
У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі; на жаль, не ўсе мелодыі, якія вы ўзгадваеце ў сваіх пісьмах, мы можам знайсці, але робім усё магчымае, каб “вярнуць” вам любімыя песні. Мы чакаем ад вас пісем з невялікім успамінам пра тое, дзе вы ўпершыню пачулі любімую песню і якія падзеі былі звязаны з яе з’яўленнем у вашым жыцці.
Чытаю першы ліст.
“Піша вам Таццяна Міхайлаўна Кашырына. Прашу ўключыць у праграму песню, у якой ёсць такія словы:
“Сторонка, сторонка родная,
Ты солдатскому сердцу мила.
Эх, дорога моя фронтовая,
Далеко ты меня завела!”
Я ўпершыню пачула гэту песню ў далёкім дзяцінстве, калі ў нас дома збіраліся татавы франтавыя сябры”.
(«Сторонка родная», Александров А., Михалков С., Утёсов Л.)
І зноў вяртаюся да пісьма Таццяны Міхайлаўны Кашырынай.
“Майго тату звалі Міхаіл Аляксандравіч. Ён і яго франтавыя сябры спявалі не толькі ваенныя песні, любілі і рамансы. Тата па слыху акампанаваў на фартэпіяна. У памяць пра тыя сустрэчы перадайце, калі ласка, раманс “Жалобно стонет ветер осенний”.
Перада мной наступнае пісьмо. Яго даслала Ірына Розава з Фаніпаля.
“Я пастаянна слухаю вашу перадачу. А нядаўна пасябравала са сваёй суседкай па пад’ездзе – бабуляй Аней. Мы з ёй часта сустракаемся, па вечарах сядзім у мяне дома і спяваем розныя песні. Бабуля Аня праспявала мне песню пра мой лёс, якую раней я не чула, а вельмі хацелася б пачуць – «Кари глазки, где вы скрылись?»
(«Кари глазки», народная, Северный русский народный хор)
Чытаю наступнае пісьмо.
“Піша ваш даўні і пастаянны слухач, ветэран працы з саракагадовым стажам Фёдар Іванавіч Чарнышоў з Віцебска. Мой бацька памёр ад ран у жніўні 1946 года. Мяне і сястру Людмілу выгадаваў айчым Пётр Дзмітрыевіч Ісакаў. Я вельмі ўдзячны яму за гэта. Калі я прыязджаў дамоў на канікулы, а пазней у адпачынак, мы з ім часта спявалі яго любімую песню “По Дону гуляет казак молодой”. Перадайце яе, калі ласка”.
(«По Дону гуляет казак молодой», народная, Шаврина Е.)
Пісьмо Ірыны Касцюкевіч з гарадскога пасёлка Глуск Магілёўскай вобласці.
“Мы з мужам ужо 39 гадоў разам. Час бяжыць, нібы хуткі цягнік, за вокнамі якога засталося, здаецца, усё самае лепшае, непаўторнае. Муж мой – цудоўны чалавек, добры, разважлівы. Мы выгадавалі дваіх добрых сыноў – Андрэя і Віктара, якімі ганарымся. У іх ужо свае дзеці, але бацька застаецца для сыноў аўтарытэтам, ён для іх – добры сябар і цудоўны настаўнік. Перадайце, калі ласка, для майго мужа песню ў выкананні Міхаіла Баярскага, дзе ёсць словы: ”С детством расстаться всегда очень трудно”. Яна вельмі сугучная з тымі адносінамі, якія склаліся паміж мужам і сынамі».
(«Остров детства», Фельцман О., Рябинин М., Боярский М.)
А гэты ліст даслаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы Леанід Іванавіч Конюх з Гродна.
“Нас, ветэранаў, засталося зусім мала. Прашу ўключыць у перадачу для ўсіх ветэранаў песні “Не стареют душой ветераны” і “Пройдут года”, у якой ёсць словы: ”И эти руки, руки трудовые, руками золотыми назовут”. Гэтыя песні ўзнімуць нам настрой”.
(«Не стареют душой ветераны», Туликов С., Белинский Я., Харитонов Л.; «Пройдут года», Захаров В., Исаковский М., хор им. Пятницкого)
Перада мной наступнае пісьмо.
“Да вас звяртаецца Мікалай Фёдаравіч Маркевіч з горада Чашнікі Віцебскай вобласці. У вайну і некаторы час пасля яе я жыў у вёсцы Грынькі Чашніцкага раёна. У канцы 40-х пачатку 50-х у нашай вёсцы кожны выхадны ці святочны дзень праводзіліся вечарынкі і ігрышчы. Збіралася шмат моладзі і сталых людзей з суседніх вёсак. Самымі любімымі танцамі былі кадрыля і полька. Станавіліся 6 пар, і пасля кадрылі кожнаму хлопцу трэба было адтанцаваць з дзяўчынай польку пад звонкі гармонік і бубен. Полька доўжылася 5-10 хвілін. У некаторых пар добра атрымлівалася танцаваць і прытупваць. Гэта выдатна атрымлівалася і ў мяне. Прысутныя на ігрышчы казалі: ”Во дае, Коля Фёдараў!” Прашу выканаць у вашай праграме песню “Полька беларуская”.
(«Полька беларуская», Лученок И., Дранько-Майсюк Л., ВІА «Сябры»)
Пісьмо Анфісы Пятроўны Дулінай з Мядзеля.
“Усё жыццё я вяду дзённік, у які запісваю свае ўражанні пра цікавыя падзеі ў маім жыцці, сустрэчы. У мяне шмат сяброў па ўсёй Беларусі. Хачу распавесці пра цяжкі сірочы лёс нашага з мужам сябра – Івана Антонавіча Пляшыўцава. Ён нарадзіўся 2 красавіка 1931 года ў сяле Пляшыўцава Самарскай вобласці. У сяле было 145 двароў, і ўсе жыхары мелі прозвішча “Пляшыўцаў”. Івану не было яшчэ і году, калі яго сям’ю раскулачылі і саслалі ў Казахстан. Там у 1933 годзе забілі яго бацьку. У 10 гадоў Іван ужо добра іграў на балалайцы. На вайне загінулі чацвёра родных і двое стрыечных братоў. Калі хлопчыку было 11, на яго руках памерла матуля. У 17 гадоў Іван навучыўся іграць на гармоніку. Стаў легендарным гарманістам. Ён быў першым у “залатой дзясятцы” папулярнай тэлепраграмы Генадзя Завалокіна. Яго канцэрты збіралі поўныя залы па ўсёй Расіі. Гэта быў чалавек-легенда, самародак, наш добры сябар. Жыў у горадзе Кыштыме Чалябінскай вобласці. Калі ласка, перадайце ў выкананні Івана Пляшыўцава песню са словамі: ”Давай пожмём друг другу руки, и в дальний путь на долгие года”.
(«Давай пожмём друг другу руки», Сидоров В., Шмульян А., Плешивцев И.)
Працягваю чытаць ліст Анфісы Пятроўны Дулінай з Мядзеля.
“У 1972 годзе я на выдатна скончыла вучобу на повара Упраўлення унутраных спраў Карагандзінскага аблвыканкама, і мяне накіравалі на працу ў пасёлак Карабас, які знаходзіўся за 17 вёрст ад горада Абая. Я з задавальненнем варыла смачныя абеды, пякла піражкі і булачкі. Пасябравала З Ленай Емяльянавай з Украіны, якая была на 19 гадоў маладзейшай за мяне, але мы сталі як родныя. Ад сваёй працы я атрымлівала асаблівае задавальненне і радасць. І зноў хачу пачуць песню ў выкананні Івана Пляшыўцава. Яна называецца “Сяду я за стол”. Гэта была любімая песня нашай з мужам добрай сяброўкі Лідзіі Русланавай”.
Шаноўная Анфіса Пятроўна! На вялікі жаль, гэтай песні няма ў нашай фанатэцы. Мы ўключылі ў перадачу рускую народную песню “Как на дубе” у выкананні Івана Пляшыўцава. Спадзяёмся, яна таксама стане вашай любімай”.
«Как на дубе», народная, Плешивцев И.)
А зараз па просьбе нашай слухачкі з Гомеля Валянціны Фёдараўны Карнеевай прагучыць песня Арно Бабаджаняна на словы Роберта Раждзественскага “Благодарю тебя” у выкананні Мусліма Магамаева.
Таццяна Фамінічна Чубарава з горада Касцюковічы Магілёўскай вобласці піша:
“”Кожны тыдзень я вельмі чакаю вашу перадачу, каб зноў і зноў слухаць песні маёй маладосці, а мне ўжо 86 гадоў. Шмат чаго пабачыла я за сваё жыццё, былі і радасць, і гора, але заўсёды са мной была песня. Уключыце, калі ласка, у перадачу песню “Ой, то не вечер”. Вялікі дзякуй за радасць, якую вы дорыце нам, слухачам!”.
(«Ой, то не вечер», народная, Кубанский казачий хор)
Перада мной ліст з Маладзечна.
“Піша вам Васіль Васільевіч Бабей. Мы з жонкай, Ганнай Міхайлаўнай, слухаем вашу перадачу ў суботу і нядзелю. Нам падабаюцца жыццёвыя гісторыі і песні, якія гучаць. У 1976 годзе на танцах у клубе будаўнікоў гучала песня Юрыя Антонава “Зеркало”. Я запрасіў дзяўчыну на танец. З таго танца мы і не расстаёмся. Яна стала маёй жонкай. І вось ужо больш за 40 гадоў мы – разам. Перадайце, калі ласка, песню, якая нас звязала”.
(«Зеркало», Антонов Ю., Танич М., Антонов Ю.)
На гэтым наша праграма заканчваецца. Яе падрыхтавалі: аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Яўгенія Бельская і вядучы Алег Вінярскі.
Праграма “Сустрэчы з песняй” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё па суботах у 16 гадзін і паўтараецца па нядзелях у 21 гадзіну.