Падзяліцца:
«Святы як будні. Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
23 студзеня 2019
«Святы як будні. Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) Скончыўся карагод свят і святкаванняў: афіцыйных, рэлігійных, народных – Каляды і Вадохрышча завяршылі святочны студзень. Ідзе звычайны працоўны тыдзень, калі думкі аб прафесійных абавязках, а не пра падарункі, гаданні, падарожжы… Нехта з жалем уздыхне, маўляў, шкада, так было добра адпачываць-святкаваць. Глядзіце, у суседзяў навагоднія канікулы расцягнуліся ажно на 10 дзён. І наогул, у Расіі на працягу года 12 дадатковых выхадных, якія дае дзяржава ў святы, а гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у свеце. Ёсць падставы некаторым пазайздросціць. А мне падалося цікавым даведацца, колькі ж святочных непрацоўных дзён маюць жыхары іншых краін. Інтэрнэт, як гаворыцца, у дапамогу. Адразу высветліла, што больш за ўсё – 21 – у Індыі. На другім месцы Калумбія і Філіпіны, на год прыпадае 18 святаў. Трэцяе месца дзеляць Кітай і Ганконг, там у календары 17 святочных дзён. Затым ідуць Тайланд, Турцыя, Пакістан – 16 святаў. 15 дзён, акрамя выхадных, адпачываюць жыхары Японіі, Малайзіі, Аргенціны, Швецыі, Літвы і Вьетнама. На адзін менш у Інданезіі, Чылі і Славакіі. 13 святочных дзён на працягу года ў Бельгіі, Аўстрыі, Нарвегіі, на Тайвані і ў Паўночнай Карэі. 12 – у Сінгапуры, Італіі, Даніі, Чэхіі, Люксембургу. Больш за ўсё краін, дзе 10 святочных дзён дабаўляюць да стандартных выхадных, – гэта ЗША, Польшча, Партугалія, Аўстралія, Галандыя, Румынія, Харватыя і Новая Зеландыя. Як у нас, у Беларусі, 9 святочных дзён, адпачываюць у Германіі, Венгрыі і Сербіі. А ў Англіі, Іспаніі і Канадзе такіх дзён 8. Завяршае гэты спіс Мексіка, дзе усяго 7 афіцыйна прынятых святочных дзён на працягу года. І яшчэ некалькі цікавых фактаў. У Японіі, напрыклад, амаль няма знаёмых нам святаў, затое ёсць дні гор, мора, і, што мне асабліва спадабалася, – дзень павагі да старэйшых. У Ірландыі адзначаюць 9 сацыяльных святаў, сярод якіх – першы панядзелак мая, чэрвеня, жніўня і апошні кастрычніка. А ў Кітаі практыкуюцца два так званыя залатыя тыдні, калі некалькі святочных дзён разам з выхаднымі ствараюць поўны тыдзень. Так адзначаюцца кітайскі Новы год і Дзень утварэння КНР. Але кітайцы адпрацоўваюць частку гэтых выхадных на працягу года, як у нас, між іншым. Дарэчы, спецыялісты сцвярджаюць, што працяглыя святы адмоўна ўплываюць на эканоміку. У Расійскім эканамічным універсітэце імя Пляханава падлічылі: з-за прастою вытворчасці падчас навагодніх канікулаў выдаткі склалі трыльён 32 мільярды рублёў. Больш за ўсё страт – у галіне будаўніцтва, металаапрацоўкі і машынабудавання. Такі негатыўны эканамічны эфект пацвердзілі нават у расійскім урадзе. Праўда, некаторыя эксперты лічаць, што праблема больш надуманая, маўляў, эканоміка патроху ліквідуе адставанне. Так ці інакш, але большасць насельніцтва любой краіны радуецца святам, дадатковым выхадным, магчымасці больш адпачыць, сустрэцца з роднымі і сябрамі, набрацца новых уражанняў і эмоцый. А для тых беларусаў, хто любіць вілікія выхадныя, нагадаю: нас чакаюць майскія канікулы: зможам адпачываць ажно 5 дзён, з 5 па 9 мая. Будуць і асеннія канікулы працягласцю 4 дні ў лістападзе. Што да мяне, маіх калег-журналістаў, то для нас святы – асаблівая, але напружаная работа. Першы нацыянальны радыёканал у эфіры кругласутачна, без выхадных. Так што мы аддана працуем і ў будні, і ў святы. Як і людзі многіх іншых прафесій на шматлікіх працоўных месцах. Я ўпэўнена ў гэтым. А вы?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: