Падзяліцца:
“Сустрэчы з песняй”, 18.11.2017 (аўдыё)
20 Лістапада 2017
“Сустрэчы з песняй”, 18.11.2017 (аўдыё) У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі. На жаль, не ўсе мелодыі, якія вы ўзгадваеце ў сваіх пісьмах, мы можам знайсці, але робім усё магчымае, каб “вярнуць” вам любімыя песні. Мы чакаем ад вас пісем з невялікім успамінам пра тое, дзе вы ўпершыню пачулі любімую песню і якія падзеі былі звязаны з яе з’яўленнем у вашым жыцці. Чытаю пісьмо Марыі Мікалаеўны Сідаровіч з горада Скідзеля. “Песня, якія гучаць у вашай перадачы, вяртаюць мяне ў маладосць. Я родам з вёскі Стральцы-2. Яна знаходзіцца недалёка ад Скідзеля. Раней тут былі клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі, магазін. Многа было моладзі. Кожную суботу мы хадзілі ў клуб паглядзець кінафільм, а пасля кіно былі танцы. Мой стрыечны брат Іван Якусевіч вельмі прыгожа іграў на гармоніку. А мой родны брат Міхаіл і стрыечныя сёстры Ліля, Клава, Аня і Марыя Якусевіч, а таксама суседнія дзяўчаты Вера, Аня, Ліля і Жэня Дзяшко спявалі. Вельмі хораша ў іх выкананні гучала песня ”Жди меня, моя Маруся”. Назаўсёды засталіся ў памяці звонкія галасы маіх дарагіх сяброў. Я ўжо 30 гадоў жыву ў Скідзелі, але ніколі не забуду сваю любімую вёсачку і яе добрых людзей. Няхай у вашай перадачы прагучыць для мяне песня са словамі “Жди меня, моя Маруся”, якая хоць на хвілінку верне мяне ў маладыя гады”. (“На границе”, Родыгин Е., Карташев Н.) А гэты ліст даслаў мінчанін, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы ветэран Мінскага аўтазавода Пётр Ладуцька. “Мы з жонкай Валянцінай Васільеўнай разам ужо 64 гады, па 40 гадоў добрасумленна і адказна адпрацавалі на Мінскім аўтазаводзе. Нашы партрэты былі на Дошцы гонару, маем урадавыя ўзнагароды. Праз вашу праграму перадаём музычнае прывітанне і словы ўдзячнасці адміністрацыі Мінскага аўтазвода і калектыву паліклінікі №22 горада Мінска за ўвагу да нас, ветэранаў. Прашу ўключыць у праграму “Марш артиллеристов” і песню “Поклонимся великим тем годам”. (“Марш артиллеристов”, Хренников Т., Гусев В., ансамбль им. Александрова; “Поклонимся великим тем годам”, Пахмутова А., Львов М., Зыкина Л.) Перада мной наступнае пісьмо. “З просьбай звяртаецца да вас жыхар вёскі Азярніца Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці Іван Рыгоравіч Емельяновіч. Сёлета спаўняецца 50 гадоў з таго дня, як адправілі на дэмабілізацыю хлопцаў, якія адслужылі ў арміі тры гады (з 1964 да 1967 года). Гэта Іван Фёдаравіч Тадорскі, Сцяпан Васільевіч Бусько з Лунінецкага раёна, Аляксей Сямёнавіч Шкут з Барысава, Міша Андракевіч, Міша і Пеця Гаўрыловічы, Пеця Масюра, Сцёпа Валадзько з Пінскага раёна, Вася Гладзюк з Кобрынскага, Мікалай Смаль, Віктар Хутарны, Толя Шасцюк – з Брэста. Усе служылі ў горадзе Асіповічы. Перадайце, калі ласка, для хлопцаў песню “А годы летят”. (“А годы летят”, Фрадкин М.,Долматовский Е.,Трошин В.) Галіна Мікалаеўна Марцэнюк з вёскі Навасёлкі Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці піша: “Тры гады таму муж падарыў мне ў дзень нараджэння радыёпрыёмнік. І тады я ўпершыню пачула перадачу “Сустрэчы з песняй”, якая мне вельмі спадабалася і стала любімай. З нецярпеннем чакаю выхадныя дні і з заміраннем сэрца знаёмлюся з радыёслухачамі, іх цікавымі, кранальнымі лёсамі. Слухаю іх любімыя песні, падпяваю, успамінаю, дзе я іх пачула ўпершыню. Бываюць такія цікавыя старыя песні, пра існаванне якіх я і не ведала. Удзячна за вашу перадачу, якая натхняе, дапамагае ў жыцці і ўзнімае настрой. Цяпер і я ваша пастаянная слухачка. Калі ласка, няхай у праграме прагучыць песня “Два полюса земли”. Чытаю наступны ліст. “Добры дзень! Піша вам унучка Валянціны Эдвардаўны Дулінец. Жыве мая бабуля ў сваёй дачкі ў вёсцы Луцк-Казлоўскі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Заўсёды слухае вашу перадачу, не прапускае ніводнай. Раней яна жыла ў суседняй вёсцы Луцк-Мосарскі. Калі я была яшчэ маленькай, яна расказвала мне, як усё жыццё працавала даяркай, праца была нялёгкай. Распавядала, як да іх на ферму прыходзіў вартаўнік і спяваў песню, якая запомнілася бабулі на ўсё жыццё. У песні былі словы: ”Разговоры стихнут скоро, а любовь останется”. Вельмі прашу вас уключыць у праграму гэту песню. З павагай. Унучка Лена Якушава”. (“Разговоры”, Ханок Э., Серебрякова Г., Пахоменко М.) Ніна Іванаўна Кіслейка з горада Івацэвічы піша: “Сваім пісьмом хачу прынесці хоць крышачку радасці сваёй цётачцы Веры Міхайлаўне Алексеевіч, якая жыве ў Івацэвічах. Яна слухае перадачу “Сустрэчы з песняй” у суботу і нядзелю. Вельмі любіць песні, асабліва лірычныя, многія ведае, падпявае. Калі бываюць застоллі сярод родзічаў, яна – першая запявала. Даўно хочацца Веры Міхайлаўне сустрэцца з любімай песняй. Цётачка часта ўспамінае маладосць, калі працавала ў вёсцы настаўніцай і якой была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Аднойчы з сяброўкай выконвала песню “Девичье сердце зовёт”. Зала сустракала іх бурнымі апладысментамі, некалькі разоў выклікалі на “біс”. Сапраўды ў песні цудоўная мелодыя і кранальныя словы: ”Только раз нам судьба этот выбор даёт, от повторного толку не жди. Приходи! Слышишь, девичье сердце зовёт: приходи, приходи, приходи!” Вельмі хочацца цётачцы сустрэцца з гэтай мілай сэрцу песняй. Уключыце яе, кали ласка у перадачу. Няхай вочы Веры Міхайлаўны засвецяцца радасцю, на мілавідным твары з’явіцца ўсмешка, і цётачка адчуе хвіліны шчасця ад успамінаў пра маладосць”. (“Ожидание”, Зацарный Ю., Грибачёв Н., Суржиков И.) А гэты ліст даслала мінчанка Валянціна Ігнацьеўна Філіпенка. “Люблю сваіх верных сяброў,і кожны раз хочацца іх чымсьці парадаваць. Пішу пра сваю надзвычай прыгожую і тварам і душой, вельмі сціплую і бясконца таленавітую ў многіх відах мастацтва сяброўку Маюшку, Маю Аляксееўну Марчанка. Яна пастаянна здзіўляе і ўражвае мяне шматграннасцю свайго таленту, эмацыянальнасцю. Яна цікавіцца літаральна ўсім, шмат ведае, але пастаянна імкнецца папоўніць багаж ведаў усім новым, што адбываецца ў свеце музыкі, жывапісу. Прашу вас перадаць для Маі Аляксееўны твор венгерскага кампазітара Дэнеша Будаі “Букет цветов из Ниццы”. Ёсць у мяне невялікая гісторыя пра тое, як я пачула гэты твор. Некалькі гадоў таму я выпадкова пазнаёмілася па тэлефоне з маладым чалавекам. Мы ніколі не сустракаліся, але ён чамусьці доўгі час рабіў мне па тэлефоне адзін за адным цудоўныя музычныя сюрпрызы, сярод якіх і аказалася песня пра фіялкі - “Букет цветов из Ниццы”. Яна да гэтай пары гучыць у маёй душы, уражвае сваёй рамантычнасцю. И я хачу падарыць гэты твор пяшчотнай Маі Аляксееўне Марчанка”. (“Букет цветов из Ниццы”, Будаи Д., Соленкова А.) Чытаю ліст Уладзіміра Якаўлевіча Самафала з Пінска. “У 1947 годзе я скончыў 7 класаў, для далейшай вучобы не было грошай, працаваў у калгасе. У 1949-50-м даверылі ўборку ўраджаю. У той час ураджай убіралі так: трактар цягнуў камбайн, за камбайнам цягнуўся назапашвальнік, дзе стаялі дзве дзяўчыны з віламі і адкідвалі салому. Уяўляеце, як трэба было апрануцца, каб пыл і асцюгі не трапілі на цела. Выдавалі яшчэ і акуляры. Пройдуць раз вакол поля, і дзяўчаты мяняюцца. У хуткім часе нас, хлопцаў, забралі ў горад на вучобу, і там я ўпершыню пачуў “Калгасны вальс”. Хацелася, каб ён прагучаў у вашай перадачы”. (“Калгасны вальс”, Майборода П., Малышко А., Кучмий П., Бойко А.) Працягваю чытаць ліст Уладзіміра Якаўлевіча Самафала з Пінска. “А яшчэ мне вельмі падабаецца песня “Алеся” ў выкананні ансамбля “Сябры”. Перадайце яе, калі ласка. Буду ўдзячны вам, бо гэта прыгожая песня абуджае ў душы лепшыя пачуцці!” (“Алеся”, Иванов О., Ошанин Л., ВІА “Сябры”) А гэта пісьмо даслала Ірына Сяргееўна Путро з пасёлка Будслаў Мядзельскага раёна. “Я – на пенсіі, пастаянна слухаю вашу перадачу і прашу ўключыць у яе песню “На берегу сидит девица”. Словы такія : ”На берегу сидит девица, она платок шелками шьёт, работа чудная такая, но шёлка ей не достаёт”… (“На берегу сидит девица”, народная) Чытаю наступнае пісьмо. “Піша ваш даўні і пастаянны слухач, ветэран працы з саракагадовым стажам Фёдар Іванавіч Чарнышоў з Віцебска. Мой бацька памёр ад ран у жніўні 1946 года. Мяне і сястру Людмілу выгадаваў айчым Пётр Дзмітрыевіч Ісакаў. Я вельмі ўдзячны яму за гэта. Калі я прыязджаў дамоў на канікулы, а пазней у адпачынак, мы з ім часта спявалі яго любімую песню “По Дону гуляет казак молодой”. Перадайце яе, калі ласка”. (“По Дону гуляет казак молодой”, народная, Шаврина Е.) На гэтым наша праграма заканчваецца. Яе падрыхтавалі: аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Яўгенія Бельская і вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё па суботах у 16 гадзін і паўтараецца па нядзелях у 21 гадзіну.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: