
«Эстрадная песня – гэта хутчэй матэматыка, тут важны дакладны разлік, а свае разлікі я раблю добрасумленна», – сцвярджае беларускі кампазітар Сяргей Сухамлін. Гэта, між іншым, тая творчая асоба, якая заўсёды знаходзіцца ў цэтры культурных падзей і паспяхова рэалізуе сябе ў розных творчых амплуа – кампазітар, аранжыроўшчык, аўтар і выканаўца, нарэшце, прадзюсар. І сапраўды, Сяргей Сухамлін – менавіта той чалавек, якога цікавіць абсалютна ўсё ў кампазітарскай прафесіі: эстрадная песня, раманс, музыка да тэатра і кіно, мюзіклы. І ўсё, што выходзіць з-пад яго аўтарскага пяра, адзначана знакам якасці. Сяргей здабыў заслужаны аўтарытэт сярод прафесіяналаў і аматараў эстраднага мастацтва.
У апошні час ён захапіўся здымкай кліпаў і кароткаметражных фільмаў. І гэта не дзіўна, бо ён ратуе за несупакоенасць у творчасці, за адкрыццё новых мастацкіх гарызонтаў.
Сяргей Сухамлін – госць праграмы «Творчы вечар» з Янай Хадоска – з разважаннямі пра творчыя дасягненні, планы, мары, стан сённяшняй беларускай эстрады, а таксама пра захапленні і здаровы лад жыцця.
Праграма за 9 кастрычніка ў 21-05.