
У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі.
На жаль, не ўсе мелодыі, якія вы ўзгадваеце ў сваіх пісьмах, мы можам знайсці, але робім усё магчымае, каб “вярнуць” вам любімыя песні. Мы чакаем ад вас пісем з невялікім успамінам пра тое, дзе вы ўпершыню пачулі любімую песню і якія падзеі былі звязаны з яе з’яўленнем у вашым жыцці.
Чытаю першы ліст. Яго даслаў Мікалай Фёдаравіч Мельнічэнка з гарадскога пасёлка Лоеў Гомельскай вобласці.
“У 50-ыя гады мінулага стагоддзя мы з захапленнем глядзелі ў кіно вясёлую камедыю “Волга-Волга”. У ёй адну з роляў выконваў непаўторны,выдатны акцёр Ігар Ільінскі. У камедыі гучала бадзёрая песня са словамі:
“Эй, грянем сильнее! Подтянем дружнее!”
Прашу ўключыць гэту мелодыю ў вашу праграму”.
(«Молодёжная», Дунаевский И., Лебедев-Кумач В., хор)
Марыя Іосіфаўна Цыкунова з Гомеля піша:
“Я і мае сяброўкі Аксана і Ларыса вельмі любім вашу перадачу. Слухаем кожную суботу і нядзелю. Пішу вам другі раз. Я вельмі любіла сваіх братоў Мішу і Ваню. Яны былі старэйшыя за мяне. Я іх успамінаю вельмі часта, асабліва, калі слухаю вашу перадачу. Калі яны прыязджалі ў адпачынак да мамы, выходзілі ў двор, Ваня іграў на акардэоне, і яны спявалі песні “Голубка” і “Сулико”. А мы з мамай падпявалі. Гэта былі незабыўныя, мілыя сэрцу часы. Калі пачалася вайна, Міша прыбавіў сабе гады і пайшоў ваяваць дабравольцам. Ваяваў да канца вайны, а потым застаўся служыць у арміі да 60-і гадоў. У памяць пра маіх братоў – Міхаіла Іосіфавіча Галубнічага і Івана Іосіфавіча Галубнічага прашу перадаць гэтыя песні. Ваша праграма – гэта гадзіна радасці і ўспамінаў пра сваіх блізкіх і родных”.
(«Голубка», Ирадьер С., Сикорская Т., Трошин В.; «Сулико», народная, ансамбль «Орэра»)
А гэты ліст даслала Валянціна Ігнацьеўна Філіпенка з Мінска.
“Мой тата Ігнацій Максімавіч Філіпенка – удзельнік Першай імперыялістычнай вайны. Ён нарадзіўся яшчэ ў царскі час, у 1896 годзе ў Беларусі. У 1914-м ва ўзросце 18 гадоў быў прызваны на фронт салдатам і прайшоў праз усе жахі той вайны. У 1918-м уступіў у Чырвоную Армію, ваяваў у конніцы Сямёна Будзённага. Паколькі тата ўсё жыццё быў ваенным і служыў у сакрэтных часцях, ён ніколі не ўспамінаў і не расказваў нам, дзецям, пра ўсё, што давялося перажыць і ў час імперыялістычнай вайны і ў час Вялікай Айчыннай. Мы толькі і ведалі, што тата быў неаднаразова паранены і пераадолеў тыф. А цяпер, калі паслухала аўдыёдыск з дакументальна-мастацкай аповесцю Максіма Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне”, многае для сябе адкрыла, у тым ліку і невядомыя дагэтуль старонкі біяграфіі майго таты-салдата. І толькі цяпер зразумела, колькі болю, страху, пакут, жаху давялося перажыць майму адважнаму, мужнаму бацьку ў маладосці. Няхай ў памяць пра тату прагучыць песня “Там вдали за рекой”.
Для нашай слухачкі з Мінска Лівіі Іванаўны Герасімовіч зараз прагучыць “Серенада четырёх кавалеров одной даме” кампазітара Аляксандра Барадзіна. У 60-я гады мінулага стагоддзя гэты твор часта гучаў у эфіры. Выконвае квартэт пад кіраўніцтвам Уладзіміра Раговіча ў складзе спевакоў Кідуля, Шуманскага,Туза і Юневіча.
А гэты ліст даслала Людміла Мікалаеўна Собалева з горада Старыя Дарогі.
“Я – пастаянная слухачка вашай праграмы. Песні мінулых гадоў адрозніваліся ад сучасных меладычнасцю, добрымі вершамі і цудоўным выкананнем. Хіба можна забыць, напрыклад, дуэт Алы Іошпе і Стахана Рахімава? Гэта – прыклад дасканаласці выканання, навыйшэйшая вяршыня! Буду вельмі ўдзячна, калі вы ўключыце ў праграму песню “Ночка луговая” у выкананні гэтага незабыўнага дуэта”.
(«Ночка луговая», Дехтярёв Г., Пришелец А., Иошпе А., Рахимов С.)
Пісьмо Аляксея Іванавіча Буцько з Гродна.
“Хутка прайшло лета гэтага года, усяго 90 дзянькоў, першая палова яго была мокрай, другая – сухой. Але заўсёды ў суботу і нядзелю многія гродзенцы сталага ўзросту накіроўваліся ў зону адпачынку – Пышкі – на танцпляцоўку, патанцаваць або паслухаць музыку, седзячы на лавачцы. Увесь час з узмацняльнікаў тут гучыць розная музыка – хуткая і павольная. Сталы дыск-жакей віншуе некаторых людзей з юбілеямі, а ўсіх – з якімі-небудзь святамі. Любімы яго выраз: ”А цяпер будзе танец узаемных запрашэнняў!” Танцуюць тут парамі і падэспань, і кракавяк. Перадайце, калі ласка, для ўсіх аматараў песень і танцаў на прыродзе вальс Іагана Штрауса “На Прекрасном голубом Дунае”.
(«Голубой Дунай», Штраус И.)
Працягваю чытаць ліст Аляксея Іванавіча Буцько з Гродна.
“Я ведаю спевака Сальваторе Адамо больш за 50 гадоў. Многа цудоўных песень за гэтыя гады давялося праслухаць. Адна з іх, пад назвай “Моё маленькое счастье”, вельмі рэдка гучала па радыё. Яе ніхто з рускамоўных выканаўцаў не спяваў. Не звярнулі на яе пільнай увагі перакладчыкі і не пераклалі тэкст на рускую мову. А песня вельмі добрая, жыццярадасная. Перадайце яе, калі ласка, у вашай праграме”.
(«Моё маленькое счастье», Адамо С.)
Перада мной наступны ліст.
“Піша вам Ніна Іванаўна Шыпкова з вёскі Малочкі Пружанскага раёна. Мне75 гадоў. Пасля вайны ў нашым сяле школы не было, і мы вучыліся па хатах, дзе былі размешчаны класы. У 1956-м пабудавалі новую сямігадовую школу. Наш клас на адкрыцці ставіў канцэрт, бо клас быў выпускны. Успамінаю, як хорам мы спявалі песню, у якой былі словы: ”Веет свежестью ночь сибирская, собрались друзья у костра. Ты навеки нам стала близкою, величавая Ангара”. Вельмі хацелася б пачуць яе ў вашай перадачы. А мае сяброўкі – Ніна Іосіфаўна Барысевіч, Марыя Георгіеўна Кудрына, Лідзія Іосіфаўна Дружэня, Вера Антонаўна Давыдзенка будуць удзячны, калі для іх прагучыць песня “Журавли” у выкананні групы “Белый день”.
(«Расцветай, Сибирь», Мурадели В., Иодковский Э., хор; «Журавли», группа «Белый день»)
А гэта пісьмо даслаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Харытонавіч Саўчук з горада Жабінка Брэсцкай вобласці.
“З вялікай асалодай слухаю заўсёды вашы перадачы ў суботу і нядзелю. Прашу выканаць для мяне і маіх добрых сяброў песню “Берега”. Буду вам вельмі ўдзячны”.
(«Берега», Засухин В., Рыбчинский Ю., Малинин А.)
Пісьмо Анастасіі Фёдараўны Новік з горада Старыя Дарогі.
“Хутка мне споўніцца 90 гадоў, а песні маёй маладосці магу пачуць толькі ў вашай праграме. Быў у час майго юнацтва знакаміты, цудоўны спявак Вадзім Козін. Буду рада пачуць у яго выкананні песню “Мой костёр в тумане светит”.
(«Мой костёр в тумане светит», Садовский Ф., Полонский Я., Козин В.)
Чытаю наступнае пісьмо.
“Піша вам пастаянны слухач з вёскі Драчкава Смалявіцкага раёна Аляксандр Уладзіміравіч Гулік. Вельмі люблю задушэўныя песні і добрую музыку. Аднойчы паглядзеў кінафільм “Портрет жены художника”. У ім гучала вельмі прыгожая музыка Яўгена Догі. На жаль, цяпер я чую яе па радыё і тэлебачанні вельмі рэдка. У кастрычніку ў нашым Драчкаўскім сельскім клубе быў вечар пажылых людзей. На гэту сустрэчу ўпершыню запрасілі і мяне. Гучала музыка, спявалі старыя песні, танцавалі, успаміналі розныя гісторыі з жыцця і, канечне ж, не маглі не ўспомніць перадачу “Сустрэчы з песняй”. Вечар атрымаўся вясёлы і вельмі патрэбны. Хачу сказаць “вялікі дзякуй” дырэктару Драчкаўскага Дома культуры Наталлі Мікалаеўне Кулік і настаўніку Драчкаўскай сярэдняй школы Уладзіміру Міхайлавічу Раманюку за чулае і душэўнае стаўленне да людзей і арганізацыю такога патрэбнага мерапрыемства. Хачу, каб для іх і ўсіх людзей вёскі Драчкава прагучала музыка Яўгена Догі з кінафільма “Портрет жены художника”. Жадаю ўсім моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця”.
На гэтым наша праграма заканчваецца. Яе падрыхтавалі: аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Яўгенія Бельская і вядучы Алег Вінярскі.
Праграма “Сустрэчы з песняй” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё па суботах у 16 гадзін і паўтараецца па нядзелях у 21 гадзіну.