ЮНЕСКА невыпадкова вызначыла дату 13 лютага, бо ў гэты дзень 1946 года выйшла ў эфір радыё ААН.
Прыемна адзначыць, што гісторыя Беларускага радыё на некалькі дзясяткаў гадоў багацей. Сёлета ў нашым Доме радыё на Чырвонай,4 адзначаць прыгожы юбілей – 95 гадоў! Так што 13 лютага − наша генеральная рэпетыцыя вялікага дня нараджэння. Рэпартаж Аліны Страшкевіч пра свята людзей, для якіх радыё – не проста работа.
Для галоўнага дырэктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антона Васюкевіча дзень радыё − кожны дзень. Дома, у дарозе ці на працы − ён заўсёды на хвалі. І ўсё ж свята ёсць свята: добрая нагода далучыцца да сусветнага руху і яшчэ раз расставіць акцэнты.
- Цяпер вельмі шмат выклікаў перад радыёіндустрыяй. Але для нас гэта найперш добрая нагода, каб развівацца. Канкурэнцыя з інтэрнэтам? Мы яе не бачым − мы туды ідзем! Заваёваўем аўдыторыю, развіваем сваю прысутнасць у сацыяльных сетках, у мабільных дадатках. А самае галоўнае для нас тое, што людзі нам давяраюць.
Кожны год у Сусветнага дня радыё − свая тэма. "Радыё і спорт", "Дыялог, памяркоўнасць і свет", а сёлета слоган свята: "Разам мы і ёсць радыёразнастайнасць!" Быццам пра Беларускае радыё! Дынамічная "Сталіца" і маладзёжны "Радыус ФМ", міжнародная "Беларусь" і вытанчаная "Культура". У юбілейны год, дарэчы, увайшла з прыгожым праектам − "Радыё на хвалі мастацтва". Экскурсы ў гісторыю нацыянальнага радыёвяшчання і абавязковы інтэрактыў са слухачамі адбываюцца штомесяц у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, расказвае дырэктар канала "Культура" Беларускага радыё Уладзімір Трапянок.
- Гэты праект будзе доўжыцца аж да лістпада. Плануем яго завяршыць велізарным канцэртам! Прычым запросім на святочную вечарыну супрацоўнікаў усіх пяці каналаў Беларускага радыё, запросім кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, запросім нашых пастянных слухачоў. Гэта будзе такі своеасаблівы падарунак да юбілею Беларускага радыё.
Сучасны эфір Беларускага радыё напоўнены арыгінальнымі інфармацыйнымі, аналітычнымі, пазнавальнымі і забаўляльнымі праектамі. Безумоўна, захоўваюцца і лепшыя традыцыі нацыянальнага радыёвяшчання. Так што сёння вечарам зноў можна будзе "схадзіць" у Тэатр Беларускага радыё. Праграма-легенда (у эфіры амаль 90 гадоў) захавала ў сваіх фондах сапраўдныя скарбы: тую самую "Паўлінку", знакамітага "Караля Ліра", у якім іграў яшчэ Аляксандр Кістаў, дзясяткі іншых шэдэўраў. Залатыя старонкі гартае загадчык аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Галіна Шаблінская.
- Не паверыце, а ёсць такія слухачы, якія мне часам кажуць: "А мы кожны вечар чакаем ваш радыётэатр. Уладкоўваемся, настройваемся і садзімся слухаць". Разумееце, у людзей ёсць такі рытуал − паслухаць вечарам радыёспектакль. Гэта − частка іх жыцця.
Галіна Шаблінская, дарэчы, прыйшла на Чырвоную,4 15 лістапада, у Дзень нараджэння Беларускага радыё. Тады быў таксама юбілейны год. Праўда, шасцідзясяты. А вось яшчэ адна гісторыя, і таксама пра лёс: яшчэ школьніцай Алена Швайко магла гадзінамі слухаць радыёкропку. Аднойчы дзяўчынка нават даслала ў рэдакцыю свой верш! Тады і марыць не магла, што аддасць Беларускаму радыё цэлых 40 гадоў!
- Дзве праграмы я слухала кожны дзень. Гэта былі "Рамантыкі" і "Тэатр ля мікрафона". Уяўляеце − трэба рабіць урокі, рыхтавацца да школы, а я цішком ад бацькоў слухаю радыё. Напэўна, менавіта тады і пачалася мая кар'ера, мой шлях да журналістыкі.
Старонкі ў сацсетках, сучасны сайт, канал на YouTube − гэта пра дзень сённяшні. У тым, што радыё цяпер не толькі слухаюць, а глядзяць і нават чытаюць, кожны дзень пераконваецца Аляксандр Герасімаў.
- Возьмем апошнія прыклады: інтэрв'ю са спеваком Яраславам Еўдакімавым за невялікі час набрала больш як 30 тысяч праглядаў з каментарыямі. І што характэрна − добра працуе адваротная сувязь. Мне іншы дзень даводзіцца адказваць на пытанні і каментарыі каля сотні карыстальнікаў. Бывае, людзі самі падказваюць, сустрэчу з якімі персонамі яны хацелі б пачуць.
Сёння ў Аляксандра напружаны дзень. Як, зрэшты, і ва ўсіх нас. Эфіры, ўключэнні, інтэрв'ю, а яшчэ − віншаванні. Якія запішам на свой рахунак і мы, журналісты Беларускага радыё. Аліна Страшкевіч, «Радыёфакт».