
Вырашыла я асвяжыць уражанні, навагоднія эмоцыі і на выхадныя адправілася з калегамі ў Вільнюс – захацелася акунуцца ў новую святочную атмасферу, пабачыць, параўнаць, паразважаць.
Узгадала, што летась галоўная ёлка суседзяў, што на Кафедральнай плошчы, была прызнаная найлепшай у Еўропе. Было цікава, якая ж атрымалася сёлета? Што ж, таксама арыгінальная, сабраная з жывых ёлачак, і уражвае сваёй мастацкай кампазіцыяй. Галоўнае ўпрыгажэнне – вялікія па памерах механізмы гадзіннікаў, такія колы з завострэннямі. Яны – то ў сярэдзіне такіх жа вялікіх сняжынак, то пераплятаюцца з імі. Кампазіцыя так і называецца “Час”. А вакол ёлкі – традыцыйны калядны кірмаш.
На Ратушнай плошчы ёлка больш сціплая, але таксама ўвешаная вялікімі цацкамі, якія нагадваюць яловыя шышкі. Большую цікавасць тут выклікаюць круглыя шкляныя кіёскі з сувенірамі і гарачымі закускамі.
Ёсць і значная навацыя пад назвай альтэрнатыўны калядны гарадок, які размясціўся на тэрыторыі адноўленага чыгуначнага вакзала. Тут галоўны акцэнт – на якасную вулічную ежу. Яе можна адведаць як у адрамантаваным таварным вагоне, так і ў сучасным вагоне-рэстаране. Акрамя трацыцыйнага кірмашу, у гарадку размясціліся розныя творчыя майстэрні, дзе можна самому распісаць ёлачную цацку ці вырабіць сувенір.
За выключэннем гэтай альтэрнатыўнай навацыі, суседняя сталіца – у звычайным калядным каларыце. Святочную атмасферу ў старым горадзе ствараюць прыгожыя, з густам аформленыя вітрыны, водар смажаных арэшкаў і глінтвейну, утульныя кафэ, дзе на кожным століку стаіць калядная зорка, натуральная ці штучная кветка з навуковай назвай пуан-сеція.
Адно здзівіла: на вуліцах неяк малалюдна, асабліва ўвечары. Толькі на кірмашах невялікія чэргі па гарачы глінтвейн, смажаныя каштаны і імбірныя пернікі. І гэта ў выхадныя!
Вадзіцель мясцовага таксі на такую маю збянтэжанасць адказаў: гэта пакуль. Бліжэй да Каляд на святочны стол вернецца дадому моладзь, якая з’ехала за мяжу ў пошуках большых заробкаў. А на выхадныя, наадварот, з Вільнюса ад’язжаюць дадому тыя, хто прыехаў у сталіцу з перыферыі на свабодныя рабочыя месцы і таксама па большыя грошы. Вось такія міграцыйныя праблемы Літвы можна заўважыць нават у перадсвяточнай мітусні…
Пасля вяртання з Вільнюса не цярпелася паглядзець на нашу галоўную ёлку на Кастрычніцкай плошчы. І вось адразу заўважаю – наша значна вышэйшая. І вельмі-вельмі арыгінальная. Гэта 35-метровае дрэва са штучных ёлачак упрыгожана незвычайнай, так званай піксельнай гірляндай, на якой кожныя 10 секунд мяняюцца рознакаляровыя малюнкі: то гэта геаметрычныя фігуры, то стужкі-дарожкі, то мудрагелістыя ўзоры. Усё зіхаціць, пераліваецца пад адпаведную музыку, і такое відовішча заварожвае, прыцягвае, стварае асаблівую казачную атмасферу.
Яшчэ больш сучасна і стыльна выглядае ёлка ля Палаца спорту. Ёй нават традыцыйная назва не падыходзіць, проста арт-аб’ект, як гавораць знаўцы. Тут няма звыклых хваёвых лапін, толькі бліскучае сярэбранае палатно ўзбіраецца спіраллю на 16-метровую вышыню, ствараючы аб’ёмную выяву ёлкі. Касмічную атмасферу дадае і светлавая ілюмінацыя ў выглядзе шатра, які раскінуўся пад пляцоўкай.
А побач таксама працуюць гандлёвыя домікі з сувенірамі, пачастункамі і гарачым глінтвейнам. У нас ён таннейшы, 200 грамаў каштуюць 3 з паловай рублі, а не 3 еўра, як у Вільнюсе. Праўда, смажаных каштанаў не знайшла, затое з экзотыкі прапануюць смаўжа з часнаком. Дарэчы, тут разам з дранікамі і блінцамі можна пасмакаваць і традыцыйныя літоўскія каўбаскі з тушанаю капустай.
І яшчэ зазначу. У адрозненне ад Вільнюса ў нашай сталіцы багатая светлавая ілюмінацыя. Галоўны праспект наогул, як рознакаляровая светлавая рака. На гэтым акцэнтавалі ўвагу турысты з Расіі, якіх я сустрэла на Кастрычніцкай плошчы. Муж і жонка Таццяна і Алег былі вельмі ўражаны і нашай галоўнай ёлкай, і святочным убраннем Мінска.
Безумоўна, асаблівая атмасфера свята пануе ў абедзвюх сталіцах, Мінску і Вільнюсе. Зразумела, у кожнай свой каларыт, нацыянальнае адценне, арыгінальнае напаўненне. Але сутнасць адна: жаданне радасці, весялосці, яркіх эмоцый, уражанняў і… чаканне спрадвечнага чалавечага шчасця.
Я так думаю. А вы?