Падзяліцца:
“Сустрэчы з песняй”, 28.10.2017 (аўдыё)
30 кастрычніка 2017
“Сустрэчы з песняй”, 28.10.2017 (аўдыё) У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі; на жаль, не ўсе мелодыі, якія вы ўзгадваеце ў сваіх пісьмах, мы можам знайсці, але робім усё магчымае, каб “вярнуць” вам любімыя песні. Нагадваю, што наша перадача – не віншавальная і не канцэрт па заяўках. Мы чакаем ад вас пісем, пажадана з невялікім успамінам пра тое, дзе вы ўпершыню пачулі любімую песню і якія падзеі былі звязаны з яе з’яўленнем у вашым жыцці. Чытаю пісьмо нашага пастаяннага слухача з Віцебска Уладзіміра Фёдаравіча Семянчукова. “Люблю эстраду 60-70 гадоў мінулага стагоддзя. Тады на эстрадзе былі прафесіяналы, і халтуру кшталту “Муси-пуси миленький мой” чакаў бы поўны правал. Маленькі эпізод з тых часоў. Быў я неяк ва ўнівермагу. Зрабіў патрэбныя пакупкі, пайшоў у музычны аддзел. Не паспеў падысці да прылаўка, як на ўвесь першы паверх загучала песня, якую раней ніхто не чуў. Тут жа сабраўся натоўп, каб купіць пласцінку легендарнага Тома Джонса, якая толькі што паступіла ў продаж. Ну, а песня, якая зрабіла фурор – знакамітая “Дзілайла”. Вось якія былі часы! На мяжы 60-70-х гадоў папулярнай была песня “Непросто быть вдвоём”, якая была ў мяне на пласцінцы і мне вельмі падабалася. Вось толькі імя выканаўцы дакладна не памятаю: ці то Берг, ці то Бергер. Уключыце, калі ласка, гэту песню ў праграму і назавіце, па магчымасці, імя выканаўцы”. Шаноўны Уладзімір Фёдаравіч! Па вашай просьбе гучыць песня Давіда Тухманава на словы Міхаіла Пляцкоўскага “Непросто быть вдвоём”. Спявае Леанід Бергер. Перада мной наступны ліст. “Піша вам Раіса Савіцкая з Пінска. Вельмі часта слухаю вашу перадачу і люблю яе. У мінулым годзе я была ў Мінску на юбілейным вечары сваёй сяброўкі Раісы Мутафавай, дзе яе аднакурснікі па Віцебскім электратэхнікуме сувязі спявалі цудоўную песню “Албанское танго” (музыка Бакі Канголі, словы Алы Чарамісінай). У маладосці я ведала гэтую песню, але ўжо шмат гадоў нідзе яе не чула і забыла. Вельмі прашу перадаць яе для маёй сяброўкі. Думаю, ёй будзе вельмі прыемна”. Канстанцін Мікалаевіч Уласевіч з горада Баранавічы піша: “Кажуць, усё пачынаецца з дарогі. Цяпер жыццё многіх, асабліва маладых людзей, звязана з імі. У школьныя гады я калясіў па сельскіх дарогах на веласіпедзе. Потым 10 гадоў ездзіў на матацыкле. Амаль 20 гадоў – на аўтамашыне, а зараз, як пенсіянер, хутка ўжо 20 гадоў еду цягніком Баранавічы-Гродна на дачу туды і назад. Дарога змейкай уецца па палях і пералесках заходняй Беларусі. Пенсіянераў у вагоне звычайна не больш за палову. Кожны заняты сваім: размаўляюць, чытаюць, дрэмлюць. Многія, як і я, глядзяць у акно, за якім у фарбах прабягаюць поры года і гады нашага жыцця. Успамінаю песні пра дарогі. Іх шмат – пра дарогі на зямлі, па вадзе, у паветры і нават у космасе. Перадайце, калі ласка, песню, у якой ёсць словы: ”Всё гляжу я в окошко вагонное, наглядеться никак не могу”. У маладосці я часта чуў яе па беларускім радыё”. (“Утренняя песня”, Дунаевский И., Матусовский М., Соколов А.,) Чытаю наступнае пісьмо. Яго даслаў Канстанцін Феадосавіч Лазюк. “Я нарадзіўся, вырас і жыву ў горадзе Пінску. У 1963-м паступіў у Пінскі улікова-крэдытны тэхнікум, які скончыў у 1966 годзе. Быў накіраваны на працу ў горад Калінкавічы Гомельскай вобласці. Адтуль восенню 1966-га быў прызваны ў армію. Служыў на адным з караблёў Гвардзейскага дывізіёна супрацьлодкавых караблёў Паўночнага флоту. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Міністэрстве ўнутраных спраў у сістэме барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Службу скончыў у 1996-м годзе ў званні падпалкоўніка міліцыі. Пасля да 2006-га года працаваў у сістэме па падатках і зборах. Зараз мы з жонкай Нінай Іванаўнай на пенсіі. Вырасцілі сына і дачку, маем траіх унукаў. Кожны раз, слухаючы вашы перадачы, вяртаюся ў той час, калі мы былі студэнтамі. Вучобу ў тэхнікуме прыгадваю з пачуццём удзячнасці калектыву тэхнікума, асабліва дырэктару Сямёну Пятровічу Зяцікаву. Часта ўспамінаюцца аднакурснікі, з якімі сябраваў. Па выхадных днях у тэхнікуме праводзіліся вечары адпачынку. Была ў нас і свая самадзейнасць. Я і мой сябар Аляксандр Аляксандравіч Застаўнюк прымалі ў ёй удзел. Мы нядрэнна спявалі розныя песні. Адна з іх да гэтай пары ўспамінаецца. Гэта песня “Старый клён” Аляксандры Пахмутавай і Міхаіла Матусоўскага. Зараз яе рэдка пачуеш. Сувязь з аднакурснікамі ў асноўным згублена. Але са сваім сябрам Аляксандрам Застаўнюком я яе падтрымліваю – па тэлефоне і ў “Аднакласніках” у інтэрнэце. Мой сябар таксама працаваў у банкаўскай сістэме. Хачу перадаць яму і яго жонцы Таццяне Мікалаеўне музычнае прывітанне і найлепшыя пажаданні. Няхай для іх прагучыць песня “Старый клён”. (Песня “Старый клён”, Пахмутова А., Матусовский М., трио “Меридиан”) І яшчэ некалькі радкоў з пісьма Канстанціна Феадосавіча Лазюка з Пінска. “Перадайце, калі ласка, для ўсіх выпускнікоў Пінскага ўлікова-крэдытнага тэхнікума (выпуск 1966-га года) песню “Как молоды мы были”. Музыка Аляксандры Пахмутавай, словы Мікалая Дабранравава. Пісьмо Таісіі Іванаўны Новік са Слуцка. “Больш за 40 гадоў таму лёс звёў мяне з Любоўю Васільеўнай Кулагінай. У нас з ёй агульная радзіма – Гомельшчына. Любоў Васільеўна – шчырая, прыстойная, абавязковая жанчына. Шмат гадоў яна была нязменным старшынёй класнага бацькоўскага камітэта ў сярэдняй школе №6. У паходах па родным краі і класных мерапрыемствах, наведваннях асобных сем’яў – ва ўсім і заўсёды мы былі разам. Яна вельмі даражыць роднымі мясцінамі, па магчымасці наведвае іх. Калі ласка, уключыце ў перадачу песню “Домик у дороги”. Яна будзе добрым успамінам пра радзіму”. Ірына Вітальеўна Валадкевіч піша: “Я нарадзілася на Палессі, на Століншчыне, у невялікай вёсачцы Дубянец. Больш за 40 гадоў працавала ў суседняй вёсцы Лядзец загадчыцай аптэкі. Зараз я на пенсіі, пераехала ў Столін, але яшчэ працую фармацэўтам у аптэцы. У нас з мужам двое дарослых сыноў і пяцёра ўнукаў. Калі мне бывае сумна на душы, я ўспамінаю бацькоўскую хату, залатое дзяцінства, гады маладосці, драўляную лавачку пад духмянай акацыяй, першае спатканне, першы пацалунак. Прайшло многа гадоў з таго часу, няма бацькоў, раз’ехаліся па краіне сябры і аднакласнікі, ніхто не жыве ў старой драўлянай хатцы. Калі я, часам, спыняюся ля яе, сэрца шчыміць ад болю, па твары цячэ слязінка ад таго, што нельга вярнуцца назад у тыя цудоўныя гады дзяцінства, як нельга павярнуць назад само жыццё. Хацелася б пачуць сваю любімую песню ў выкананні Міхаіла Еўдакімава “Домик у дороги”. Гэта песня прагучыць для Рэгіны Антонаўны Дудкінай па просьбе яе дачкі Святланы Салавей з Ваўкавыска, а таксама для Веры Міхайлаўны Шваба са Скідзеля, Яўгеніі Фёдараўны Бернат з Ганцавіч, Марыі Іванаўны Шымук з Дзятлава, Вольгі Ерамееўны Кірпічонак з вёскі Турасполле Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. А Людміла Уладзіміраўна Сас з вёскі Зарой Дзятлаўскага раёна папрасіла перадаць гэту песню ў гонар сваіх землякоў, жыхароў вёскі Старыя Ганчары Навагрудскага раёна. (Песня “Домик у дороги”, Плеченко М., Поперечный А., Евдокимов М.) Ліст Тамары Сяргееўны Іваноўскай з Мінска. “Успомніла песню, якая ўзмацняе жыццёвы тонус – гэта марш, які мы слухалі ўсёй краінай на дэманстрацыях. Памятаю вось гэтыя словы: ”Руки рабочих, вы даёте движенье планете, руки рабочих, мы о вас эту песню поём”. Мне здаецца, гэта песня – на ўсе часы, яна вельмі актуальная і зараз”. Шаноўная Тамара Сяргееўна! Вы ўзгадалі песню пад назвай “Идёт рабочий класс”. Яе аўтары – кампазітар Веніямін Баснер і паэт Міхаіл Матусоўскі. Песня ўпершыню прагучала ў кінафільме “Битва в пути”. Пісьмо Веры Міхайлаўны Шваба са Скідзеля: “Прашу вас уключыць у перадачу песню, якую памятаю з дзяцінства, але даўно не чула. Яна пачынаецца словамі: ”В одном красивом месте, на берегу реки, стоял красивый домик. В нём жили рыбаки”. (Народная песня “В одном красивом месте на берегу реки”) А гэты ліст даслаў Васіль Паўлавіч Нефідовіч з вёскі Лахаўка Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. “Пасля службы ў арміі я працаваў на лесазаводзе ў Мікашэвічах. Звычайна пасля працы ішоў глядзець кіно. У кінатэатры працаваў Іван Канапацкі, які ўключаў песні. Ён у вайну таксама быў кінамеханікам і падпольшчыкам. Па загадзе партызан залажыў міну ў кінатэатры і падарваў 200 фашыстаў. Уцёк у партызаны, а сям’ю немцы забілі. Перадайце, калі ласка, песню “Враги сожгли родную хату”, якую Іван пасля вайны таксама ўключаў для наведвальнікаў кінатэатра”. (Песня “Враги сожгли родную хату”, Блантер М., Исаковский М., Бернес М.) Пісьмо Таццяны Андрэеўны Новік з Гомеля. “Пішу на вашу, а можа і на нашу перадачу “Сустрэчы з песняй”. Слухаю яе заўсёды з павагай. Пішуць людзі пра сваё жыццё, свае ўдачы, каханне… Я слухаю і параўноўваю іх жыццё са сваім. Вельмі багата было прыгод за 76 гадоў. А вось у Дзень маці ўсе тыя пражытыя гады зліваюцца ў шчасце. Мяне не забываюць мае дзеці. Сёлета прыйшлі на свята да мяне з вялікім букетам хрызантэм. І так хораша было на душы, ад радасці хацелася спяваць! А я вельмі люблю песні і заўсёды спяваю іх на дачы, калі раблю праполку градак. Узгадала песню з такімі радкамі: ”Ночь принесла нам свежесть, отдых от зноя. Где же ты, друг мой, где же? Жду так давно я…” Перадайце яе, калі ласка”. (Песня “Сердце моё”, Ривчун А., Фадеева О., Юрьева И.) Дзмітрый Васільевіч Казлоў з Магілёва піша: “Часам па радыё можна пачуць старадаўні вальс “Ожидание”. Але гучыць толькі музыка, а хацелася б пачуць не толькі музыку вальса, але і словы да яе. Пачынаецца вальс так: ”Вечерний луч погас, зажглись огоньки над рекой. Старинный русский вальс Играет оркестр удалой”. Перадайце, калі ласка, гэты твор”. Пісьмо Лізаветы Дзмітрыеўны Антановіч (дзявочае прозвішча Божка) з горада Пінска. “З 1953 года я жыву ў горадзе, а мая вёсачка Радоўня сніцца мне кожную ноч. Дзяцінства забрала ваеннае ліхалецце. Рана пайшоў з жыцця бацька. Нас ў мамы засталося чатыры дачкі. Мы вельмі рана сталі дарослымі. Больш за ўсё запомніліся зімовыя вечары. Сядзелі, пралі: мама – авечую воўну, старэйшыя сёстры – лён вышэйшага гатунку, сярэдняя сястра прала лён другога гатунку, а мне даставалася ашмоцце, прала на мяшкі. Колькі перагаворана, колькі народных песень праспявана! А вось зачапіла адна – ”Мой костёр в тумане светит”. Мы ўсе пявунні, а гэту песню мама чамусьці спявала адна. А самая любімая кульмінацыя вячорак – гэта калі мамачка прыносіла з каморы мерзлае тоненькае сала і качан квашанай капусты. Потым – па яблыку і мерзлая рабіна. Толькі калі стала дарослай, я зразумела, як разумна, ненадакучліва нас мама выхоўвала сваімі аповедамі пра жыццё аднавяскоўцаў, казала пра тое, што добра, а што дрэнна. Дзякуй, матуля! Уключыце, калі ласка, у перадачу любімую маміну песню “Мой костёр в туман светит”. А гэты ліст даслаў мінчанін Марат Лявонавіч Шчарбянок з Мінска. “У 80-я гады я быў накіраваны на заняткі ва Ўсесаюзны інстытут павышэння кваліфікацыі Міністэрства хімічнай прамысловасці ў горад Севераданецк. Прыехалі туды і інжынеры з Кемерава, Томска, Беразнякоў, Куйбышава, Падольска, Мурманска, Наваполацка і Магілёва. У групе быў такі дзённы распарадак: у 7 гадзін – на стадыёне гімнастыка, крос, а затым купанне ў возеры. У 8 гадзін – сняданак, з 9-ці да 15-ці – заняткі, потым – вольны час. У выхадныя дні былі экскурсіі па гарадах Украіны. Запомнілася паездка да помніка героям-маладагвардзейцам у горад Краснадон. На шляху туды быў горад Шчасце. Там шафёр аб’явіў прыпынак на 10 хвілін. Выйшлі з аўтобуса. Горад чысты, сонечны, прыгожы. Мне захацелася штосьці пакінуць на памяць. Адарваў тры лісточка каштана, паклаў у кніжку, засушыў. З дынаміка аўтобуса гучалі розныя песні, і ў тым ліку песня “Мальчик хочет в Тамбов”. Яна мне спадабалася. Ішоў час, набліжаліся экзамены. Сусед па пакоі неяк спытаў, які білет я хацеў бы выцягнуць на экзаменах? Адказваю: нумар 9. Чаму? Таму што ў пытаннях гэтага білета закладзена ўся мая паўсядзённая праца. Паклаў у кішэнь лісточкі каштана і накіраваўся на экзамен. Выцягваю білет №9, без падрыхтоўкі адказваю на выдатна. Прывёз лісточкі шчасця дамоў, а праз месяц купілі ў сям’ю легкавы аўтамабіль. Гэта пісьмо прымусіў напісаць фотаздымак, які выпаў з альбома. На здымку – усе маладыя, прыгожыя, энергічныя. На адваротным баку здымка чытаю надпіс: ”група №31 “Абслугоўванне і эксплуатацыя аб’ектаў Дзяржгортэхнагляду”, 29 мая 1982 года, горад Севераданецк”. Падумаў: як хутка ляціць час! Перадайце, калі ласка, песню, якую я пачуў у горадзе Шчасце”. (Песня “Мальчик хочет в Тамбов”, Лима Б., Харин С., Насыров М.) Дарагія сябры! На гэтым наша праграма заканчваецца. Яе падрыхтавалі: аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна і вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё па суботах у 16 гадзін і паўтараецца па нядзелях у 21 гадзіну.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: