
У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі.
На жаль, не ўсе мелодыі, якія вы ўзгадваеце ў сваіх пісьмах, мы можам знайсці, але робім усё магчымае, каб “вярнуць” вам любімыя песні. Нагадваю, што наша перадача – не віншавальная і не канцэрт па заяўках. Мы чакаем ад вас пісем, пажадана з невялікім успамінам пра тое, дзе вы ўпершыню пачулі любімую песню і якія падзеі былі звязаны з яе з’яўленнем у вашым жыцці.
Чытаю першы ліст. Яго даслала Валянціна Данілаўна Леснічэнка з Віцебска.
“Заўсёды з вялікім задавальненнем слухаю любімыя песні свайго юнацтва, якія гучаць у вашай праграме. Даўно не чула песню са словамі: “Осень стала молчаливой, рощи опустели, скоро снежный пух закружат зимние метели”. Калісьці яе вельмі пранікнёна выконвала спявачка Раіса Неменава”.
(Песня “Осенний мотив”)
А гэты ліст даслаў Міхаіл Іванавіч Патапаў з Полацка.
“Памятаю лёсавызначальны для мяне вечар: 15 жніўня 1971 года. Тады мне было 32. Нядаўна прыехаў з невялікага расійскага мястэчка Чарнянка Белгарадскай вобласці і завітаў да свайго сябра Сцяпана Місніка. Я распавёў яму пра сваё самотнае жыццё і сказаў, што хацеў бы сустрэць добрую, душэўную жанчыну. Сцяпан адказаў: ”Мішачка, родны, падыдзі, калі ласка, да вакенца і адчыні яго”. Я выканаў просьбу. “Ну і што ты там чуеш?” - спытаў Сцяпан. Кажу: ”Нейкая музыка раве, быццам вяселле дзесьці спраўляюць”. ”Гэта – не вяселле, а танцпляцоўка, яна амаль побач з маім домам. Вось туды і ідзі, і там абавязкова сустрэнеш сваю палавінку”. ”Я ж не ўмею танцаваць” – кажу. ”А там, Міша, большасць жанчын не на самой пляцоўцы, а вакол яе”. Я накіраваўся да танцпляцоўкі. І сапраўды, вакол яе было шмат жанчын, але стаялі яны маленькмі групкамі. Я разгубіўся. Але тут мае вочы ўбачылі сумную жанчыну, якая стаяла адна. Я бадзёра і радасна накіраваўся да яе і быў перакананы, што гэта і ёсць мая будучая жонка. Яна мне адразу спадабалася. Падышоў, спытаў, ці вольная яна? “Канечне” – радасна адгукнулася жанчына. - ”Калі б у мяне хтосьці быў, ці стаяла б я тут адна? На танцы мы ходзім разам з сяброўкай, але сёння яна чамусьці не прыйшла, і я ўжо засабіралася дамоў. Але вы мяне падбадзёрылі сваёй прапановай аб сяброўстве”. Вось так я пазнаёміўся з цудоўнай жанчынай-беларусачкай – Наталляй Васільеўнай Уладысенка (гэта яе дзявочае прозвішча). Пажаніліся мы 12 студзеня 1972 года. У нас нарадзіўся сын Валера, яму зараз 45 гадоў, мае сына Багдана, а жонку завуць Яўгеніяй. Няхай песня “Беларусачка” прагучыць у памяць пра маю цудоўную, незабыўную Наталлю Васільеўну Патапаву.
Пісьмо Таісіі Іванаўны Новік са Слуцка.
“У далёкія 60-я гады мінулага стагоддзя дзяўчаты са Старадарожчыны, Любаншчыны, Случчыны – Вера, Вольга, Валянціна, Марыя, Галіна выйшлі замуж за нашых хлопцаў з вёскі Малая Сліва, што ў Слуцкім раёне (Малая Сліва – мая этнічная радзіма, мне дорага ўсё і ўсе людзі, якія тут жывуць). Стварыліся сем’і. Па-свойму прыгожыя беларусачкі шчыравалі на ферме, калгасных палетках. У кожнай – свой лёс. Яны – прыхільніцы перадачы “Сустрэчы з песняй”. Калі ласка, уключыце ў праграму песню “Беларусачка”.
Чытаю наступны ліст.
“Піша вам Ганна Чэпік з Мінска. Хачу ўзгадаць цікавую сустрэчу з песняй, якая адбылася ў мяне 20 сакавіка гэтага года. У гэты Міжнародны дзень шчасця мяне па тэлефоне віншавалі сябры. Размаўлялі, успаміналі песні маладосці, і мне праспявалі адзін куплет: ”Не покидает нас весна, не покидает нас простор, где утро просекою скачет, где вешний лес стоит и плачет, расчёсан ливнем на пробор”. Вельмі хочацца пачуць усю песню, узгадваючы той прыемны званок тэлефона”.
(Песня “Не покидает нас весна”)
Антон Вікенцьевіч Кучынскі з Віцебска піша:
“Сёлета вясной у сне я пачуў прыгожую мелодыю. Прачнуўся і зразумеў: прыснілася маладосць! А песню ўспамінаў доўга. Было тое даўно, а здаецца – зусім нядаўна. Мяне, маладога кіраўніка прадпрыемства, накіравалі ў камандзіроўку ў горад Львоў, улічваючы, што я добра валодаю ўкраінскай мовай (я скончыў 10 класаў украінскай школы на Жытоміршчыне). У цягніку Ленинград-Львоў па радыё аб’явілі: ”Праз 10 хвілін прыбываем да месца прызначэння і прагучала прыгожая песня “Гуцулка Ксеня”. Пасажыры ў купэ прыціхлі і толькі на пероне паціснулі адзін аднаму рукі. Больш я гэту песню не чуў. Буду ўдзячны, калі яна прагучыць у вашай перадачы”.
Пісьмо Роберта Іосіфавіча Дзядзелы з вёскі Княгінін Мядзельскага раёна.
“Я адпрацаваў на цаліне два гады, вярнуўся дамоў. Чакаў прызыву ў армію, а пакуль уладкаваўся ў паляводчую брыгаду саўгаса “Крывічы”. Гэта быў 1958 год. У выхадныя дні ездзіў на вечарынкі, канцэрты ў суседнія вёскі. І вось у Выгалаўскім клубе трапіў на канцэрт мастацкай самадзейнасці. Спяваў хор. Выступалі дуэт і трыа, салісты. Акампаніравала загадчыца бібліятэкі. Гучанне яе баяна ўскалыхнула сэрца. Гэта ўражанне засталося на ўсё жыццё. Дзяўчына толькі што скончыла Уздзенскае культасветвучылішча. А потым уладкавалася загадчыцай Выгалаўскай бібліятэкай, кіравала мастацкай самадзейнасцю Выгалавіч. У 1959-м яе абралі дэпутатам па Конікаўскай выбарчай акрузе, затым сакратаром Княгінінскага сельскага савета. І толькі ў гэтым годзе я даведаўся, што гэта была Ніна Пракопаўна Кабак, і гэта яна так хораша іграла на баяне. Перадайце, калі ласка, для Ніны і мяне песню “Гуцулка Ксеня”.
Чытаю пісьмо Галіны Елісееўны Сафроненка са Светлагорска.
“Слухаю вашу перадачу і ўспамінаю свае студэнцкія гады. Я вучылася ў Марыінскім педадагічным вучылішчы. Мы, студэнты, жылі ў інтэрнаце без усялякіх зручнасцей: прыбіральня – на вуліцы, ваду прывозілі нам у бочцы. Але было весела. Калі гасла святло, збіраліся ў адным пакоі і спявалі розныя песні. Калі ласка, выканайце для мяне і маіх былых сябровак песню “Гуцулка Ксеня”.
А гэты ліст даслала Галіна Лявонцьеўна Немчык з вёскі Рудня Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.
“Любімыя песні маладосці дапамагаюць жыць далей. Я вось ужо 20 гадоў на пенсіі. 38 гадоў адпрацавала на чыгунцы. Не магу забыць сваю працу. Вельмі прашу ўключыць у перадачу песню, якую даўно не чула.Там ёсць словы: ”Кондуктор не спешит, кондуктор понимает, что с девушкою я прощаюсь навсегда”.
(Песня “Сиреневый туман”)
Перада мной наступны ліст.
“Піша вам Аліна Альбінаўна Танана з вёскі Сіманы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Калі была маладая, любіла спяваць і танцаваць. Прашу вас перадаць для мяне частушкі “В Барнаул уехал милый” у выкананні Марыі Мардасавай”.
Чытаю пісьмо Міхаіла Еўстаф’евіча Кянько з вёскі Асіногарадок Пастаўскага раёна.
“Мой бацька, Еўстафій Якаўлевіч Кенько быў добрым гарманістам. Нарадзіўся ён у вёсцы Верацеі Пастаўскага раёна. Славіўся сваім талентам па ўсёй акрузе. Іграў на танцах, вяселлях. Пад яго гармонік танцавалі полькі, вальсы, мазуркі, падэспан, танга. Ён не толькі іграў, але яшчэ і спяваў пад гармонік. Асабліва любіў частушкі. Нават і цяпер бацьку ўспрамінаюць жыхары вёсак Верацеі, Крывое, Сарокі, Ляхаўшчына, Рудка, Жуперкі, Рудае, Гулідава. Бацька і мяне з гармонікам праводзіў у армію, спяваў песню “Последний нонешний денёчек”. Я і мае родныя: дачка Лена і сям’я Сівіцкіх, а таксама Уладзімір, Арцём, Настасся з горада Глубокае, Галіна Антонаўна Сівіцкая з вёскі Гулідава Глыбоцкага раёна просім перадаць вясёлыя частушкі ў выкананні Марыі Мардасавай”.
Чытаю пісьмо настаўніцы з Вілейкі Таццяны Уладзіміраўны Глушонак.
“Вельмі люблю вашу перадачу, асабліва падабаюцца гісторыі з жыцця слухачоў. А песні, якія гучаць у ёй, нагадваюць незабыўную маладосць.
Калісьці мне таксама пашчасціла працаваць з чалавекам, імя якога сёння вядома не толькі ў Вілейцы. Настаўнік, як кажуць, ад Бога і цудоўны паэт – Іван Іосіфавіч Лашутка. 8 гадоў працавала я з ім разам ў адной школе, у адным кабінеце. Мы былі намеснікамі тагачаснага дырэктара Антаніны Іванаўны Гарчаковай. Калі з чалавекам праводзіш разам столькі часу, ён становіцца табе вельмі блізкім, нават родным. Нашы дарогі да дому таксама былі ў адным напрамку, таму мы разам ішлі на працу і вярталіся з яе. Розніца ва ўзросце дазваляла мне адносіцца да яго, як да бацькі. Частымі гасцямі ў нашым кабінеце былі настаўнікі, якія прыходзілі не толькі абмеркавацть свой урок, але і падзяліцца набалелым. Іван Іосіфавіч называў іх ласкава ”мая сямейка”. Да кожнага ў яго было сваё слова, і гэтае слова дапамагала людзям знаходзіць выйсце з любога складанага становішча.
Калі выйшла першая кніга паэта “Свята дваіх”, і яго запрасілі на тэлебачанне, мы ўсе імкнуліся паглядзець гэту перадачу. Усе настаўнікі і вучні вельмі ганарыліся тым, што Іван Іосіфавіч працуе ў нашай, 3-й школе горада Вілейкі. А потым нарадзілася песня… Наш таленавіты вілейскі аўтар Аляксандр Высоцкі напісаў музыку на верш Івана Лашуткі “Край верасоў”. І гэта песня прынесла паэту рэспубліканскую вядомасць. Добра помню, як нараджалася песня. Два таленты спрачаліся, абмяркоўвалі гучанне, нешта правілі, пакуль твор не набыў свой канчатковы выгляд. А калі аранжыроўку зрабіў заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Ткачэнка, то песня загучала яшчэ больш узнёсла і пранікнёна. Першым яе выканаўцам стаў вядомы спявак Сяргей Герасімаў. Кажуць, песня становіцца народнай, калі яе заспявае народ. У гэтай песні менавіта такі лёс. У Вілейцы ў хуткім часе з’явіцца вуліца Івана Лашуткі, устаноўлены памятны знак ля дома, дзе жыў паэт. А 12 лістапада 2016 года ў 3-й гарадской школе адкрыўся клас імя Івана Іосіфавіча Лашуткі. Мерапрыемства прайшло ў рамках праекта “Незабыўныя імёны Вілейшчыны”. Сабраны багаты матэрыял пра Івана Іосіфавіча, яго літаратурную і прафесійную дзейнасць, асабістае жыццё, гісторыю нашага краю. Перадайце, калі ласка, песню “Край верасоў”. Няхай яна нагадае нам вобраз незабыўнага настаўніка і паэта, нашу цёплую і гасцінную Вілейшчыну”.
Ліст з Мінска.
“Добры вечар, мяне завуць Ксенія Пратасевіч. Я, бадай, самая маленькая ваша слухачка (мне 14 гадоў). Жыву ў Мінску, але ў мяне ёсць бабуля, якая жыве ў гарадскім пасёлку Ружаны. Бабулю завуць Ніна Мікалапеўна. Мы з ёй вельмі любім глядзець фільм “Весна на Заречной улице”. Зараз мая бабуля слухае вашу радыёперадачу. Будзем удзячны, калі вы ўключыце ў яе песню са словамі: ”Когда весна придёт, не знаю, пройдут дожди, сойдут снега, но ты мне, улица родная, и в непогоду дорога”.
Наступнае пісьмо.
“Піша вам мінчанка Лідзія Толсцік.
Дзякуючы вашай перадачы, я зноў апынулася ў дзяцінстве. Прыйшла залатая восень, і раней, менавіта восенню людзі, скончыўшы ўборку ўраджаю, пачыналі спраўляць вяселлі. Галоўным музыкантам быў, безумоўна, гарманіст. А я помню вяселле ў Астрашыцкім гарадку, дзе дзядзька Валька (так звалі яго родныя і жыхары сяла) іграў на скрыпцы. І хоць быў ён самавукам, але яго ігра нікога з гасцей не пакідала раўнадушным. Людзі не толькі танцавалі, але і спявалі. А як ён даглядаў сваю скрыпку! Ён нечым змазваў струны і смык, штосьці пры гэтым прыгаворваючы. Мне хацелася б паслухаць песню “Смычок і струны” у выкананні спевака Дзімы Смольскага”.
Аркадзь Іванавіч Сямёнаў з Мінска піша:
“14-га кастрычніка адзначаюць Дзень Маці. Для мяне мама была і татам і мамай, бо бацька пайшоў на вайну і не вярнуўся. Дзякуючы сваёй мудрасці і дабрыні, матуля змагла вырасціць з мяне годнага сына. А потым, калі я ажаніўся, яна старалася, каб у нашым доме заўсёды былі згода і ўзаемаразуменне. І хаця мне цяпер далёка за 70, мамы, часам, так не стае. Няхай у вашай перадачы прагучыць песня, якая пачынаецца словамі: ”Помнишь, мама моя, как девчонку чужую, я привёл к тебе в дом, у тебя не спросив. Строго глянула ты на жену молодую и заплакала вдруг, нас поздравить забыв”.
(Песня “Помнишь, мама”)
Пісьмо Мікалая Лявоцкага з вёскі Крывічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.
“Успамінаю, як 12 мая 1968 года нас, прызыўнікоў, аўтобусам везлі з Пінска ў Брэст. Кожны перажываў, трывожыўся, наперадзе была служба. Развітанне з роднымі, горадам. У раёне горада Іванава вадзіцель уключыў прыёмнік, і мы пачулі песню “Прощай, любимый город”, сугучную нашым пачуццям. Яна запала ў душу на ўсё жыццё. Прашу вас, выканайце яе, калі ласка. Потым я працаваў у будаўнічым трэсце №2,зараз – на заслужаным адпачынку. Жыву ў бацькоўскім доме на вёсцы. І хочацца, хоць на імгненне, вярнуцца ў мінулае”.
(Песня “Вечер на рейде”)
Аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна, вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” гучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў суботу ў 16-00 і паўтараецца ў нядзелю у 21-00.