) Па просьбе нашай пастаяннай слухачкі з горада Дзятлава Гродзенскай вобласці Марыі Іванаўны Шымук гучыць песня Аляксандра Марозава на словы Анатоля Папярэчнага “Фантазёр”. Спявае Яраслаў Еўдакімаў. Чытаю пісьмо Надзеі Аляксандраўны Бандарэвіч з горада Дзяржынска Мінскай вобласці. “Дзякуй вам за радасць, якую вы дорыце нам, слухачам сталага ўзросту. Мне здаецца, што песні мінулых гадоў падабаюцца і маладым людзям, бо зараз не спяваюць такіх песень, якія былі раней. Мне давялося даўно паглядзець кінафільм “Мачеха”, у якім гучала песня “Ой, завьюжило, запорошило”. Фільм вельмі крануў маё сэрца. Калі я была ў дзіцячым доме, мяне адна жанчына-настаўніца, у якой мы спыняліся на кватэры, калі прыязджалі ў падшэфны калгас на ўборку бульбы, таксама хацела ўдачарыць. Але я не згадзілася, бо пасля смерці маёй матулі, дзіцячы дом стаў для мяне родным домам. І мы, дзеці вайны, літаральна сталі братамі і сёстрамі. Не магла сабе ўявіць, як я буду без іх жыць. Уключыце, калі ласка, у перадачу песню “Ой, завьюжило, запорошило”. (“Ой, завьюжило, запорошило”, Пономаренко Г., Боков В., Воронец О.) Алена Альбінаўна Грынько з Мінска піша: “Прашу ўключыць у перадачу песню для маёй дарагой пляменніцы Святланы Станіславаўны Коршун “Ах, черёмуха белая”. Гэта песня падабаецца многім слухачам. Калі яна гучыць, то на момант забываеш пра ўсё сумнае. Сама Святлана вельмі прыгожа спявае”. (“Ах, черёмуха белая”, Журавлёва М.) Марыя Фёдараўна Плескацэвіч з вёскі Навасёлкі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці піша: “Мы з мужам слухаем вашу перадачу кожныя суботу і нядзелю. Наш сын, Генадзь Канстанцінавіч Плескацэвіч, знаходзіцца ў Амерыцы, прыязджае да нас раз на 5 гадоў. Мы ўспамінаем яго кожны дзень і заўсёды рады яго прыезду. Перадайце, калі ласка, для Генадзя Канстнацінавіча песню са словамі “Лети, голубь, лети”. Кожная маці жадае сваім дзецям усяго самага добрага і любіць сваю крывіначку да апошняга ўздыху. Няхай нашы дзеці будуць шчаслівыя!” (“Лети, голубь, лети”, Елисеенко О., Сологуб С., Сало Е., Ярмоленко А.) Наступнае пісьмо. “Піша вам мінчанка Таццяна Сцяпанаўна Громава. Вельмі хацелася б пачуць у вашай перадачы песню ў выкананні Алы Пугачовай “Позови меня с собой”. Буду ўдзячна за выкананне маёй просьбы”. (“Позови меня с собой”, Снежина Т., Пугачёва А.,) На гэтым наша праграма заканчваецца. Яе падрыхтавалі: аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна і вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё па суботах у 16 гадзін і паўтараецца па нядзелях у 21 гадзіну.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: